Ірына Бондарава прадставіла Карэліччыну на фестывалі прыгажосці ў Бераставіцы (+відэа)

Сімвалам «Дажынак-2022» стаў вянок. Гэты атрыбут — значны сімвал у беларусаў. Здаўна лічылася, што ён абараняе ад нячыстай сілы, хваробаў і чарадзейства. Таксама вянок належыць да лiку асноўных атрыбутаў вясельнага абраду. Яго шлюбная сімволіка замацавалася ў любоўнай мaгii i шматлікіх варожбахГалоўны сімвалічны сэнс вянка маладой — увасабленне дзявоцкасці.

Вянкі-сімвалы свайго рэгіёна прадэманстваралі на абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2022»  удзельніцы фестывалю прыгажосці «Вянок маладосці». Карэліцкую зямлю з гонарам прадставіла кіраўнік народнага ансамбля «Забава» Ірына Бондарава. Яе вянок быў выкананы з калоссяў новага ўраджаю і ўпрыгожаны кветкамі льну, які з’яўляецца сімвалам карэліцкай зямлі. Колер сукенкі прыгажуні сімвалізуе квітнеючае льняное поле.

Творчы квінтэт «Імпульс», якім таксама кіруе Ірына, выступаў на сцэне разам з ёю. Песня, якую выканалі карэліччане, нагадала прысутным аб прыгажосці і мілагучнасці нашай роднай мовы, якую назвалі «вядомым брэндам» нашай краіны.

— На сцэне са мною быў квінтэт “ІмПульс”, якім я кірую. Ён створаны зусім нядаўна, у ім удзельнічаюць маладыя, энергічныя, таленавітыя людзі. Мы пастараліся выбраць адпаведную песню — сучасную, запамінальную, якая адлюстроўвала наш настрой. Яна называецца “Сіні васілёк”. Гэтая кветка з’яўляецца сімвалам нашай любай Радзімы, а яе колер падобны да колеру кветкі льну — сімвала нашага раёна, — расказвае Ірына, — Спяваць на такой сцэне і бачыць выдатную зваротную сувязь публікі ў выглядзе апладысментаў варта многага. Мы вельмі рады, што менавіта нам выпала такая хвалюючая, адказная, але ў той жа час ганаровая місія — прадстаўляць Карэліцкі раён на абласных “Дажынках-2022”. Я лічу, што мы дасягнулі сваёй мэты, годна прадставілі наш рэгіён.









Відэа з выступлення  глядзіце ў раздзеле Shorts на нашым Ютуб канале

Сяргей СТОЛЯР

Фота і відэа аўтара