Камбайнеры Андрэй Штэйн і Руслан Крапіўніцкі з КСУП “Лукі-Агра” складаюць адзін з перадавых экіпажаў не толькі раёна, але і вобласці
Старшы камбайнер Андрэй Штэйн і камбайнер Руслан Крапіўніцкі з КСУП “Лукі-Агра” складаюць адзін з перадавых экіпажаў не толькі гаспадаркі, але і вобласці. Неаднаразова прымалі віншаванні як першыя тысячнікі. У гэтым сезоне агульны намалот зерневых, зернебабовых, рапсу і кукурузы склаў 4882 тоны. У тандэме мужчыны працавалі амаль два сезоны. Шчыруе экіпаж на камбайне “Лексіён-580”.
– Машына ў нас добрая, але намалот залежыць, у тым ліку, ад такіх фактараў, як ураджайнасць культуры, тэхнічны стан камбайна і нават ад настрою, з якім раніцай садзішся за штурвал. Таму працоўны дзень абавязкова пачынаем з усмешкі, – распавядаюць аграрыі.
Яны не дзеляцца на старэйшага камбайнера і памочніка. Гэта згуртаваная каманда. Разам жалі, рамантавалі тэхніку, калі была неабходнасць, разам прымалі віншаванні з рэкорднымі намалотамі.
Бацька Андрэя Штэйна быў трактарыстам, а ён са старэйшым братам Уладзімірам прадоўжылі яго справу. Прыйшоў працаваць у калгас адразу пасля арміі ў 1997 годзе і вось ужо 25 гадоў за штурвалам стэпавага карабля. У час летняй уборачнай кампаніі ён на камбайне, а ў міжсезонне даводзіцца выконваць розную работу.
– Калі ёсць жаданне працаваць, калі стараешся і хочаш зарабіць, вынік будзе, – перакананы Андрэй Мікалаевіч.
А напружаны рытм жыцця, асабліва ў час уборкі, не лічыць цяжкім або асаблівым. Чалавек адказны і старанны, ён упэўнены, што любы поспех дасягаецца імкненнем і працавітасцю. А каб зямля аддзячыла высокімі ўраджаямі, трэба прыкласці шмат намаганняў.
Такая высокая адданасць сваёй справе не застаецца незаўважанай. Андрэй Штэйн адзін з трынаццаці прадстаўнікоў Гродзеншчыны ўдастоены дзяржаўнай узнагароды за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё АПК, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў. Напярэдадні прафесійнага свята ён атрымаў ордэн Пашаны.
Для Руслана Крапіўніцкага намалот сёлетняга года першы ў паслужным спісе. Да працы на прадпрыемстве прыступіў у 2020 годзе. Асноўная работа – слесар. У перыяд уборачнай працаваў на камбайне. Першы год быў вадзіцелем на пажарнай машыне. У мінулым годзе – памочнікам камбайнера толькі тады, калі ўбіралі кукурузу, а ўжо сёлета на працягу ўсёй уборкі поплеч з Андрэем Мікалаевічам.
– Сам я родам з вёскі Асташын, што знаходзіцца на тэрыторыі КСУП “Лукі-Агра”. Для мяне справа гонару працаваць там, дзе нарадзіўся і жыву. Я упэўнены, што калі ёсць сумленная праца, вопытны настаўнік, тады і поспех прыйдзе, – сцвярджае аграрый.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара