Полвека рядом рука об руку. Николай и Анна Ложечник из агрогородка Турец отпраздновали золотую свадьбу
Пяцьдзясят гадоў крочаць па жыцці разам Ганна Лявонцьеўна і Мікалай Мікалаевіч Ложачнікі з аграгарадка Турэц. Як ім гэта ўдаецца, як захоўваюць светлае пачуццё, чым напоўнены іх будні, пацікавілася журналіст раённай газеты «Полымя» падчас сустрэчы.
— Вы памятаеце свой дзень знаёмства?
Ганна: «Гэта быў 1969 год. На Казлоўшчынскі ветэрынарны ўчастак прыслалі практыканта — майго будучага абранніка Мікалая. Я вучылася ў Слонімскім медвучылішчы і прыехала дамоў да бацькоў. Мы сустрэліся ў вёсцы Буйкі Дзятлаўскага раёна».
Мікалай: «Яна ішла па вясковай вуліцы, і я заўважыў прывабную і вясёлую дзяўчыну. Яна мне ўсміхнулася — і маё сэрца замерла. З гэтага часу пачаліся спатканні, якія доўжыліся чатыры гады. У 1972 годзе пажаніліся».
— Якім было вяселле: вялікім і шыкоўным ці сціплым і ў невялікай кампаніі?
Ганна: «Вяселле на той час было багатым. Гулялі тры дні, было шмат гасцей. Было цёплае надвор’е і цудоўны настрой. Яно запомнілася надоўга, як і пажаданні, якія сталі арыенцірам у жыцці».
Мікалай: «Памятаю да сённяшняга дня ўсё да драбніц: як выпраўлялі бацькі маладую дружыну на дзятлаўскую зямлю па нявесту, як сустрэлі музыкі, як трэба было даць добры выкуп за маладую…»
— Моцная сям’я — моцная дзяржава. Якія рысы характару трэба праяўляць, каб захаваць яе?
Ганна: «Мудрасць, цярпенне, дабрыню, а таксама ўзаемаразуменне і ўзаемапавагу. Каб захаваць сям’ю, павінен быць узаемадавер. Трэба кахаць і быць падтрымкай таму, хто побач з табою крочыць па жыцці».
Мікалай: «Я б жыццё параўнаў з ракой, якая бярэ свой пачатак з маленькага ручайка, калі дзве душы зліваюцца разам. Жыццёвыя прытокі ўліваюцца далей, і рака становіцца шырэй. Нараджаюцца дзеці, у дзяцей — свае дзеці, і людская рака становіцца больш паўнаводнай. У нашым узросце яна плаўна ўліваецца ў міравы акіян».
— Якое месца адводзіце ў жыцці працы? Абраная прафесія была па душы?
Ганна: «Я вельмі люблю сваю прафесію. Медыцыне прысвяціла 52 гады. Прадаўжаю працаваць загадчыцай Ушанскага ФАПа. Праца для мяне — любімы занятак, які прыносіць задавальненне для душы і матэрыльную падтрымку».
Мікалай: «Пачынаў сваю працоўную дзейнасць ветэрынарным урачом саўгаса імя Янкі Купалы Воранаўскага раёна. Я займаў кіруючыя пасады ў сельскай гаспадарцы Карэліцкага раёна. Пайшоў на заслужаны адпачынак з упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама дванаццаць гадоў таму. Праца мне прыносіла задавальненне».
— Жыццё ў сельскай мясцовасці звязана з працай на зямлі. Якія ў вас адносіны да яе?
Ганна: «Я люблю працаваць на зямлі. Саджу розную гародніну і мноства кветак. Зямля для мяне — радасць і натхненне, дае бадзёрасць і сілы».
Мікалай: «Я — вясковы, з вёскі Жукі Карэліцкага раёна. Бацькі ўсё жыццё працавалі на зямлі. Мне вельмі лёгка даецца праца на прысядзібным участку. Вырошчваем раннія агуркі, памідоры, зеляніну, бульбу. Дарэчы, у нас яе пяць сартоў. Зямля корміць, дае сілу, матэрыяльную падтрымку».
— Мы гутарым напярэдадні Дня пажылых людзей. Залаты ўзрост для вас — узнагарода лёсу?
Ганна: «На заслужаным адпачынку жыццё прадаўжаецца. Хочацца жыць, а не дажываць. Рабіць тое, што па душы і радуе сэрца. Праца дапамагае чалавеку падтрымліваць тонус жыцця».
Мікалай: «Я стараюся намячаць сабе планы на пэўны адрэзак часу і іх выканаць, каб атрымаць задавальненне ад працы. Самае галоўнае, што ўсё робім разам».
— Што прыносіць задавальненне для душы?
Ганна і Мікалай: «Любім не толькі працаваць, але і адпачываць на прыродзе. Часта выязджаем на азёры, наведваем замкі. Хочацца ўзбагаціцца духоўна».
— Не так даўно ў Турцы праходзіла свята кветак. А вы кветкі любіце?
Ганна: «Я пастаянна наведваю культурныя мерапрыемствы, якія праходзяць у аграгарадку Турэц і за яго межамі. Я люблю кветкі і люблю іх дарыць».
Мікалай: «Люблю, калі кветкі цвітуць з ранняй вясны да позняй восені. Мае любімыя — сальвіі. Яны чырвоныя, квітнеюць да першых замаразкаў. Дапамагаю сваёй гаспадыні па доглядзе за імі».
— Дзеці — радасць і шчасце. Яны апраўдалі вашы надзеі?
Ганна: «Дачка Таццяна працуе ўрачом-кардыёлагам у 4-й клінічнай бальніцы г. Мінска. Сын Ігар — навуковы сакратар замкавага комплексу «Мір». Я моцна люблю сваіх дзяцей і ўнукаў і ганаруся імі»
Мікалай: «Дзеці — надзея і падтрымка. Яны наведваюць бацькоўскі дом амаль кожныя выхадныя, і іх прыезд для нас — свята».
— Па вашым меркаванні, у чым заключаецца шчасце?
Ганна: «Як чалавек здаровы, ён шчаслівы».
Мікалай: «Трэба, каб побач быў чалавек, які цябе падтрымае і зразумее ў любую хвіліну».
— Вашы пажаданні маладым сем’ям.
Ганна: «Любові, узаемаразумення, даверу».
Мікалай: «Знаходзіць асалоду ў працы, яна — аснова асноў».
Галіна СМАЛЯНКА
Фота з сямейнага архіва герояў публікацыі