Кореличчане рассказали, за что они благодарны своим матерям

Усё, чаго мы дабіваемся ў гэтым жыцці, дзякуючы маме. Напярэдадні свята самых ласкавых і далікатных з жанчын мы даведаліся ў карэліччан, за што яны ўдзячныя сваім матулям.

Генадзій Шатуеў, старшыня Карэліцкага райвыканкама:

— Мая мама Галіна Браніславаўна, якой ужо, на жаль, няма побач з намі, нарадзіла і выхавала пецярых дзяцей. Яе жыццё не было лёгкім. Наш бацька рана пайшоў з жыцця, калі мне, малодшаму ў сям’і, было ўсяго 13 гадоў. Але яна ніколі не скардзілася на цяжкасці і стомленасць, мы не бачылі яе слёз. Усё жыццё яна працавала паляводам у эксперыментальнай базе «Шчучын», трымала вялікую гаспадарку: дзвюх кароў, свіней, гусей, курэй. Мы заўсёды былі накормленыя, абсціраныя, у хаце было ўтульна і чыста. Прыходзілі са школы, а ў печы стаяла цёплая бульбяная каша і кіслае малако.

Галоўнае, чаму яна ўсіх нас навучыла, — гэта жыць нягледзячы ні на што і не здавацца цяжкасцям, быць моцнымі духам. Яна была вельмі пунктуальным чалавекам і ніколі не спазнялася, гэтая якасць перадалася ад яе і мне. Мама была прыкладам сумленнага і працавітага чалавека, які ўсяго сябе аддаваў дзецям і дому. Мы бачылі гэта, шанавалі і ведалі, што не можам яе падвесці. Яна не выбірала нам прафесіі, казала так: «Вырашайце, дзеткі, самі, галоўнае — будзьце добрымі людзьмі». І мы выканалі яе наказ, усе атрымалі адукацыю, выйшлі ў людзі. Думаю, яна ганарылася б намі.

Наталля Дубкова, дырэктар КУСП «Чарняхоўскі-Агра»:

— Мая мама Любоў Еўдакімаўна за нараджэнне і выхаванне шасцярых дзяцей узнагароджана ордэнам Маці. Яна рана аўдавела, калі трое з нас яшчэ вучыліся. Гледзячы на тое, як яна працуе ў калгасе аператарам машыннага даення і дома па гаспадарцы, працавалі на ўсю моц і мы. Самымі складанымі былі 90-я гады, калі не плацілі зарплату. Мы прадавалі малако, усё лета прападалі ў ягадах і грыбах, бегалі ў калгас на збожжаток. Мама навучыла нас паважаць працу простага селяніна, ведаць цану заробленаму рублю. А яшчэ любіць, выбачаць, нічога не баяцца, бачыць добрае ва ўсім, быць упэўненай у сабе, не здавацца і не спыняцца на сярэдзіне шляху. А самае важнае — яна навучыла мяне быць МАМАЮ. У мяне тры дачкі, якіх я выхоўваю гэтак жа.