На кладбище в деревне Медвядка Кореличского района прошел массовый субботник
У Карэліцкім раёне працягваецца практыка сустрэч мясцовай улады з насельніцтвам. Падчас адной з такіх сустрэч неабыякавыя жыхары вёскі Мядзвядка звярнуліся да органаў улады з просьбай аказаць садзеянне ва ўборцы кустоўя на старых пахаваннях у гэтым населеным пункце.
У даўніну гаварылі, што талакой усё лягчэй. Вось і мясцовыя жыхары дружна выйшлі, каб навесці парадак на старых могілках. Да працоўнай акцыі далучыліся прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна: РАНС, раённы вузел паштовай сувязі, райспажыўтаварыства, Карэліцкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб, ДУА «Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Карэліцкага раёна», установы адукацыі раёна, РЭС, РУП ЖКГ, КСУП «Племзавод Карэлічы», ДЛГУ «Мірскае лясніцтва».
У ход пайшлі трымеры і бензапілы, вяскоўцы зграбалі лісце, зносілі галлё, звозілі смецце.
Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня РА РГА «Белая Русь» Яўген Чычкан адзначыў:
— Прыемна было адгукнуцца на просьбу жыхароў вёскі, бо ініцыятарам справы выступілі самі вяскоўцы. Добра ўсведамляць, што ёсць такія неабыякавыя людзі, якія гатовы выйсці і папрацаваць для агульнай карысці. Мы заўсёды звяртаем увагу прадстаўнікоў духавенства і мясцовых сельвыканкамаў на праблему закінутых могілак, і калі да гэтай справы далучаюцца самі вяскоўцы — гэта самы дзейны спосаб навядзення парадку. Спадзяюся, што парадак будзе падтрымлівацца, і да гэтага пытання больш не давядзецца вяртацца.
Рабочы Карэліцкага РУП ЖКГ Уладзімір Сіневіч гаворыць:
— Калі людзям патрэбна дапамога, то чаму б не адгукнуцца. Пазіраеш на іх твары, бачыш усмешку і адчуваеш, што і ты адзін з тых, хто не абыякавы да памяці продкаў.
Дэпутат па Мядзвядскай выбарчай акрузе, стараста вёскі Мядзвядка, Вольга Космач выказала сваё меркаванне:
— Вельмі прыемна, калі органы ўлады не на словах, а на справе чуюць і падтрымліваюць ініцыятыву мясцовых жыхароў. Гэта наш агульны клопат, мы вельмі хочам, каб і на старых могілках былі чысціня і парадак. Маем вялікае жаданне даць другое жыццё царкве, якая знаходзіцца на тэрыторыі могілак. Для яе рэстаўрацыі жыхары сабралі сродкі, і ўжо вядуцца работы. Асабіста ад сябе і ад усіх вяскоўцаў хочацца выказаць словы падзякі старшыні райвыканкама Генадзію Шатуеву за падтрымку нашай справы.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара