Прымусовы шлюб Пане Каханку і прыбыванне маладых у Мірскім замку

У даўнія часы пры планаванні шлюбу бацькі рэдка калі ўлічвалі жаданні дзяцей. Так здарылася і з першым шлюбам князя Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку.

Марыя Караліна з роду Любамірскіх. Канец XVIII ст. Невядомы мастак. Музей палаца караля Яна ІІІ у Вілянаве

Шлюб 19-гадовага Радзівіла з 23-гадовай Марыяй Каралінай Любамірскай быў арганізаваны з аднаго боку яго бацькам Міхалам Казімірам Радзівілам, з другога – дзядзькам абранніцы Янам Клеменсам Браніцкім. Першы з іх – гетман літоўскі, другі – каронны. Міхал Казімір быў упэўнены, што пляменніца кароннага гетмана з’яўлялася выдатнай партыяй для сына. Дзядзька Марыі, зразумела, таксама быў не супраць парадніцца з Радзівіламі.

Аднак як толькі Караль Станіслаў даведаўся аб тым, што яму трэба будзе ўступіць у шлюб з Марыяй Каралінай, ён пачаў выказваць сваю незадаволенасць бацьку. Малады Радзівіл сцвярджаў, што да Марыі яго сэрца не хіліцца і хіліцца не можа. Казаў, што закаханы ў Тэафілію Патоцкую і хоча, каб яна была яго жонкай, а не Марыя. На ўсе абурэнні сына Міхал Казімір адказваў, што той не атрымае спадчыну і блаславенне ні на адзін іншы шлюб.

Адзінай, хто падтрымаў Караля Станіслава, была яго маці Францішка Уршуля. Аднак змяніць рашэнне бацькі так і не атрымалася. Францішка Уршуля неўзабаве памерла. Смерць жонкі планы Міхала Казіміра не змяніла. Адзінае толькі, дата заручын была адкладзена на чатыры месяцы з-за жалобы.

Настойлівасць і ўпартасць сына вельмі хвалявалі Міхала Казіміра. Асабліва ў дзень шлюбу: ён вельмі баяўся, што сын у апошнюю хвіліну скажа “не”. Толькі перад самым блаславеннем за маладым Радзівілам трэба было пасылаць двойчы! Хоць сын і абяцаў бацьку, што ажэніцца, але ж усё роўна цяжка было прадказаць, як паступіць 19-гадовы хлопец.

Пасля доўгіх угавораў сын усё ж такі выканаў абяцанне, якое даў бацьку. Заручыны Караля Станіслава і Марыі Караліны адбыліся 26 верасня 1753 г.,       23 кастрычніка таго ж года было адзначана іх вяселле.

Партрэт Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку, які прадстаўлены ў экспазіцыі музея

Найбольш пацярпела ў гэтым саюзе Марыя Любамірская, якая пагадзілася ўступіць у шлюб з чалавекам, які з самага пачатку ёю пагарджаў. Пане Каханку пазбягаў любых кантактаў з жонкай. Скардзіўся ўсім, што ажаніўся пад прымусам бацькі. Захаваліся звесткі, што знаходзячыся па справах у Львове ў лютым 1754 г., маладыя начавалі ў розных палацах: Марыя разам з маці – у палацы ваяводы мсціслаўскага, а князь – у палацы свайго бацькі.

Як вядома, Міхал Казімір Радзівіл прызначыў маладым у якасці рэзідэнцыі замак у Міры. Падарожжа са Львова аказалася для Марыі чарговым прыніжэннем, бо Караль ехаў у Мір у асобнай карэце. Па прыездзе ў Мір было арганізавана святочнае застолле, на якое было запрошана шмат гасцей з ваколіцы. Сярод гасцей была і мачыха Караля Станіслава – Ганна Луіза Радзівіл з роду Мыцельскіх. У пісьме да мужа ад 29 красавіка 1754 г. яна паведамляла, што: “… дня ўчарашняга з касцёла была запрошана да князя мечніка на абед разам з князёўнамі (…) пасля абеду быў баль, на якім мне належала раз “пакружыцца” з князем. Тая ўся кампанія затрымалася на вячэру, а я, папрасіўшы прабачэння ў князя, паехала да сябе…”. Аднак, нягледзячы на радасны настрой, які панаваў на імпрэзе, Караль Станіслаў быў увесь час незадаволены і падыходзіць да жонкі не хацеў. Як толькі госці разышліся, Караль Станіслаў адправіўся ў Нясвіж, пакінуўшы жонку адну. Праз два тыдні Марыя вырашыла адправіцца да мужа ў Нясвіж. Аднак, калі Караль Станіслаў убачыў жонку ў Нясвіжскім замку, адразу жа выехаў назад у Мір. Пасля такой знявагі ад мужа княгіня вырашыла паехаць да маці.

Пад націскам бацькі, пасля шматлікіх спрэчак і сварак, Караль Станіслаў адправіўся мірыцца з жонкай. Якім чынам Пане Каханку прасіў прабачэння ў Марыі, нам не вядома, але 29 жніўня маладыя разам з Міхалам Казімірам прыехалі з Нясвіжа зноў у Мір. Тут яны весела бавілі час: вячэра і баль цягнуліся да позняга вечара. Міхал Казімір прабыў у сына і ўвесь наступны дзень, але паводзіны Караля Станіслава ў адносінах да Марыі не змяніліся. Застаўшыся ў Міры без бацькі, ён пакідаў жонку адну ў замку, а сам бавіў час на паляваннях і начаваў “па фальварках”. Праз некалькі дзён, у чарговы раз не папярэдзіўшы Марыю, адправіўся ў Нясвіж. 8 верасня 1754 г. Міхал Казімір у сваім дзённіку запісаў: “Сын мой з Міра сюды да мяне прыехаў”. 12 верасня Марыя прыехала за мужам у Нясвіж, але на наступны жа дзень Караль з’ехаў ад яе назад у Мір.

Пасля шматлікіх наказаў бацькі Караль Станіслаў вярнуўся ў Нясвіж. Жадаючы загладзіць паводзіны сына, Міхал Казімір зладзіў спецыяльна для Марыі паляванне ў лясах недалёка ад Альбы. Але колькі б Міхал Казімір не стараўся, адносіны паміж Каралем Станіславам і Марыяй Каралінай ён так і не змог наладзіць. У жніўні 1756 г. Караль Станіслаў распачаў працэс аб прызнанні шлюбу несапраўдным, матывуючы гэта прымусам з боку бацькі. Праз чатыры гады шлюб Караля Станіслава і Марыі Караліны быў скасаваны. На жаль, Мірскі замак так і не стаў радавым гняздом для гэтай пары.

(У артыкуле выкарыстаны матэрыялы працы Роберта Баркоўскага “Гісторыя роду Любамірскіх з Глогава Малапольскага”).

Вераніка Красоўская,

малодшы навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”

1