17 ноября — День участкового инспектора милиции. Участковому инспектору Кореличского РОВД Олегу Заблоцкому за помощью звонят в любое время суток
Служба ўчастковага інспектара іграе важную ролю ў ахове грамадскага парадку. Людзі гэтай прафесіі бліжэй за ўсіх знаходзяцца да насельніцтва, першымі сустракаюцца з чалавечай бядой. Гэтая служба шматгранная і цікавая. Яна патрабуе кругласутачнай гатоўнасці, вельмі часта ў ёй не бывае выхадных або святаў. “Прафесіяналізм, стойкасць, мабільнасць – тыя якасці, без якіх інспектар проста не зможа паспяхова працаваць”, – перакананы старшы ўчастковы інспектар Карэліцкага РАУС Алег Заблоцкі. У міліцыі ён працуе з 2017 года. І ўвесь гэты час на пасадзе ўчастковага інспектара. Напярэдадні прафесійнага свята адзін дзень са старшым лейтэнантам міліцыі правяла карэспандэнт газеты “Полымя”.
З Алегам Заблоцкім сустракаемся каля РАУС.
– Кожную раніцу праходзім інструктаж, абмяркоўваем працоўныя моманты, далей, калі няма экстраных паведамленняў, выклікаў, адпраўляюся на тэрыторыю Жухавіцкага сельсавета, – уводзіць у курс справы Алег Аляксандравіч.
Праца ўчастковага – не кабінетная, на першым месцы – зносіны з людзьмі.
У цяперашні час у зоне абслугоўвання ўчастковага – 12 населеных пунктаў Жухавіцкага сельскага Савета. Будуем маршрут. Па дарозе Алег Заблоцкі расказвае:
– Я з дзяцінства ведаў, што такое дысцыпліна, адказнасць. Пасля школы пайшоў вучыцца ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы на юрыдычны факультэт. Калі заканчваў вучобу, прапанавалі паспрабаваць сябе ў ролі ўчастковага інспектара міліцыі ў г.п. Карэлічы. Вось так лёс прывёў на радзіму, бо сам я карэліцкі, – дадае юнак. – Два гады адпрацаваў у райцэнтры, а цяпер працягваю сваю службу ў Жухавічах.
Наш першы прыпынак у вёсцы Малыя Жухавічы. У разгар працоўнага дня на вясковай вуліцы малалюдна. Мы зайшлі ў магазін. Менавіта тут восеньскім днём можна сустрэцца з людзьмі старэйшага ўзросту і пачуць тое, што іх хвалюе, а між іншым данесці важную, з пункту погляду праваахоўніка, інфармацыю.
– Актывізаваліся ашуканцы, якія тэлефануюць людзям і, прадстаўляючыся работнікамі банкаў, выпытваюць персанальную інфармацыю, дадзеныя картак, ці ж ходзяць па дамах у пошуках нажывы, выдаючы сябе за сацработнікаў. Будзьце пільныя і акуратныя, заўсёды ўдакладняйце, з кім размаўляеце, — перасцерагае жанчын участковы.
Вяскоўцы дзякуюць праваахоўніку.
За парадай да ўчастковага мясцовыя жыхары звяртаюцца і падчас абходу дамоў, і ў грамадскі пункт аховы правапарадку. Участковы шмат у чым дапамагае, нават у тых сітуацыях, калі не гатовыя дапамагчы, напрыклад, блізкія.
– Мой мабільны ведаюць многія мясцовыя жыхары. Тэлефануюць у любы час сутак. Бывае, што пасля смерці блізкага чалавека апускаюцца рукі, ён не ўяўляе, што рабіць. У іншых жа сітуацыях чалавеку трэба проста выгаварыцца, падзяліцца сваёй бядой або перажываннямі. Бывае, даводзіцца вырашаць розныя жыццёвыя праблемы, напрыклад, нехта з родзічаў злоўжывае спіртнымі напоямі або родныя не могуць падзяліць паміж сабой маёмасць. Калі людзі звяртаюцца да мяне з пытаннямі, якія не датычацца маёй сферы дзейнасці, то стараюся даць кансультацыю, да каго можна звярнуцца па той ці іншай праблеме, – прыводзіць прыклады Алег Аляксандравіч.
Наведваемся ў сельскі Савет. Тут участковаму трэба будзе ўнесці свае прапановы па адрасах бліжэйшага выхаду-абследавання. У спісе – адзінокія, пажылыя, інваліды, а таксама тыя, хто злоўжывае алкаголем, і непрацуючыя, шматдзетныя сем’і і тыя, у якіх дзеці прызнаныя ў сацыяльна небяспечным становішчы. Неабходна наведаць не менш за дзесяць дамоў у розных вёсках сельсавета. Алег Аляксандравіч даводзіць:
– Падчас наведванняў часцяком атрымліваецца вырашыць некаторыя бытавыя пытанні, выявіць праблемныя моманты. І такая прафілактыка, узаемадзеянне ўсіх службаў дае свае вынікі.
Участковы дзеліцца назіраннямі і фактамі: за апошнія гады на тэрыторыі сельсавета людзі сталі больш дысцыплінаваныя ў сферы сямейна-бытавых адносін. Пры гэтым прафілактыка ў гэтым накірунку застаецца актуальнай. Менш становіцца цяжкіх злачынстваў. Аднак застаюцца актуальнымі факты крадзяжу пераважна з дачных дамоў і прылягаючых да іх тэрыторый.
– За гады работы я зразумеў, што быць па-сапраўднаму добрым участковым інспектарам – гэта значыць быць ідэйным, працаздольным. Быць гатовым пастаянна вучыцца і развівацца. Быць здольным праяўляць гнуткасць розуму, бо па абавязку службы мы маем зносіны з людзьмі розных узростаў, прафесій, сацыяльных статусаў. І да кожнага чалавека патрэбны індывідуальны падыход, – заключае інспектар.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара