Журналист «Полымя» и Кореличский райЦГЭ посмотрели, как берегут память о предках на кладбищах Турецкого и Еремичского сельсоветов

Лістапад уступіў у свае правы. Амаль не засталося лістоты на дрэвах, усё навокал як на далоні. Па-свойму кранае асенняя пара, але абурае абыякавасць тых, хто засмечвае наваколле.

Рэйд супрацоўнікаў газеты «Полымя» і райЦГЭ быў арганізаваны з мэтай вывучэння пытання навядзення парадку на зямлі.  Яго ўдзельнікі наведалі населеныя пункты Турэцкага і Ярэміцкага сельсаветаў, у якіх давялося сустрэцца з рэзкімі кантрастамі.

Пры ўездзе ў аграгарадок Турэц  з боку цэнтральнай шашы па дарозе каля мясцовай школы адчуваецца рука гаспадара: прылягаючая тэрыторыя мае добры, прывабны выгляд. Па ўсім відаць, што яна своечасова абкошвалася, таму зараз трава невялікая.  Але як толькі заехалі ў населены пункт, заўважылі іншы малюнак. Каля невыкарыстоўваемага будынку КУСП «Чарняхоўскі-Агра» — міні-звалкі з раслінных адходаў, раскіданы бутэлькі і банкі з-пад фарбы. На тэрыторыі лазні — галлё дрэў і бытавое смецце. Хочацца адзначыць і пад’езд да лазні: адзін бок у парадку, другі — супрацьлегласць: расце пустазелле і пакасіўся плот.

Зварочваем на могілкі аграгарадка Турэц. Прылягаючая тэрыторыя да дарогі з правога боку ўслана галлём. Недалёка ўтворана звалка з  рытуальных адходаў, шын з-пад машын, нехта нават вынес гнілыя яблыкі… «Як жа тут шануюць памяць продкаў?» — хацелася запытаць у тых, хто гэта зрабіў.

У аграгарадку Ярэмічы сустрэлі таксама рэзкія кантрасты. Калі цэнтральны ўваход адміністрацыйнага будынку КСУП «Царука» і Ярэміцкага сельвыканкама ўтрымліваецца ў чысціні, то за будынкам з боку жылога сектара трэба прыкласці рукі і навесці парадак. Тэрыторыя не прыбрана: тут лістота, паперкі, бутэлькі. Каля  кацельні РУП ЖКГ не згрэблі лісце.

Чым сустрэлі могілкі ў вёсцы Вялікая Вобрына? Абурэнню не было  межаў: вочы рэзала куча смецця, і гэта на ўездзе на могілкі. Ці не роздум для мясцовай улады, святара, вяскоўцаў? Магчыма, хтосьці нарэшце адважыцца зрабіць добрую справу — і навядзе парадак. Хаця тут умеюць рабіць добрыя справы: каля трох гадоў таму спілавалі аварыйныя старыя дрэвы на могілках. Вось толькі работы так і не завяршылі: калодкі раскіданы па могілках і параслі травою. Ці не «гармонія» ў рабоце па навядзенні парадку на святым месцы? Дзе ж павага да продкаў, якія жылі на гэтай зямлі?

Накіроўваемся на могілкі ў аграгарадок Ярэмічы. Агароджа пляцоўкі для збору рытуальных адходаў разламана. Прылягаючая да яе тэрыторыя засмечана рытуальнымі адходамі: штучныя кветкі, цэлафан, пластыкавыя бутэлькі. Адчуваецца, што ў бягучым годзе ні разу не абкошвалі тэрыторыю, якая прылягае да агароджы могілак. У некаторых месцах вышыня пустазелля зраўнялася з вышынёй агароджы. Не ўсе наведвальнікі могілак даносяць смецце да пляцоўкі і кідаюць яго ў бліжэйшае кустоўе. Старыя пахаванні зараслі кустоўем, і магілкі не бачны. Адно відавочна: да святога месца трэба адносіцца па-святому. Гэта бясспрэчна.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Ірыны ШЫШКІНАЙ