Карэліцкія перадавікі сельскай гаспадаркі атрымалі ўзнагароды на абласных «Дажынках-2022» у Вялікай Бераставіцы (+відэа)
Шчырых і адданых герояў сельскай працы, сапраўдных гаспадароў сваёй зямлі віталі на абласным свяце хлебаробаў «Дажынкі-2022», які адбыўся 1 кастрычніка ў гасціннай Вялікай Бераставіцы.
У гэты дзень пасёлак ператварыўся ў цэнтр нацыянальнай культуры: паўсюль гучала народная музыка, а па вуліцах хадзілі людзі ў традыцыйных строях. Прадстаўнікі кожнага раёна ад самага рання шчыравалі на сваіх падворках, якія былі размешчаны ўздоўж вуліцы Леніна. Сваё пачэснае месца займаў і падворак Карэліцкага раёна, дзе можна было азнаёміцца з прадукцыяй ААТ «Карэлічы-Лён», КСУП «Лукі-Агра», а таксама паслухаць музыку ў выкананні ансамбля народнай песні і музыкі “Цырынскія музыкі”.
На Ратушнай плошчы, дзе была размешчана выстава конкурсных снапоў і караваяў «Сімвал Жыцця», кожны жадаючы мог палюбавацца вынікам працы руплівых хлебаробаў.
Адной з цэнтральных падзей мерапрыемства стала святочнае шэсце «Ад зярнятка да каравая». Традыцыйна адкрывалі шэсце знамяносцы са сцягамі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскай вобласці і фестывалю-ярмаркі «Дажынкі-2022».
Павіншаваць аграрыяў Гродзеншчыны прыехалі пачэсныя госці: Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Леанід Заяц, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Ігар Брыло, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Андрэй Худык, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю Віктар Лісковіч, першы намеснік старшыні аблвыканкама Юрый Валяваты, Старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі Дзмітрый Матусевіч і іншыя.
Першым трымаў слова Уладзімір Каранік:
— Сёлета нашы работнікі аграпрамысловага комплексу чарговы раз прадэманстравалі, што ўмеюць рупліва і эфектыўна гаспадарыць. Дзякуючы багатаму вопыту, высокаму прафесіяналізму і інавацыйным тэхналогіям па шэрагу паказчыкаў атрыманы рэкордныя вынікі. Намалочана звыш паўтара мільёна тон зерневых каласавых культур, а з улікам рапсу і зерня кукурузы ёсць магчымасць унесці ў засекі Радзімы больш за два мільёны тон. Такі поспех не выпадковы. За ім стаіць зладжаная сумесная праца, цеснае ўзаемадзеянне, здольнасць аддаваць сябе без астатку справе жыцця, працаваць з душой і сэрцам. Звонкім залатым коласам зноў гучыць крылатае выслоўе: дзе яднанне – там перамога. І «Дажынкі» з’яўляюцца нагляднай дэманстрацыяй нашага адзінства. Дзякуй за працавітасць і адказнае стаўленне да справы, вытрымку і высокую самааддачу. Жадаю ўсім нам новых поспехаў на карысць роднай Беларусі. Толькі мірнага неба над галавой, добрага надвор’я і багатых ураджаяў. Хай год ад года цяжэе хлебны колас і становіцца багацей родная зямля.
Сімвалам «Дажынак-2022» стаў вянок. Старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік выканаў ганаровую місію перавязаць жніўны вянок Гродзенскай вобласці.
Сярод аграрыяў, якіх узнагародзіў Уладзімір Каранік, — Іван Мялешка, вадзіцель СВК «Свіцязянка-2003», які атрымаў Падзяку абласнога выканаўчага камітэта.
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў зачытаў прывітальны адрас аграрыям рэгіёна ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
«Дарагія сябры!
Ад усёй душы віншую хлебаробаў Гродзеншчыны з паспяховым завяршэннем уборачнай кампаніі.
Дзякуючы такім людзям, як вы, добрасумленным, адказным, гаспадарлівым, рэгіён па праве з’яўляецца адным з прызнаных лідэраў па ключавых паказчыках сельскагаспадарчай вытворчасці ў краіне і працягвае дынамічна развівацца.
Гэты год — яркае таму пацвярджэнне. У вобласці сабрана больш за паўтара мільёна тон каласавых культур, вырашчаны дастойны ўраджай рапсу. Ідзе актыўная ўборка цукровых буракоў, агародніны, кукурузы і бульбы.
Перакананы, што і ў далейшым захаванне багатых традыцый, граматная расстаноўка прыярытэтаў і ўкараненне перадавых тэхналогій у земляробстве дазволяць вам годна вырашаць актуальныя задачы, якія стаяць перад аграпрамысловым комплексам Беларусі.
Жадаю вам моцнага здароўя, мірнага неба над галавой, вялікага асабістага шчасця і высокіх ураджаяў», — сказана ў віншаванні Прэзідэнта.
Наступным на ўрачыстую сцэну падняўся Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, які сказаў, што харчовая бяспека – гэта той складнік, які забяспечвае ўстойлівае развіццё эканомікі нашай краіны, годнае жыццё нашых грамадзян.
— Вы сваімі высокімі вынікамі і працай робіце ўсё магчымае, каб Беларусь развівалася, станавілася яшчэ больш лепшай і прыгожай. Дзякуй вам за вашу працу, — сказаў Аляксандр Рыгоравіч.
Таксама Аляксандр Вальфовіч узнагародзіў Падзякай Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь старшыню ўнутранай службы Кохана Юрыя Алегавіча, камандзіра аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №13 Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Госцем «Дажынак» стаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю Віктар Лісковіч, які зачытаў прывітальны адрас старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай.
— Паважаны Уладзімір Сцяпанавіч, паважаныя працаўнікі аграпрамысловага комплексу Гродзенскай вобласці!
Ад імя Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыміце самыя шчырыя і сардэчныя віншаванні са святам ураджаю «Дажынкі-2022». Гродзенскі край здаўна славіцца працавітымі жыхарамі і моцнымі традыцыямі. Адна з іх — ушанаванне людзей, якія працуюць на зямлі, любяць сваю Радзіму і клапоцяцца пра тое, каб на нашым стале заўсёды быў хлеб.
Сабраны ўраджай — вынік штодзённай карпатлівай працы, майстэрства, самаадданасці і выразнай арганізацыі працоўных калектываў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў рэгіёна.
Добрасумленна працуючы і ў будні, і ў выхадныя, праяўляючы прафесіяналізм і высокую адказнасць, вы ўносіце неацэнны ўклад у рашэнне важных сацыяльных задач, умацаванне харчовай і эканамічнай бяспекі нашай краіны.
Дзякуй вам за вашу няпростую, напружаную і важную працу, гаспадарскае стаўленне і адданасць справе, забеспячэнне ўстойлівага развіцця аграпрамысловага комплексу. Жадаю вам усім далейшых поспехаў і новых дасягненняў у імя працвітання нашай роднай Беларусі. Моцнага вам здароўя, шчасця і дабрабыту, міру і дабра, цяпла і выгоды ў вашых дамах і сем’ях, — сказана ў прывітальным адрасе.
Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Леанід Заяц адначыў, што Гродзеншчына — развіты аграрны рэгіён:
— Намалочана больш за паўтара мільёна тон збожжа з ураджайнасцю больш за 50 цэнтнераў з гектара. Шэсць раёнаў забяспечылі валавы намалот больш за 100 тысяч. Дзве гаспадаркі – СВК «Гродзенскі» і СВК імя В. І. Крамко – маюць ураджайнасць звыш за 100 цэнтнераў з гектара. Гэта высокі вынік, які характарызуе аграрыяў Гродзенскай вобласці як адных з самых лепшых, самых прафесійных аграрыяў нашай краіны. Дзякуючы вам, паважаныя працаўнікі, наша краіна мае годныя паказчыкі ва ўборцы бягучага года. Разам з рапсам і кукурузай чакаем больш за 11 мільёнаў тон. Упершыню такі паказчык за ўсю суверэнную гісторыю нашай рэспублікі. Прыемна адзначыць, што мы цалкам забяспечылі аб’ём харчовага збожжа, падрыхтавалі якаснае насенне і забяспечылі грамадскую жывёлагадоўлю ў поўным аб’ёме уласным фуражом, што гарантуе далейшае развіццё нашага айчыннага аграпрамысловага комплексу і гарантуе харчовую бяспеку нашай дзяржавы.
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло ў сваім выступленні падзякаваў працаўнікам вёскі за іх нялёгкую працу і ўручыў заслужаныя ўзнагароды.
— Нашы аграрыі могуць ганарыцца сёння не толькі тым, што здольныя накарміць свой народ. Аграрная галіна ўвайшла ў адну з лідзіруючых у цэлым у экспартным караваі краіны. І гэты год не будзе выключэннем. Мы ўпершыню ў гісторыі прыйдзем да лічбы 8 млрд долараў. І зноў жа Гродзеншчына займае тут вельмі годнае месца. Якія б санкцыі не ўводзіліся, але больш чым у сотню краін свету ідзе наша прадукцыя, беларускія брэнды вядомыя паўсюдна. Тэхнолагі нашых перапрацоўчых прадпрыемстваў, можна сказаць, адны з лепшых у свеце, а тэхнолагі Гродзеншчыны – адны з лепшых у краіне, — адзначыў Ігар Вячаслававіч.
Падзяку Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь з рук міністра атрымаў брыгадзір вытворчай брыгады ў раслінаводстве СВК «Маяк-Заполле» Іван Гавака.
Перад працаўнікамі вёскі выступіла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта:
— Шчыра віншую ўсіх хлебаробаў, якія здабылі такі важкі ураджай. Дзякуй усім за такое цудоўнае свята пад мірным небам. Усе словы ўдзячнасці ўсім хлебаробам Гродзеншчыны, жадаю дабрабыту, росквіту нашаму Прынеманскаму краю і ўсёй мілай і любай Беларусі.
Алена Васільеўна ўручыла ўзнагароды ад Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў аграрыям вобласці, сярод якіх і начальнік транспартнай службы ААТ «Карэлічы-Лён» Аляксандр Ваўчок.
— Неацэнным укладам, які вы ўносіце са свайго боку ва ўмацаванне харчовай бяспекі нашай як вобласці, так і краіны ў цэлым, ганарыцца кожны беларус, — звярнуўся да хлебаробаў Гродзеншчыны першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрый Валяваты, і ўручыў аграрыям заслужаныя ўзнагароды. Галоўны інжынер КСУП «Лукі-Агра» Генадзій Жыгала атрымаў Дыплом камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Гродзенскага аблвыканкама.
Старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Барыс Казялкоў таксама ўручыў узнагароды перадавікам сельскай гаспадркі. Ганаровай граматай Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу адзначаны старшыня СВК «Маяк-Заполле» Віктар Маковік.
Ганаровай граматай Прэзідыума савета Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў узнагародзілі трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці СВК «Жухавічы» Сяргея Касцюка.
Традыцыйна абласны фестываль «Дажынкі» кожны год запрашае гасцей у новы рэгіён Гродзеншчыны. У наступным годзе права прыняць у сябе лепшых хлебаробаў вобласці прадаставілася Зэльвенскаму раёну.
Відэа глядзіце ў раздзеле Shorts на нашым Ютуб канале
Сяргей Столяр
Фота аўтара