Палаты повышенной комфортности и пилотный проект «Заботливая поликлиника». В текущем году на укрепление материально-технической базы учреждений здравоохранения Кореличского района затрачено почти 400 тысяч рублей

З першага жніўня бягучага года ва ўстанове аховы здароўя  “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца” адкрыта дзевяць палат павышанай камфортнасці: тры палаты ў хірургічным, чатыры палаты ў тэрапеўтычным і дзве  ў педыятрычным аддзяленнях.

Палаты павышанай камфортнасці стацыянара створаны з улікам патрэб пацыентаў падчас лячэння. Гэта двухмесныя палаты, у кожнай з іх маецца халадзільнік, тэлевізар, электрычны чайнік, мікрахвалевая печ, набор посуду. Для размяшчэння асабістых рэчаў пацыентаў прадугледжаны ёмістыя шафы, тумбачкі. Выкананы якасны сучасны рамонт, які стварае дадатковы камфорт для пацыента пры праходжанні курса лячэння.

Галоўная медыцынская сястра УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” Наталля Сакалова расказала пра палаты павышанай камфортнасці:

—  Мы стараемся стварыць добрыя ўмовы для нашых пацыентаў, максімальна набліжаныя да хатніх. Акрамя высокага ўзроўню камфорту, яны маюць магчымасць атрымаць прафесійны кругласутачны догляд. Калі, трапіўшы ў бальніцу, пацыент выказвае жаданне знаходзіцца ў палаце павышанай камфортнасці, яму неабходна заключыць дагавор з бальніцай на аказанне платных, немедыцынскіх паслуг. Перад тым, як заключыць дагавор і правесці аплату, кожны мае магчымасць азнаёміцца з умовамі  ў палатах.  Інфармацыю аб наяўнасці свабодных месцаў  можна атрымаць пры паступленні ў прыёмным аддзяленні.

Як правіла, палаты павышанай камфортнасці карыстаюцца попытам ва ўсіх аддзяленнях бальніцы. На сёння 50% ложка-месцаў занята, пацыенты атрымліваюць  медыцынскую дапамогу ў выдатных умовах.

Наколькі запатрабаваныя палаты павышанай камфортнасці ў педыятрычным аддзяленні, расказала старшая медыцынская сястра педыятрычнага аддзялення Аліна Гота:

—  Палата  павышанай камфортнасці  адкрылася ў аддзяленні ў жніўні бягучага года і заўсёды карыстаецца попытам. Умовы для атрымання медыцынскай дапамогі добрыя, абстаноўка хатняя, што станоўча адбіваецца на выздараўленні маленькіх пацыентаў.  Такія палаты папулярныя ў маладых мам з груднымі дзеткамі.

Гутарым  і  з пацыентамі, якія скарысталіся палатамі павышанай канфортнасці. Пенсіянерка Алена Скварада падзялілася, што трапіла ў бальніцу ў педыятрычнае аддзяленне з унукам 27 верасня, ляжала ў звычайнай палаце, а калі з’явілася месца ў палаце павышанай камфортнасці, выказала жаданне заняць ложка-месца ў ёй.

—        Вельмі добрыя ўмовы для атрымання медыцынскай дапамогі, ёсць магчымасць разагрэць ежу ў мікрахвалевай печы, вельмі зручна, што ў палаце ёсць халадзільнік і   цэны дэмакратычныя, —   лічыць Алена Уладзіміраўна.

Будаўнік СВК “Жухавічы” Алег Бязмен знаходзіцца на лячэнні ў хірургічным аддзяленні:

—  Добра, што ў бальніцы ёсць такая магчымасць выбраць камфортныя ўмовы знаходжання. Усё на месцы: і халадзільнік, і электрачайнік, і тэлевізар, і мікрахвалевая печ  —   гэта вельмі зручна. Ёсць магчымасць атрымаць медыцынскую дапамогу і адцягнуць увагу ад хваробы праглядам любімых тэлеперадач.

Давялося наведацца і  ў аддзяленне дзённага стацыянара, якое працуе ў раённай паліклініцы. Сёлета  аддзяленне атрымала новае жыццё: у палаце, працэдурным  кабінеце  праведзены якасны касметычны рамонт, набыта новая мэбля і абсталяванне. Урач-неўролаг Ларыса Малінковіч адзначае:

—  Сёння мы маем магчымасць аказваць медыцынскую дапамогу пацыентам у  сучасным, прыгожым, чыстым, цёплым аддзяленні дзённага стацыянара. Яно  разлічана на 12 чалавек, працуе з 8.00 да 11.00  і з 14.00 да 16.00. У рытме нашага жыцця людзям часам складана вызваліць шмат часу, нават на лячэнне. Дзённы стацыянар неабходны хворым, якія ў сілу сацыяльных прычын не могуць знаходзіцца ў кругласутачным стацыянары.  Пацыент, які паступае на лячэнне, не адчувае псіхалагічных і фізічных нязручнасцей, бо пасля атрымання лячэбных працэдур (кропельніца, масаж, кіслародны кактэйль)  вяртаецца ў сваё звыклае жыццё. Эфектыўнасць тэрапіі, якая праводзіцца пацыентам ва ўмовах дзённага стацыянара, не горшая, чым пры лячэнні ў кругласутачным стацыянары. Ва умовах, створаных у аддзяленні, прыемна і працаваць, і атрымліваць медыцынскую дапамогу.

За каментарыем звярнуліся да галоўнага ўрача УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” Дануты Скварады:

—  Бачыць усмешкі людзей, калі яны заходзяць ва ўстанову аховы здароўя, — гэта самая вялікая ўзнагарода за тое, што мы робім для жыхароў Карэліччыны разам. А зроблена нямала.

Так, у гэтым годзе на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы  ўстаноў аховы  здароўя раёна было затрачана  372 тысячы  рублёў.  З  іх  121 тысяча рублёў — сродкі з рэспубліканскага бюджэту, 188 тысяч рублёў —  з раённага бюджэту, 62 тысячы рублёў – спонсарская дапамога.

 

Дзякуючы  спонсарскай падтрымцы сельгасарганізацый  “Біямакс-Карэлічы”, “Лукі-Агра”,  “Маяк-Заполле”, “Свіцязянка-2003″, «Малюшычы», палаты павышанай камфортнасці абсталяваныя бытавой тэхнікай. Адкрываючы такія палаты ў аддзяленнях нашай бальніцы, хочам, каб людзі  адчувалі камфорт. За сродкі раённага бюджэту праведзены рамонт, закуплена новая мэбля для аддзялення дзённага стацыянара УАЗ «Карэліцкая ЦРБ».

Дзякуючы мясцоваму фінансаванню ў рамках пілотнага праекта «Клапатлівая паліклініка», які прадугледжвае спрашчэнне лагістычнага працэсу як для пацыентаў, так і для медыцынскага персаналу, вядзецца рамонт рэгістратуры раённай паліклінікі.

Павялічылася колькасць кіслародных  кропак: у хірургічным аддзяленні іх пяць, а значыць можам забяспечыць кіслародам 10 чалавек.  Адна стацыянарная кропка ўстаноўлена ў аддзяленні рэанімацыі для правядзення калонаскапіі пад наркозам. У цяперашні час вядуцца работы па рамонце гаспадарчага корпуса  цэнтральнай раённай бальніцы. Шэраг работ выкананы і ў раённых амбулаторыях. Выказваю словы падзякі ўсім, хто не застаўся ўбаку,  за аказаную дапамогу, бо ўсё, што зроблена ва ўстановах аховы здароўя раёна, – гэта наша агульная заслуга.

Аплаціць знаходжанне ў палатах павышанай камфортнасці можна некалькімі спосабамі: правесці аплату анлайн па рэквізітах банка або сістэме ЕРИП (рэквізіты можна даведацца ў рэгістратуры); аплаціць у касе УАЗ «Карэліцкая ЦРБ» пасля заключэння дагавора.  Аплата ажыццяўляецца банкаўскай картай на тэрмінале або наяўнымі сродкамі пасля атрымання медыцынскай дапамогі ў залежнасці  ад колькасці дзён, якія праведзены ў стацыянары.

Кошт медыцынскай паслугі “знаходжанне ў палаце павышанай камфортнасці”  залежыць ад аддзялення, у якім пацыент атрымлівае дапамогу.   Так,  апынуўшыся ў хірургічным аддзяленні,  за адзін ложка-дзень трэба  заплаціць прыкладна 6-7 рублёў; за тэрапеўтычнае аддзяленне – 5-6 рублёў, педыятрычнае аддзяленне – 4-5 рублёў.

 

Кацярына КУКАНАВА                                               

Фота аўтара і Іны ЛЕЙКІ