Папаўненне “аўтапарку”, ці што цікавага можна ўбачыць у двары Мірскага замка гэтай восенню

Нядаўна музей “Замкавы комплекс “Мір” папоўніўся новымі прадметамі. Былі набыты шэсць адзінак гужавога транспарту: чатыры брычкі і двое бегункоў (саначак). Каб дэтальна іх разгледзець, зрабіць фотаздымкі і нават пасядзець у іх, патрэбна зайсці ва ўнутраны двор Мірскага замка. Яго ўтульнасць, прыгожыя віды вежаў, сцен і палаца дапамогуць вам з лёгкасцю перанесціся ў часе на некалькі стагоддзяў назад і ўявіць сябе ўладальнікам сядзібы, маладою шляхцянкаю або дзіцем, якія збіраюцца ў падарожжа.

Транспартныя сродкі – важны элемент культуры. Яны з’яўляліся прадметамі амаль штодзённага карыстання насельніцтва. Для выездаў гаспадароў, іх родных, шматлікіх гасцей з улікам мэты іх выезду, патрэбна было мець на шляхецкіх дварах цэлы шэраг транспартных сродкаў (палозных і колавых): карэты, экіпажы, брычкі, адкрытыя або з кабінкамі сані, а таксама вазкі для выезду на паляванне, феерверкі і каруселі. Там жа захоўваліся спецыяльныя транспартныя сродкі: вальныя катафалкі, павозкі-платформы для музыкантаў, пажарныя павозкі, вялікіх памераў сані для перавозкі карэт.

Карэты належалі да ліку найбольш каштоўных транспартных сродкаў. Яны з’яўляліся сімвалам дастатку сям’і, сацыяльнага і маёмаснага стану. Акрамя гэтага, заможныя людзі прытрымліваліся няпісаных правіл карыстання гужавым транспартам. Напрыклад, каб не страціць уласную годнасць, нельга было ісці пехатой нават да суседскага маёнтка. Патрэбна было абавязкова ажыццявіць выезд. Рухаліся звычайна паволі і важна, таму што падганяць коней маглі толькі прызначаныя для гэтага людзі. У XVI ст. амаль кожная жонка магната ці заможнага шляхціца мела асобную калебку (каляску) для паездак на невялікія адлегласці ці для горада. У гэты перыяд вялікім попытам карысталіся нямецкія каляскі на драўляных рысорах.

На беларускіх землях ВКЛ і Рэчы Паспалітай доўгі час не існавала ўласных майстэрняў экіпажаў. Карэты для шляхты прывозілі з-за мяжы: з Берліна, Вены, Францыі і нават з Англіі. З другой паловы XVIII ст. па ўсёй Рэчы Паспалітай пачалі адкрывацца мануфактуры транспартных сродкаў. Стварэнне гужавога транспарту было вельмі складаным працэсам, у якім прымалі ўдзел як мінімум чатыры майстры. Чым больш вытанчаная і аздобленая была карэта, тым большая колькасць майстроў удзельнічала ў яе стварэнні. Працэс стварэння ўласна экіпажа складаўся з двух этапаў: зборка корпуса з падрыхтаваных дэталяў (колы рабіў калеснік, элементы з дрэва – сталяр і рымар, жалезныя дэталі – каваль, скураныя элементы – гарбар) і аздабленне экіпажа мастакамі.

Шырока выкарыстоўваліся адкрытыя павозкі: каляскі, тарадайкі, напаўзакрытыя кочы, ландо з рассоўнай будкай. Маладыя кавалеры фарсілі ў карыёлках – лёгкіх двуколках, унутры абабітых скурай. Шырока распаўсюджанай сярод збяднелай шляхты была брычка. Часта яе называлі калымажкай, радзей чартапхайкай. Яна ўяўляла сабой лёгкі вазок для коннай запрэжкі, хадавая частка якога складалася з дзвюх восей, чатырох калёс, чатырох або трох рэсор, нерухомай балкі, дышла і паваротнай платформы. Да верхняй часткі вазка мацаваліся дзве лаўкі са спінкамі для сядзення чатырох чалавек і месца для вазніцы. Актыўна сталі выкарыстоўваць гэты від транспарту з другой паловы XVIII ст. – пасля падзелу Рэчы Паспалітай.

Практычнымі лічыліся брычкі малых памераў. На іх адміністратар маёнтку або сам уладальнік аб’язджаў сваю гаспадарку: палеткі, сенакос, ворыва, лес. Такую брычку празвалі “polоwka”. Яе верхняя частка кузава мела адно двухмеснае сядзенне. Месца для вазніцы адсутнічала, таму кіраваць канём павінен быў той, хто ехаў.

Да асобнай групы гужавога транспарту належыць воз кракаўскі ці васаг (польск. wasag, ням. fassung). Верхняя частка кузава такога воза ўяўляе сабою плецены з лыка ясеню або кораня ядлоўца кораб прамавугольнай формы. Да асновы кузава, куды ён устаўляўся, мацаваліся месцы для сядзення. Выкарыстоўваўся для выездаў і перавозу багажа.

Такім чынам, гужавы транспарт у XVI – першай палове XX ст. з’яўляўся неад’емнай часткай штодзённага жыцця шырокага кола насельніцтва. Наяўнасць розных мадэляў сведчыла аб шырокім попыце і інтэграванасці ў жыццё заможных людзей, з’яўляючыся паказчыкам не толькі дастатку, але і аўтарытэту ўладальніка. Сельскае насельніцтва таксама карысталася гужавым транспартам. Аднак гэта былі простыя мадэлі, якія выкарыстоўваліся ў штодзённым жыцці і найбольш актыўна падчас сельскагаспадарчых прац.

Музей запрашае пабачыць некаторыя варыянты гужавога транспарту: дзіцячыя санкі, васаг, калымажку і іншыя брычкі, зробленыя ў першай палове XX ст.

Вольга КАЛАСОЎСКАЯ,

навуковы супрацоўнік установы “Музей “Замкавы комплекс “Мір”