Елена Безмен из г.п. Кореличи возродила старую традицию — делает новогодние игрушки из ваты
Бывае так, што чалавек жыве, выконвае паўсядзённую працу, атрымліваючы ад яе асалоду і задавальненне, і не ведае пра тое патаемнае, што закладзена ў ім ад нараджэння. І толькі нейкае здарэнне або выпадак раскрывае вытокі яго творчасці і натхнення. Так здарылася і з настаўніцай пачатковых класаў ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы” Аленай Бязмен, якая апошнія два гады жыве ў палоне чароўных завіткоў, разнастайных узораў ёлачных цацак з ваты, робіць падарункі сябрам і знаёмым, стварае асабістую калекцыю.
Разгледзеўшы некалькі работ Алены Аркадзьеўны, не перастаеш здзіўляцца майстэрству і своеасабліваму таленту гэтага чалавека. Яе работы – гэта пераважна дзеці, зусім не падобныя адзін да аднаго. Яны родам з далёкага дзяцінства, у якім зімы былі снежнымі, горкі высокімі, санкі моцнымі, а яны вясёлымі і шчаслівымі. Гэта правобразы дзяцей 60-70 гадоў. Вырабам такіх цацак займаюцца зусім не выпадковыя людзі, бо каб зрабіць з ваты дзяцей і жывёл, трэба быць сапраўдным мастаком. Хто яна, гэтая мастачка?
Алена Бязмен нарадзілася ў в. Бушкі, што на Карэліччыне. Скончыла спачатку Нясвіжскі педагагічны каледж, потым Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка. Працоўную дзейнасць пачынала настаўнікам пачатковых класаў у ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы”, а з 1989 года працуе настаўнікам у СШ № 2 райцэнтра. У прафесію педагога прыйшла дзякуючы прыкладу сваёй маці Марыі Уладзіміраўны Кохан, якая таксама сваё жыццё прысвяціла дзецям.
– У мамы заўсёды было шмат захапленняў, і ўвогуле, яна вельмі творчы чалавек: вышывае, вяжа, прыгожа малюе, добра спявае, – расказвае Алена Аркадзьеўна. – Здольнасць маляваць перадалася і мне. Я, як і належыць, мабыць, усім, спрабавала знайсці сваё хобі, але нічым па-сапраўднаму не захапілася. Аднойчы падчас хваробы натыкнулася ў інтэрнэце на відэа, у якім расказвалася пра тэхналогію вырабу цацкі з ваты. Захапілася. Бачу, што пад рукой ёсць усё неабходнае. Паспрабавала зрабіць, і ў мяне атрымалася. Першай цацкай, зробленай у гэтай тэхніцы, стаў снегавічок. Я яго размалявала, аздобіла, і атрымалася прыгожая ёлачная цацка. Потым быў яшчэ адзін снегавік, але ён быў ужо зусім не падобны на папярэдні. Выраб цацак з ваты захапляў усё больш і больш. Удасканальвала сваё майстэрства, чытала адпаведную літаратуру, знаходзіла матэрыялы ў інтэрнэце. Захацелася зрабіць нешта больш складанае. Мяне зацікавілі дзеці ў рэтра-стылі. Стала разглядаць старыя паштоўкі з выявамі дзяцей, вызначала для сябе нейкія дэталі і брала іх за аснову для будучых работ. Ужо на працягу двух гадоў не пакідаю той справы, што па душы і для душы. У маёй асабістай калекцыі ўжо больш за трыццаць лялек.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара