Как начать свое дело, рассказывает владелица салона «Мечта» из г.п. Кореличи Наталья Чубрик

Апошнім часам у Карэлічах адзін за адным сталі ўзнікаць салоны прыгажосці, якія дапамагаюць сваім кліентам выглядаць на ўсе сто. Мы гутарым з уладальніцай салона “Мара” Наталляй Чубрык аб тым, як яна вырашыла пачаць сваю справу, з чым узнікалі цяжкасці і чаму важна ажыццяўляць свае мары.

— Наталля, ці доўга вагаліся перад тым, як пачаць працаваць на сябе?

— Вельмі доўга. Гэта была мая мара. Я 16 год працавала ў дзяржаўнай структуры, але марыла аб тым, каб адкрыць сваю справу. Маленькую, але сваю.

— Якія паслугі Вы аказваеце? Хто Вам дапамагае?

— Аказваю паслугі па манікюры, педыкюры. Усё раблю сама, ад самага пачатку да цяперашняга дня.

— Як рэкламавалі свой салон?

— Інтэрнэт — вялікая сіла. У асноўным, уся рэклама была ў сацыяльных сетках “ВКонтакте” і “Instagram”. Сын рабіў рассылку. Разносілі візітоўкі, расклейвайлі лістоўкі.

— Раскажыце падрабязней, як адкрылі салон, з якімі цяжкасцямі сутыкнуліся.

— Усё рабіла за свае грошы. Збіралі на мора, але вырашылі адкрыць салон. Самае складанае напачатку — праца з паперамі. Трэба было сабраць усе допускі, дазволы. З памяшканнем цяжкасцей не было — мне так удала патэлефанавалі акурат на мой дзень нараджэння і прапанавалі на выбар два памяшканні. Мы з сяброўкаю прыехалі, паглядзелі. Спыніліся на гэтым. Патрэбен быў рамонт, адсутнічала вада, але мы з сяброўкай (яна малайчына, ва ўсім мяне падтрымлівае) прыступілі да справы.

— На Вашу думку, што абавязкова павінна быць у салоне прыгажосці?

— Захаванне санітарных нормаў, апрацоўка інструментаў, якасныя матэрыялы і багатая палітра. Але ўсё ж я ўпэўнена, што апрацоўка — самае асноўнае, бо гэта бяспека людзей. У мяне не проста так стаіць апарат для апрацоўкі інструментаў, акрамя гэтага, я заводжу для кожнага кліента свой расходны матэрыял, у мяне ўсё складзена, падпісана.

— Раскажыце, калі ласка, пра сваіх кліентаў. Ці адсочваеце метрыку паўторных зваротаў?

— Канешне. Усе кліенты вяртаюцца, ніхто не сыходзіць, дадаюцца новыя. З’яўляюцца пастаянныя кліенты. Летам прыходзіць вельмі шмат дачнікаў. Бывае, гараджане прыязджаюць да бацькоў на выхадныя, прыходзяць да мяне, я стараюся падладзіцца пад іх. Бывае, што і ў 9 вечара просяць зрабіць ім манікюр — стараюся не адмаўляць. Трэба ў 9 — зробім!

— Ці атрымліваеце задавальненне ад працы ў салоне?

— Канешне, гэта маё. Калі прыходжу сюды, адчуваю сябе вольнай, натхнёнай. Ёсць такія кліенты, якія кажуць, што прыйшлі нібыта да псіхолага. Яны мне давяраюць, а мне гэта прыемна.

— Падзяліцеся планамі на будучае.

— Развівацца і працаваць! Хачу арганізаваць месца для цырульніка, планую браць дзяўчат на працу. Я займаюся валасамі: прычоскі, укладкі, але не вельмі сур’ёзна, хоць і скончыла адпаведныя курсы. Рабіць усё самой цяжка, пакуль упор раблю на манікюр і педыкюр. Калі з’явіцца чалавек, гатовы займацца прычоскамі, будзем пашырацца.

— Чым займаецеся, акрамя б’юці-паслуг?

— Маё хобі — букеты з цукерак. Іх замаўляюць на розныя мерапрыемствы, нядаўна вось на вяселле рабіла.

— Якую параду можаце даць людзям, якія плануюць адкрыць сваю справу?

— Неабходна спрабаваць. Рызыка апраўдана, калі ёсць цікавасць. Я доўга ішла да гэтага, але ні разу не пашкадавала.

 

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара