Участник проекта “Ровесники молодой Беларуси” заместитель начальника Кореличского РОЧС Анатолий Шёлк: «Нужно идти к своей цели и никогда не сдаваться»
Зразумець, хто такі выратавальнік, можна ўжо па самой назве прафесіі. Менавіта гэтыя людзі першымі прыбываюць на дапамогу ў экстрэмальных сітуацыях і дапамагаюць ліквідаваць іх наступствы. Аварыйна-выратавальныя брыгады разбіраюць завалы пасля выбухаў і абвалаў, працуюць у зонах паводак і пажараў, месцах падзення самалётаў і экалагічных катастроф. Выратавальнікаў часта лічаць героямі, але самі сябе яны так не называюць. Мы пагаварылі аб службе ў МНС з намеснікам начальніка Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях установы “Гродзенскае абласное ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь” Анатолем Шолкам.
— Анатоль Анатольевіч, раскажыце, чаму Вы выбралі менавіта такую прафесію?
— У годзе, напэўна, 2005, калі я яшчэ вучыўся ў школе, да нас прыйшлі людзі з МНС на прафарыентацыю, зацікавілі. Некалькі разоў мы наведвалі Навагрудскую пажарную станцыю з экскурсіяй, мне там вельмі падабалася, захапляла прафесія, быт выратавальнікаў. У сёмым класе я паступіў у клас МНС у пятай школе Навагрудка, адвучыўся там і паступіў у Салігорскі дзяржаўны горна-хімічны каледж на аддзяленне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, а ў 2013 г. адвучыўся ў Гомельскім інжынерным інстытуце МНС Рэспублікі Беларусь.
— Што больш за ўсё падабаецца ў працы?
— Тое, што мы дапамагаем людзям, абараняем іх. Гэта галоўнае наша прызванне.
— Ці ёсць недахопы ў вашай прафесіі?
— Яны ўсюды ёсць. Няма іх толькі там, дзе нічога не робіцца. Калі ты працуеш, ставіш перад сабой мэты, задачы, недахопы, цяжкасці будуць узнікаць. Не трэба апускаць рукі. Зразумела, увагу на іх ты звяртаеш, робіш вывады. Трэба імкнуцца, ісці да сваёй мэты, нягледзячы на недахопы і цяжкасці.
— Якім быў Ваш першы выезд?
— Я прыйшоў на практыку ў Навагрудскі РАНС у лютым 2009 года. Па вуліцы Суворава быў пажар, гарэла сажа ў дымаходзе. Памятаю, што было вельмі холадна. Што тычыцца працы, то першы выезд быў летам 2011 года. У вёсцы Ваўковічы гарэла гаспадарчая пабудова, на вуліцы была спякота. Прыехалі, патушылі, адпрацавалі. Мяне, па традыцыі, калегі аблілі вадой — прынялі ў пажарныя. Гэта быў своеасаблівы абрад ініцыяцыі.
— Работа выратавальніка нялёгкая. Што дапамагае Вам адпачыць?
— Дом, сям’я, дзеці. Спорт — я гуляю ў футбол, з’ўляюся членам зборнай каманды па лыжных гонках і валейболе. Але ў асноўным — сям’я.
— Як Вашы блізкія ставяцца да Вашай прафесіі?
— Нармальна. Жонка адносіцца да гэтага з разуменнем. Дочкі яшчэ маленькія, адной шэсць, другой усяго два. Старэйшая ведае, што яе тата — выратавальнік, таму што і ў дзіцячым садку, і ў школе мы расказваем пра сваю работу.
— Калі раптам Вашы дзеці вырашаць звязаць свой лёс са службай у МНС, Вы будзеце за ці супраць?
— Вядома, я іх падтрымаю, калі яны самі гэтага захочуць. У мяне пазіцыя, як і ў маіх бацькоў — усе добрыя пачынанні падтрымліваць і дапамагаць, а не перашкаджаць ці адгаворваць. Калі хадзіць на тую работу, да якой не ляжыць сэрца, то з часам пачнуцца праблемы: ты не будзеш выконваць яе якасна, а калі і якасна, то без душы. Таму буду падтрымліваць любы іх выбар, каб яны змаглі ажыццявіць свае мары.
— Што пажарныя робяць паміж выклікамі?
— Усё згодна з распарадкам дня, як кажуць. Як у звычайным жыцці: заступілі на службу, правялі заняткі — мы ўвесь час удасканальваем свае ўменні і навыкі, затым нясём службу. Хтосьці займаецца гаспадарчымі работамі, хтосьці — транспартам, узбраеннем, хтосьці нясе вахту. Потым фізкультурная гадзіна, займаемся спортам. Затым асабісты час, калі кожны займаецца тым, што, напрыклад, не паспеў зрабіць днём, альбо нейкімі асабістымі справамі. У начны час па чарзе нясём службу. Пакуль усе спяць, хтосьці дзяжурыць (сочыць за тэрыторыяй, сустракае тых, хто прыходзіць у часць, высвятляе мэту наведвання).
— Што можаце параіць тым, хто збіраецца атрымаць такую ж прафесію, як у Вас?
— Хачу пажадаць, каб ажыццявілі сваю мару, каб сталі пажарнымі, папоўнілі нашы шэрагі. Наша братэрства выратавальнікаў вельмі моцнае, тут няма выпадковых людзей. Бывае, што яны прыходзяць, але надоўга не затрымліваюцца, разумеюць, што гэта не іх справа. Можа быць, яны і адпрацоўваюць першы кантракт, але потым адсейваюцца. Застаюцца людзі, па-сапраўднаму адданыя сваёй справе. Таму і параіць хачу знайсці сябе ў гэтым жыцці і быць адданым свайму прызванню.
Сяргей СТОЛЯР
Фота з архіва героя