У Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці зладзілі свята з нагоды Дня маці (+ відэа)
Цёплы кастрычніцкі дзень на гадзіну-другую перанёсся ў актавую залу Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Тут ладзілі свята для цудоўнай паловы чалавецтва, якая носіць ганаровае імя — Маці. Колькі іх жыве, працуе і выхоўвае дзяцей на Карэліччыне! Той «залаты спіс», якая трымала ў руках напярэдадні правядзення ўрачыстасці, уражваў па-асабліваму. У іх ліку — прадстаўнікі розных прафеісй і розных узростаў, але ўсіх аб’ядноўвае адно — любоў для дзяцей, якую яны праносяць праз усё жыццё і служаць для іх сапраўдным абярэгам у жыцці.
Хто яны, гераіні сённяшняга дня, каго вылучылі сёлета ў Дзень маці для ўшаноўвання? Хочацца пачаць аповед менавіта пра маці загінулых воінаў-афганцаў Соф’ю Васільеўну Філончык і Валянціну Георгіеўну Кузьміцкую. Нягледзячы на самую дарагую страту ў жыцці — сваіх сыноў, яны прадаўжаюць жыць і захоўваюць любоў да іх, каго забралі Нябёсы. Хочацца нізка схіліць галаву перад іх мужнасцю і ад імя ўсіх маці сказаць: «Нам не патрэбна вайны!».
Як цудоўна, што ў нашым раёне жывуць жанчыны, жыццё якіх можна назваць подзвігам. Вось яны: маці 7 дзяцей, жыхарка аграгарадка Ярэмічы Аксана Барысаўна Назарэвіч і Любоў Еўдакімаўна Ашурко з вёскі Некрашэвічы, якая выхавала 6 дзяцей — яны ўзнагароджаны ордэнам Маці. У гэтым спісе і прыёмная маці з упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Уладзіміраўна Адзярэйка з аграгарадка Райца, якая за час функцыянавання прыёмнай сям’і выхавала і дала адукацыю 5 дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, зараз выхоўвае 3 непаўналетніх.
На ўрачыстасць запрашаліся жанчыны-маці, якія поруч са сваімі мацярынскімі абавязкамі па прафесійным абавязку займаюцца выхаваннем дзяцей. Ну, як ні скажыце, мама ў квадраце, не інакш! Мы ўслаўляем працу педагогаў, якія імкнуцца выхаваць у вучнях сапраўдных грамадзян краіны! Магчыма таму ў ліку больш чым 30 запрошаных на ўрачыстасць з нагоды Дня маці нямала прадстаўніц педагагічнай галіны раёна: педагог-арганізатар дзяржаўнай установы адукацыі «Райцаўская сярэдняя школа» Таццяна Віктараўна Шышкір, намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце ўстановы адукацыі «Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж» Жанна Аляксандраўна Канановіч, трэнер-выкладчык дзяржаўнай установы «Дзіцячая юнацкая спартыўная школа» Тамара Уладзіміраўна Прохар і іншыя. У ліку адзначаных на свяце таксама нямала працаўніц народнай гаспадаркі раёна, якія сваёй добрасумленнай працай мацуюць дабрабыт краіны.
Старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў шчыра павіншаваў прысутных у зале з Днём маці. Аляксандр Віктаравіч назваў маці галоўным чалавекам у жыцці, чые мудрыя ўрокі застаюцца з намі назаўсёды, і яна засцерагае нас ад бедаў і няшчасцяў. Ад яе залежыць дабрабыт у сям’і і мір у краіне. Яе роля прызнана на дзяржаўным узроўні, а сям’я і мацярынства — сацыяльнымі прыярытэтамі.
У Карэліцкім раёне — 208 шматдзетных маці, у сем’ях якіх выхоўваецца 684 дзіцяці. 25 маці ўзнагароджаны ордэнам Маці, і сёлета гэта капілка будзе папоўнена яшчэ адной высокай узнагародай. На свяце ордэн Маці ўручаецца маці 5 дзяцей Ганне Леанідаўне Пятросавай.
На ўрачыстасць завітала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання Эльвіра Сарока. Нагадаўшы пра Дзень маці і Дзень бацькі, парламентарый адзначыла ролю бацькоў: вы далі жыццё дзіцяці — і радуецеся яго дасягненням. Выказала словы ўдзячнасці за нялёгкую працу, якая дае добры плён, дзеці з’яўляюцца прадаўжальнікамі традыцый сваіх бацькоў. Пажадала, каб у дамах заўсёды чуўся дзіцячы смех, а над галовамі было заўсёды мірнае неба. Эльвіра Аляксееўна зачытала Прывітальны адрас ад старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай, у якім ёсць такія словы: «Няма даражэй на свеце жанчыны, якая падарыла жыццё».
Намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыня РА РГА «Белая Русь» Яўген Чычкан назваў Дзень маці самым светлым, яркім, цудоўным святам. Слова «мама» застаецца з намі на ўсё жыццё, і няма эпітэта, які б можна з ім параўнаць. І куды б не заносіла жыццё, мама чакае нас з любой дарогі. Таму дарослыя дзеці павінны помніць пра сваіх маці, і ад іх, як і ад унукаў, яны павінны атрымліваць толькі радасць.
Яўген Мікалаевіч адзначыў, што на сучасным этапе шмат увагі ўдзяляецца шматдзетным і апякунскім сем’ям, а пра тыя, у якіх выхоўваецца адно ці два дзіцяці, забываецца. Таму з нагоды святкавання Дня маці выказаў словы ўдзячнасіц кіраўніцтву арганізацый і гаспадарак раёна, якія дэлегіравалі на ўрачыстасць такіх маці, бо яны носяць такое ганаровае імя і сумленна выконваюць свае мацярынскія абавязкі.
У сваім выступленні благачынны Карэліцкай акругі, протаіерэй Мікалай Орса нагадаў гісторыю свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Людзі заўсёды спадзяваліся на Яе і прасілі дапамогі ў сваіх справах, а гэтае свята было і засталося любімым у хрысціян.
«Усе мы можам называць святую Багародзіцу сваёй маці, — сказаў святар і назваў Яе самым родным чалавекам, якому мы павінны быць удзячны за тое, што жывём на гэтай зямлі.
Мікалай Орса пажадаў усім прысутным удзячных дзяцей, і каб яны заўжды памяталі пятую запаведзь Божую: «Шануй бацькоў сваіх, і добра табе будзе, і доўгагадовым будзеш на зямлі».
На ўрачыстасці былі прадстаўлены лепшыя нумары мастацкай самадзейнасці, якія падарылі з нагоды Дня маці выканаўцы творчых калектываў раёна. Сапраўды, творчасць работнікаў культуры не мае межаў, яна глыбока кранае душу, а пацвярджнне таму — гучныя апладысменты ў зале.
СЛОВА — УДЗЕЛЬНІКАМ СВЯТА
Наталля БЛАШКО,
аператар трасільнага абсталявання
ААТ «Карэлічы-Лён»:
— 14 кастрычніка, 8 гадоў таму, прыйшла працаваць на ААТ «Карэлічы-Лён». За гэты час стала прафесіяналам сваёй справы. Працавала раскладчыкам сыравіны, а цяпер — аператарам трасільнай машыны. Работу сваю люблю. Ганаруся тым, што наша сыравіна ідзе нават за мяжу.
Я маці траіх дзяцей. Анастасія працуе лагапедам у Стаўбцоўскім дзіцячым садзе, Валодзя — у РАНС вадзіцелем, Кацярына — у Гродзенскай абласной бальніцы бухгалтарам. Маю 5 унукаў, якіх моцна люблю.
Кіма ГАЛІЦКАЯ,
кладаўшчык
ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка»:
— У арганізацыі — з 2005 года. Мая работа матэрыяльна-адказная, бо працую з запчасткамі і гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Я імкнуся добрасумленна выконваць свае абавязкі.
Я вельмі шчаслівая мама: маю 2 дачок, 2 зяцёў і 3 унукаў. Усіх моцна люблю. Яны жывуць побач: старэйшая дачка Наташа ў Карэлічах, а Насця — у Палужжы. Гэта вельмі добра, бо мы сустракаемся і падтрымліваем адзін аднаго. Старэйшы ўнук Улад пайшоў у першы клас сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы, і я была вельмі рада. Дзеці і ўнукі — маё шчасце і надзея.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота і відэа Сяргея СТОЛЯРА