Староста агрогородка, библиотекарь, мастерица. Наталья Гаркавая рассказывает о том, где ищет источники для вдохновения

Сёлета старастай аграгарадка Аюцавічы стала бібліятэкар Наталля Гаркавая. Жанчыну ведаюць не толькі як добрага спецыяліста, сярод аднавяскоўцаў яна вядома як шчырая маці і руплівая рукадзельніца. Мы накіраваліся ў Аюцавіцкую бібліятэку, каб высветліць, адкуль Наталля чэрпае творчыя сілы і натхненне, як знаходзіць час не толькі працаваць, але і займацца любімай справай. У бібліятэцы сярод кніжных паліц заўважаю шафу з прыгожымі вырабамі, зробленымі рукамі майстрыцы.

— Многа сваіх вырабаў я раздарыла родным і сябрам, — кажа Наталля Іванаўна, — такія падарункі лічу вельмі цікавымі, бо кожны з іх непаўторны. Нават калі ты ствараеш нейкія аднолькавыя вырабы, то ў кожнага з іх усё роўна будзе свая індывідуальная рыса.

— Вы не толькі бібліятэкар, а яшчэ і стараста. Як думаеце, чаму аднавяскоўцы выбралі на такую пасаду менавіта Вас?

— Аб гэтым лепш у людзей спытаць, — з усмешкай адказвае жанчына. — Значыць, я годная гэтай пасады. Я вельмі люблю гутарыць з людзьмі, і яны заўважылі, што я адкрыты чалавек, са мною лёгка. Ад людзей я атрымліваю сілы. Вельмі люблю дзяцей, лічу іх анёламі на зямлі. У іх вельмі адкрытыя сэрцы, чыстыя душы і думкі.

— Раскажыце пра свае захапленні. Калі Вы пачалі займацца рукадзеллем?

—Я ўсё жыццё жыла з ніткамі. Матуля была рукадзельніца, вельмі любіла вышываць, тата таксама быў творчым чалавекам: з віншавальных паштовак рабіў кошычкі, скрыначкі. З дзявятага класа сама пачала нешта рабіць, вязала кручком. Я вучылася ў школе, дзе было шмат творчых дзяцей, мы ўвесь час нешта прыдумлялі, стваралі.

— Дзе і ў чым Вы знаходзіце натхненне?
— Я вельмі люблю наведваць лес, а там натхненне паўсюль. Шышачкі, іголачкі, лісцікі, грыбочкі, нейкія прыгожыя галінкі, карэньчыкі — матэрыял для працы прама пад нагамі. Галоўнае — пільна ўглядацца, і натхненне само з’яўляецца. Да таго ж мой муж — выдатны натхняльнік. Мы жывём разам амаль трыццаць год, і ён мяне ва ўсім падтрымлівае. Калі побач праводзяцца нейкія святы, мы таксама наведваем іх разам. Там мяне не адвесці ад вырабаў майстроў, разглядаю, фатаграфую, канспектую. Часам здараецца, што не можаш знайсці ідэю для вырабу, сядзіш, круціш гэты лісток у руках, потым знойдзеш кропку, з якой ён выдатна выглядае і далей ужо адштурхоўваешся ад гэтага, майструеш.

— Як атрымліваецца знайсці на ўсё час?
— Праца бібліятэкара заключаецца не толькі ў тым, каб кніжку выдаць і забраць потым назад. Калі ты ўсё робіш правільна і своечасова, з’яўляецца шмат вольнага часу. Сяджу, працую. Да таго ж я тут праводжу гурток для дзетак. Яны прыбягаюць да мяне са школы, мы што-небудзь з імі майструем, клеім, лепім, ім гэта вельмі падабаецца. У дзяцей невычарпальная фантазія. Бывае, што малодшыя і на перапынку да мяне прыбягаюць, я ім тлумачу, што перапынак — час, за які яны павінны адпачыць і падрыхтавацца да наступнага ўрока. А вечарамі мы з імі паспяваем яшчэ і гарбаты папіць. Здаралася, што зімой заседжваліся з выхаванцамі да позняга вечара, бацькі не тэлефанавалі, не шукалі, ведалі — іх дзеці са мною. А я пасля працы на сваёй машыне развозіла іх па дамах. Паспяваю яшчэ і да старых людзей наведацца (мы арганізуем для іх надомнае абслугоўванне), пагутарыць з імі. Гэта вельмі мудрыя і адкрытыя людзі. Я ў іх яшчэ падгледжу што-небудзь, у іх старыя вырабы на паліцах, вышыванкі на канапах, усё так прыгожа, таксама знаходзіш натхненне.

— Якіх поспехаў дасягнулі Вашы выхаванцы?
— За дваццаць год працы іх назбіралася вельмі шмат. Калі пералічваць усе, то атрымаецца вялікі артыкул на ўсю газету, — смяецца Наталля. — Мы ўдзельнічаем ва ўсіх конкурсах, якія праводзяцца. Цікава паглядзець, чым займаюцца іншыя, ну і, як кажуць, сябе паказаць. Пра перамогі казаць не буду, не лічу, што гэта галоўнае. Хаця, зразумела, прыемна, калі гучыць імя твайго навучэнца.

— З якім дэвізам Вы крочыце па жыцці?
— Неабходна жыць з адкрытым сэрцам. Я заўважаю, калі адкрываешся людзям, то і яны да цябе цягнуцца.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара