В Кореличах идеологический актив обсудил вопросы импортозамещения по-белорусски

На чарговыя заняткі ідэолагі Карэліччыны сабраліся ў аддзеле культуры і вольнага часу «Карэліцкі маладзёжны цэнтр культуры». Семінар-вучоба праведзена пад кіраўніцтвам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Нэлі Маісеенка.

«Харчовая бяспека Рэспублікі Беларусь ва ўмовах эканамічных санкцый. Імпартазамяшчэнне як нацыянальны праект і комплексная стратэгія эканомікі» — асноўная тэма адзінага дня інфармавання. Слова трымала

начальнік аддзела эканомікі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Марына Бурак. Прамоўца адзначыла, што цяперашняя сітуацыя на сусветным рынку — шанс для беларускай сельскай гаспадаркі, якая традыцыйна з’яўляецца адной з важнейшых галін эканомікі і галоўным складальнікам аграпрамысловага комплексу нашай краіны. Харчовая бяспека Беларусі забяспечваецца за кошт уласнай вытворчасці. У 2021 годзе ўзровень самазабеспячэння па асноўных групах харчавання перавышае 100%: па малочнай прадукцыі — 263, 3; алею —228,2; цукру — 154,4; мясу — 134,2; яйках — 127,7; агародніне і бахчавых — 101,8, бульбе — 100 працэнтаў.

Вядзецца работа па павелічэнні вытворчасці алею айчыннай вытворчасці і яго паставак на ўнутраны рынак краіны. Наша краіна ў поўным аб’ёме забяспечыла запыты ўнутранага рынку ў бульбе і садавінна-агародніннай прадукцыі. Ураджайнасць збожжавых у цэлым па краіне таксама вышэй мінулагодняга паказчыка і складае 36,4 ц/га (+5,9 ц/га да 2021 года). Геаграфія экспарту нашай прадукцыі налічвае больш за 100 краін. Найбольшая ўдзельная вага ў экспарце прадукцыі прыходзіцца на краіны СНД (у Расійскую Федэрацыю —  80%).

У сваім выступленні начальнік аддзела эканомікі звярнула ўвагу і на пытанні імпартазамяшчэння. У Беларусі імпартазамяшчэнне датычыць, перш за ўсё, тавараў і паслуг першай неабходнасці і паўсядзённага попыту. Сёння ў гандлі 60% складаюць беларускія тавары. У харчовай галіне за першае паўгоддзе 2022 года назіраўся рост вытворчасці імпартазамяшчаючых тавараў. У тым ліку на экспарт тавараў адгружана на 14,8 % больш, чым у аналагічным перыядзе мінулага года.

Прыкметныя поспехі дасягнуты ў імпартазамяшчэнні абсталявання і тэхнікі. У Беларусі асвоена вытворчасць камп’ютарных тамографаў, сродкаў індывідуальнай абароны, тэст-сістэм для дыягностыкі каранавіруса. Айчыннымі медыцынскімі вырабамі традыцыйна закрываецца патрэбнасць арганізацый аховы здароўя нашай краіны ў нізкапаточных дыялізатарах, эндапратэзах тазабедраных суставаў, шырокай наменклатуры металаканструкцый для лячэння пераломаў і г. д.

Адзін з накірункаў імпартазамяшчэння — гэта актывізацыя супрацоўніцтва з сяброўскімі краінамі. Яркі прыклад — супрацоўніцтва Беларусі і Расіі — ад асваення касмічнай прасторы да стварэння суперкамп’ютараў, вырабаў оптаэлектронікі, прадукцыі АПК. Перспектыўным накірункам супрацоўніцтва з’яўляецца атамная і аднаўляльная энергетыка.

Напрыканцы прамовы Марына Бурак нагадала, што ў Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт А. Р. Лукашэнка падкрэсліў: «Гэта сапраўдная вайна, і рэакцыя на санкцыі можа быць толькі адна — мабілізацыя, пошук новых магчымасцей для развіцця. Іншага не дадзена…»

Старшы інжынер сектара арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны Карэліцкага РАНС Андрэй Мурычанкоў расказаў аб правілах бяспекі пры наведванні лясоў і недапушчэнні гібелі дзяцей на пажарах. У першым выпадку, трэба паведаміць сваякам і сябрам аб сваім візіце ў лес, апрануць яркае адзенне, узяць з сабой мабільны тэлефон і г.д. Нагадаў аб тым, што  існуе прылажэнне «Помощь рядом», з ім трэба азнаёміцца і  ўстанавіць у сваім гаджэце. Калі заблудзіліся ў лесе, неабходна пазваніць па тэлефоне «101» альбо «112», паведаміць свае каардынаты і заставацца на  адным месцы. Што датычыць пытання дзіцячага свавольства з агнём, то прамоўца заклікаў прымаць меры перасцярогі — запалкі хаваць у недаступным для дзяцей месцы.

Аб прафілактыцы траўматызму на вытворчасці вёў  гутарку галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ламан. Сяргей Сяргеевіч заклікаў ідэолагаў праводзіць растлумачальна-прафілактычную работу на месцах, каб папярэдзіць няшчасныя выпадкі на вытворчасці. Найчасцей яны здараюцца ў сельскай гаспадарцы і па віне пацярпелых.

Прамоўца адзначыў, што за 9 месяцаў 2022 года ў Гродзенскай вобласці ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці пацярпела 148 чалавек, з іх 11 загінула. За аналагічны перыяд 2021 года атрымалі вытворчыя траўмы 176 чалавек, з іх — 4 загінулі. Сапраўды, ёсць над чым задумацца.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Нэлі Маісеенка  заклікала ідэолагаў раёна не здымаць з сябе адказнасці і праводзіць растлумачальную работу сярод насельніцтва, заставацца пільнымі, захоўваць свае жыцці і жыцці сваіх дзяцей.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ