19 кастрычніка ў Карэлічах прайшоў Дзень прызыўніка

Служба ва Узброеных Сілах сваёй краіны — важны этап у жыцці кожнага мужчыны. Мірнае неба над галавою, спакой грамадзян краіны, яе гонар і годнасць абараняюць салдаты беларускай арміі. Зусім хутка ў яе шэрагі ўступяць 34 прызыўнікі з Карэліцкага раёна, якія сабраліся ў зале дзіцячай школы мастацтваў на ўрачыстыя провады

Перад юнакамі выступіла старшыня Карэліцкай раённай ветэранскай арганізацыі Валянціна Кошур, якая сказала, што абарона Радзімы — пачэсная і ганаровая місія, якая цанілася ва ўсе часы.

Перад будучымі абаронцамі Айчыны выказалася і маці прызыўніка Аляксея Ляўковіча Тамара Ляўковіч:

— Заўжды будзьце ўпэўнены ў сабе, ніколі ні ў чым не сумнявайцеся. Я кажу ад імя ўсіх бацькоў: мы заўжды, у любую хвіліну падтрымаем вас. Шчыра жадаю вам шчаслівай і мірнай службы, надзейных сяброў.

З благаслаўляльным словам звярнуўся да прызыўнікоў звярнуўся супрацоўнік Епархіяльнага ўпраўлення Навагрудскай Епархіі па ўзаемадзеянні царквы з Узброенымі сіламі, святар Андрэй Абрамовіч, які павіншаваў юнакоў з тым, што Радзіма паклікала іх на воінскую службу.

Павесткі у армію ўручыў прызыўнікам старшыня адасобленай групы ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў капітан Сяргей Шалін.

— У Асноўным Законе Рэспублікі Беларусь прапісана: “Абарона Рэспублікі Беларусь — абавязак і свяшчэнны абавязак кожнага грамадзяніна”. Для таго, каб ажыццяўляць абарону, кожны грамадзянін павінен прайсці службу ва Узброеных Сілах, — пачаў своё выступленне Сяргей Аляксандравіч, — Служба ў арміі дапамагае знайсці самых верных сяброў. Армейскае сяброўства ўспамінаецца праз многія годы. Пройдзе дваццаць-трыццаць год, але вы будзеце памятаць таварыша, які стаяў побач у шэрагу, падтрымліваў і дапамагаў у цяжкія хвіліны.

Сваімі чаканнямі ад службы падзяліўся Вадзім Купрыянчык:

— Хачу пайсці ў армію, каб праверыць сябе, даведацца, на што я здольны маральна і фізічна, узмужаць. Вопыт у мяне ёсць: у школе я наведваў ваенна-патрыятычны клуб “Віцязь”, быў у складзе каманды, якая ў 2019 годзе заняла трэцяе месца ў рэспубліканскай ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца”.

Уладзіслаў Кінковіч расказаў, што ў армію ісці гатовы:

— Хочу падцягнуць свой маральны дух, фізічную падрыхтоўку, даведацца нешта новае, знайсці новых сяброў. Да службы адношуся станоўча. Думаю, што кожны юнак павінен адслужыць, каб змагчы, пры неабходнасці абараніць сябе, сваю сям’ю, Радзіму.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара