Чем Мирская поликлиника привлекла молодых врачей Екатерину Ложечник и Викторию Савощик

Прафесія медыка так проста не даецца. Шэсць гадоў вучобы ў медыцынскім універсітэце, практыка, пастаянная праца над сабой. Бо прафесійная сіла – гэта не толькі веды, але і стаўленне да людзей. Прафесіяналаў у нашай краіне ў самых розных сферах вельмі шмат – ад медыцыны і навукі да адукацыі і прамысловасці. Усе яны калісьці былі маладымі спецыялістамі. Многія родам з глыбінкі і ахвотна вяртаюцца на сваю маленькую радзіму. Нездарма існуе народная мудрасць: “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”. Ва ўстанове аховы здароўя “Мірская гарадская паліклініка” пераканаліся ў праўдзівасці выказвання. Менавіта тут працуюць два маладых урача – ураджэнца Карэліччыны.

Загадчык установы аховы здароўя “Мірская гарадская паліклініка”, урач агульнай практыкі Кацярына Ложачнік расказала, што ў 2017 годзе скончыла Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт і прыехала на працу ў г.п. Мір. Сама дзяўчына з г.п. Карэлічы, вучылася па мэтавым накіраванні. Яшчэ малой, калі даводзілася бываць у дзіцячай кансультацыі, заўсёды захаплялася людзьмі ў белых халатах, да якіх усе ішлі па дапамогу. У школе любіла біялогію, падабалася працаваць з мікраскопам. Усё гэта і вызначыла прафесійны выбар. Скончыла лячэбны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і стала ўрачом агульнай практыкі.

– Лічу, што гэта вельмі адказны ўчастак работы. Здавалася б  звычайны тэрапеўт, але на самой справе, атрымліваючы адукацыю ў вышэйшай навучальнай установе,  прайшла паглыбленую прафесійную падрыхтоўку, атрымала рознабаковыя веды і навыкі ў розных галінах медыцыны. Таму ўрач агульнай практыкі можа працаваць не толькі з пацыентамі з прастуднымі захворваннямі,  а і   з сур’ёзнымі паталогіямі.  Сярод пацыентаў большая частка – гэта людзі сталага ўзросту, з імі працаваць больш складана. Да кожнага з іх важна знайсці падыход, быць уважлівым, каб паставіць дакладны дыягназ. Прафесія мне вельмі падабаецца, я рада, што калісьці зрабіла правільны выбар і ганаруся тым, што сваёй працай прыношу карысць свайму роднаму раёну.

Педыятр Вікторыя Савошчык дзеліцца:

– Я нарадзілася і вырасла ў г.п. Карэлічы. З  дзяцінства марыла стаць урачом. Спачатку вельмі хацелася быць стаматолагам, але спыніла свой выбар на педыятрыі. Любоў да прафесіі  мне прывівалі з дзяцінства. Мая мама працавала медсястрой у стаматалогіі,  цяпер яна – медсястра ў дзіцячым садку. Магчыма, гэта яна рэалізавала свае мары ва мне. Я люблю сваю работу,  мне вельмі пабадаецца аказваць дапамогу маленькім пацыентам. Калі прыступіла  да выканання  абавязкаў на сваім першым рабочым месцы,  вельмі хвалявалася. Кожны прыём хворых дзетак  – унутранае хваляванне: “Раптам у мяне не атрымаецца”, “а вось разгублюся”. Лічу, што мне вельмі пашанцавала з калектывам, дзе прынялі вельмі цёпла і гасцінна. Удзячная   медсястры Марыне Дунец, якая заўсёды падтрымлівала, была са мной побач, была ўпэўнена, што ў мяне ўсё атрымаецца, бо я імкнуся дапамагаць людзям. Працуючы з 2017 года ў паліклініцы, я цвёрда пераканана, што заўсёды трэба быць сабранай, адказнай, думаць,   каб прыняць адзінае правільнае рашэнне і дапамагчы дзеткам, якія маюць патрэбу ў маёй дапамозе.  Перад кожным з нас сёння стаіць важная задача: пераймаючы вопыт старэйшых калег-настаўнікаў, стаяць на варце самага каштоўнага, што ёсць у чалавека, – яго здароўя.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара