Четверых детей-сирот взяли на воспитание супруги Светлана и Виталий Штейн из Жуховичей

Людзі, якія адважыліся ўзяць на выхаванне чужых дзяцей, сапраўды павінны валодаць не толькі вялікім сэрцам, але яшчэ мужнасцю і цярпеннем. І тады ёсць упэўненасць, што чужое дзіця стане па-сапраўднаму родным. У прыёмнай сям’і Святланы і Віталія Штэйн з Жухавіч з любоўю і трапятаннем гавораць аб усіх дзецях, што па волі лёсу апынуліся ў іх сям’і. Сама па сабе напрошваецца выснова: для іх статус прыёмных бацькоў – не прафесія, а нешта значна большае.

– Ідэя ўзяць на выхаванне дзіця, якое мае патрэбу ў клопаце і ласцы, узнікла сама па сабе, – успамінае Святлана Канстанцінаўна. – Мы з мужам любім дзяцей, калі бачым, што малым патрэбна дапамога, гатовыя кожнаму працягнуць руку, падарыць свой клопат і цеплыню. Упершыню прыёмнымі бацькамі сталі ў 2009 годзе, калі з  Сацыяльна-педагагічнага цэнтра нашага раёна  прывезлі дадому брата і сястру Даніка і Аліну. Яны па ўзросце былі такімі ж, як нашы дзеці. З тых часоў наш дом заўсёды быў поўны дзіцячымі галасамі. Але час няўмольна ляціць наперад. Выраслі дзеці і выляцелі з хатняга гнязда. Сын служыць у арміі, дачка вучыцца ў Нясвіжскім педагагічным каледжы, марыць стаць выхавальнікам дзіцячага садка. Прыёмныя дзеці таксама  ўладкаваныя: Данік працуе, Аліна вучыцца.  яны наведваюцца ў госці, тэлефануюць, цікавяцца, віншуюць са святамі. І тады міжволі прыходзіш да высновы, што ўсё было недарма.

Калі нам у жніўні 2020 года прапанавалі ўзяць на выхаванне Кірыла, мы пагадзіліся. Спачатку з хлапчуком  было складана, але праз паўтара года ён прывык да нашых патрабаванняў, падцягнуўся ў вучобе, стаў больш стрыманым,  дапамагае ва ўсім па гаспадарцы, і цяпер ён першы памочнік.

Да нашай размовы са Святланай  далучыўся і сам Кірыл.  Пра сябе распавёў, што вучыцца ў восьмым класе, з задавальненнем ходзіць у школу, мае шмат сяброў. А потым дадаў,  што, жывучы ў прыёмнай сям’і, авалодаў усімі асновамі сельскага жыцця і цяпер ведае, як саджаць бульбу, вырошчваць агародніну, карміць жывёл і перакананы, што,  калі хочаш чаго-небудзь дасягнуць у жыцці, трэба шмат працаваць.

Пераводжу погляд на прыёмную дачушку Светачку, якая сядзіць за сталом. І Святлана Канстанцінаўна расказвае, што дзяўчынка ў іх сям’і жыве  са студзеня 2022 года. Банальная гісторыя: нядбайныя бацькі, прытулак, пазбаўленне бацькоўскіх правоў, прыёмная сям’я. І вось дзяўчынка-маўчуння ў доме, дзе пануюць любоў, павага, дзе прывіваюць любоў да працы, вучаць правільна вызначаць станоўчае і адмоўнае ў сваіх учынках. Які б ні быў цяжкі перыяд адаптацыі, Святлана Канстанцінаўна ўпэўнена ў тым, што зусім хутка дзяўчынка будзе адчуваць сябе паўнапраўнай гаспадыняй гэтага дома і з радасцю адкажа на тыя пытанні, на якія сёння адказаць не захацела або пасаромелася.

На парозе  з’яўляецца і гаспадар дома Віталій Канстанцінавіч. Святлана Канстанцінаўна гаворыць пра яго, як пра добрага працаўніка і чалавека.

– Я б схлусіў, калі б сказаў, што мы з жонкай ніколі не задумваліся, ці правільна робім, беручы на выхаванне дзяцей з прытулку, – кажа Віталій Канстанцінавіч. – Але мы ніколі не шкадавалі пра гэта. Як бы ні было цяжка,  разам вырашалі ўсе пытанні, якія тычыліся выхавання дзяцей. Спачатку было цяжка прыстасавацца і нам, і дзецям, але цяпер яны, мне здаецца, зразумелі, што іх любяць і жадаюць толькі дабра.

Пазнаёміўшыся з такімі  цудоўнымі людзьмі, не перастаеш імі захапляцца. Яны сапраўды шчаслівыя людзі з гарачымі сэрцамі, дзе ёсць месца любові, павазе, ўзаемаразуменню, бо ўсё гэта яны робяць  ад усяго сэрца, выконваючы  асаблівую місію на зямлі. Такая роля прыёмных бацькоў: любіць, прымаць, дапамагаць, але, у выпадку рэабілітацыі біялагічных бацькоў і аднаўлення пазітыўнага стаўлення іх да дзяцей  – адпусціць…

Кацярына КУКАНАВА        

Фота аўтара