Участница проекта «Ровесники молодой Беларуси» заведующий Кореличской районной поликлиникой Ольга Орсич: «Главное для врача — доброе сердце»

Быць загадчыкам паліклінікі — цяжкая і адказная задача. Неабходна пастаянна быць на сувязі з урачамі, ведаць амаль ці не кожную драбнічку, адказваць за яе. Аб сустрэчы з загадчыкам Карэліцкай раённай паліклінікі Вольгай Орсіч мы дамовіліся загадзя, але ўсё роўна прыйшлося пачакаць — Вольга Вікенцьеўна прымала ўдзел у відэаканферэнцыі.

— Вольга Вікенцьеўна, як і калі Вы вырашылі стать урачом?

— Яшчэ ў школе, класе ў дзявятым. Я сама з Жухавіч, там працуе ўрач Вольга Фёдараўна Саўко, якая мяне калісьці лячыла. Яна мне заўжды падабалася, гэта мой гуру. Прафесія ўрача мяне прываблівала, падабаліся хімія і біялогія. Так усё склалася адно да аднаго, і ў 2009 годзе я паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.

— Ці былі складанасці падчас вучобы?

— Вядома, вучыцца было няпроста. Выкладчыкі былі вельмі строгімі, патрабавальнымі. Цяпер разумею, што такая пазіцыя была неабходнай. Яны давалі нам веды, патрабавалі грунтоўнай падрыхтоўкі, а цяпер гэтыя веды я прымяняю на практыцы.

— Чаго чакалі ад прафесіі і ці спраўдзіліся чаканні?

— У мяне не было думак аб тым, што я кожны дзень буду ратаваць жыццё людзям. Я адносілася больш рэалістычна да гэтага. Я проста хацела лячыць дзяцей, гэтым і займаюся, так што мае чаканні амаль цалкам апраўдаліся.

— Якімі якасцямі павінен валодаць сапраўдны ўрач?

— Чалавечнасць і добрае сэрца. Неабходна любіць сваю прафесію, людзей. Падабаецца працаваць з дзецьмі: з імі заўжды прасцей і весялей было.

— Як Вы знаходзіце падыход да дзяцей?

— Да мяне яны заўсёды ішлі з ахвотай, давяралі мне. Я размаўляю з імі, стараюся зацікавіць. Бывае, што і ў гульнявой форме шукаю нейкія падыходы да іх. І мамы да мяне добра ставяцца, не было такога, каб канфлікты здараліся.

— Вы прыйшлі працаваць у 2016 годзе, а ўжо праз 6 год сталі загадчыкам паліклінікі. Раскрыйце Ваш сакрэт поспеху. Як так хутка падняцца па кар’ернай лесвіцы?

— У верасні гэтага года на сустрэчу з маладымі спецыялістамі да нас прыязджаў старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Уладзіслаў Галяк, які даў слушную параду: “Не зацыклівайцеся толькі на працы. Вельмі важна, каб вас заўважылі і ў грамадскай працы, неабходна паказаць сябе — і вас заўважаць”. Вось і сакрэт. Я актыўна займалася спортам, прымала ўдзел у спаборніцтвах па настольным тэнісе, валейболе. Актыўна ўдзельнічала ў грамадскіх мерапрыемствах. Не скажу, што на працы былі нейкія заўвагі. Спачатку мяне назначылі раённым педыятрам, потым я, напэўна, як спецыяліст спадабалася галоўнаму ўрачу, і мяне назначылі загадчыкам.

— Кажуць, што ўрач — не прафесія, а служэнне, значыць, ён павінен забыць пра сябе, пра грошы, пра сям’ю. Што думаеце аб гэтым?

— Пра сям’ю дакладна не магу забыць. Але бывае такое, што пра сябе мы сапраўды забываем. На бальнічны, напрыклад, няма калі схадзіць.

— Як адпачываеце пасля работы?

— Дома разрадка. Адпачываю з сям’ёй, у ёй знаходжу расслабленне, у звычайных хатніх клопатах.

— Калі б была магчымасць вярнуцца ў мінулае і змяніць свой лёс, ці сталі б Вы зноў урачом?

— Не бачу сябе ў іншай прафесіі. Раней думала пра гэта, прыкідвала, кім бы я магла быць. Была думка стаць педагогам, але я не ўмею тлумачыць, мне не хапае цярпення. Калі вучылася ў школе, спрабавала тлумачыць хімію аднакласнікам, і мне здавалася, што там усё зразумела, што я ім “разжавала” тэму, а яны мяне не разумелі — мяне гэта злавала, я думала: “Ну як можна не зразумець, усё ж проста!”. Тады я вырашыла, што педагог з мяне ніякі.

— Якія парады Вы можаце даць бацькам сваіх пацыентаў?

— Хочацца, каб некаторыя бацькі былі больш адказнымі. У дзіцяці тэмпература, а ім усё роўна. А ты сядзіш дома і перажываеш, таму што ў дзіцяці, асабліва маленькага, на гэтым фоне можа быць усё, што заўгодна. Бываюць выпадкі, калі бацькі замест лекаў лечаць дзяцей адварамі, настойкамі. Быў у нас выпадак, калі ў дзіцяці быў цяжкі бранхіт, развівалася абструкцыя, а бацькі не хацелі адпускаць яго ў бальніцу. Прыйшлося ўгаворваць, пісаць тлумачальную запіску, што мы бяром на сябе адказнасць за тыя прэпараты, якія даём. З такімі бацькамі цяжка. Зразумела, што яны перажываюць і па іх адносінах відаць, што яны любяць сваіх дзяцей. Дзеткі дагледжаныя, выхаваныя. Проста ў людзей такія погляды на жыццё, яны супраць “хіміі”. Адсюль выходзіць другая парада — давярайце дактарам. Наша задача — дапамагчы дзеткам.

— Як равеснік маладой Беларусі, ці адчуваеце адказнасць за яе далейшы лёс?

— Так. Як і кожны грамадзянін краіны. Далейшы лёс краіны ў дзецях, яны наша будучае. А мая задача ў тым, каб яны — раслі здаровымі.

Галоўны ўрач Карэліцкай ЦРБ Данута Скварада:

— Гэта таленавіты ўрач. Унікальны чалавек, які вельмі граматна выконвае сваю работу, вельмі хутка ўнікае ў складаныя пытанні і, галоўнае, — выконвае пастаўленыя задачы, не шукае прычыны, каб штосьці не рабіць альбо перакласці на кагосьці іншага. Спакойная, упэўненая. Вядома, ёй яшчэ неабходна вучыцца. Мы таксама пачыналі і многага не ведалі, таму стараемся дапамагаць, калі ўзнікаюць цяжкасці. Але я бачу ў ёй патэнцыял і ведаю, што ў яе ўсё атрымаецца.

 

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара