Алла и Владимир Костюк из деревни Медвядка превратили свой двор в сказку
Што новага, здавалася б, можна расказаць пра вясковае жыццё? Самыя звычайныя будні: ціхае аднастайнае жыццё са штодзённай фізічнай працай, клопатамі пра гаспадарку. Але ўсё ж ёсць нешта асаблівае ў такім жыцці, калі існуе жаданне ствараць прыгажосць і жыць у гэтым свеце.
Ала і Уладзімір Касцюкі – звычайныя, нічым не адметныя вясковыя жыхары, але нешта незвычайнае ёсць у іх жыцці. Нарадзіліся і ўсё жыццё пражылі ў вёсцы Мядзвядка. Дзякуючы шчасліваму выпадку, стварылі ў 1977 годзе сям’ю. Хоць родам з аднаго мястэчка, а звярнулі ўвагу адзін на аднаго на провадах у армію знаёмага. Уладзімір Уладзіміравіч з 1976 года працаваў механізатарам у гаспадарцы, заўсёды быў у пашане. Выконваў розную працу: сеяў, араў, касіў, цюкаваў, жаў – адным словам, майстар на ўсе рукі, ніякай работы не цураўся. Калі споўнілася 55 гадоў, пайшоў на адпачынак. Ала Фёдараўна працавала на свінагадоўчай ферме свінаркай, даглядала парасят, якіх нават аднойчы вазілі на выставу сельскай гаспадаркі ў Карэлічы. Потым працавала на ферме цялятніцай, а ў 50 гадоў пайшла на пенсію. Маюць дзвюх дарослых дачок, якія жывуць у Мінску.
– Мы заўсёды былі на працы, часу ніколі ні на што не хапала. Дома была вялікая гаспадарка, маленькія дзеці, якім трэба было прыгатаваць ежу, памыць бялізну, дапамагчы зрабіць урокі. І толькі пайшоўшы на адпачынак, мы маем магчымасць займацца справай для душы, – расказвае Ала Фёдараўна.
А любяць гаспадары ствараць прыгажосць у хаце, на падворку. Ва ўсім, што ўбачыла, адчуваецца рука гаспадара і ўмелы дызайнерскі падыход. Прасторны двор, абсаджаны туямі, у якім пасялілася шматлікая колькасць любімых кветак гаспадыні, прыцягвае позірк ва ўсе поры года. Кожная расліна, кожная кветка знаходзяцца на сваім месцы. Гарманічна дапаўняюць інтэр’ер розныя малыя формы: дэкаратыўны вазок, у якім стаяць вазаніцы з кветкамі, буслы, млын. Сужэнцы з вялікім жаданнем ствараюць прыгажосць і імкнуцца кожны год дапоўніць свой падворак нечым новым.
– Ва ўсім дапамагаюць дочкі і зяці. Ім прыходзяць незвычайныя ідэі ў афармленні ўчастка. Вось у гэтым годзе прыдумалі зрабіць са звычайнай лесвіцы падстаўку для кветак. Атрымалася прыгожа, проста і ў той жа час арыгінальна. Таксама зрабілі прыгожую падсветку ўчастка. Сваімі рукамі, праўда, малыя формы не робім, няма такога таленту рэзаць, тачыць, стругаць, а вось убачым што-небудзь цікавае – абавязкова набудзем, – прызналіся гаспадары дома.
Наша гутарка падышла да завяршэння. Мы развіталіся. А ў глыбіні душы застаўся прыемны адбітак ад знаёмства з прыгожымі людзьмі. Так, у кожным з нас ёсць патрэба ствараць: хтосьці піша карціны, хтосьці будуе дамы, хтосьці выхоўвае дзяцей, укладваючы ў гэта сваю душу, а хтосьці вось так, як гэтыя людзі, працуе на зямлі. Трэба проста вельмі любіць тое, што робіш. Тады, магчыма, і штодзённая праца будзе прыносіць радасць і задавальненне, бо імкненне зрабіць свет вакол сябе прыгожым і прывабным заўсёды выклікае павагу і захапленне.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара