4 верасня — Дзень беларускага пісьменства. Карэліччане расказалі, якія кнігі беларускіх аўтараў чытаюць

Надзея ГУРЫН,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы»:


— Я жыву ў гэтай стыхіі і прайсці каля кнігарні, не зайшоўшы туды, не магу. Цікаўлюся сучаснай беларускай літаратурай. Надзённа і актуальна піша наш сучаснік Андрэй Сідарэнка, але ўсё ж душа ляжыць да класічнай літаратуры. Вось закончыла чытаць раман Івана Мележа «Людзі на балоце», на стале ляжыць наступны — Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Перачытваючы гэтыя творы, спасцігаеш кожны раз нешта новае. У іх адлюстравана гісторыя Беларусі, традыцыі, культура. Яны вучаць любіць сваю зямлю і шанаваць тое, што мы маем, і памнажаць яе багацці.

Наталля ВАРАНКО,
жыхарка г.п. Карэлічы:


— Я люблю чытаць кнігі Івана Мележа, Барыса Сачанкі, Вячаслава Адамчыка, з новых аўтараў — Уладзіміра Гаўрыловіча. У іх апавядаецца пра жыццё беларускай вёскі. Кнігі вяртаюць у дзяцінства, успамінаецца, як падлеткамі працавалі на палях, дапамагалі мясцовай гаспадарцы. Хачу назваць любімыя творы: Янкі Брыля «Пішу як жыву», Барыса Сачанкі «Вялікі лес», Вячаслава Адамчыка «Чужая вотчына» і іншыя.

Лізавета ШАВЕЙКА,
вучаніца 11 класа ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы»:


— Мае любімыя творы — «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча і «На ростанях» Якуба Коласа. У апошнім мяне захапіла чулае каханне Андрэя Лабановіча і Ядвісі, станаўленне галоўнага героя як Асобы з Вялікай Літары і лепшага сябра. Я люблю чытаць кнігі беларускіх аўтараў, яны дапамагаюць бачыць жыццё беларусаў без прыкрас і добра перадаюць усе яго плыні. У гэтых творах знаходжу адказы на многія пытанні. Любоў да літаратуры мне прывіла мая настаўніца Надзея Іванаўна Гурын, якая выкладае беларускую мову і літаратуру. Я лічу, што кожны павінен прачытаць хаця б адну кнігу беларускіх класікаў, бо яны могуць даць урокі жыцця.

Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА і з архіва газеты «Полымя»