Вучні Лукскай сярэдняй школы пабывалі на экскурсіі ў Мірскім замку

Ці задумваліся вы, што такое дабрыня? Калі зазірнуць у тлумачальны слоўнік Дзмітрыева, то мы прачытаем: «Дабрыня — гэта душэўная якасць чалавека, якая праяўляецца ў пяшчотных, клапатлівых адносінах да іншых людзей, у імкненні зрабіць нешта добрае, дапамагчы ім».

Кожны чалавек укладае ў гэтае паняцце свой сэнс, але ёсць нешта агульнае, што аб’ядноўвае ўсіх людзей у разуменні гэтага чалавечага пачуцця.

На Зямлі ёсць людзі, якія маюць асаблівую патрэбу ў цеплыні, клопаце, дабрыні — гэта людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Па стане свайго здароўя ім можа быць цяжка спраўляцца з некаторымі справамі. Таму, сустрэўшы такога чалавека —паспрабуйце дапамагчы яму.

Міжнародны дзень, прысвечаны людзям з абмежаванымі магчымасцямі, быў устаноўлены 3 снежня ў 1992 годзе. Міжнародны дзень інвалідаў нагадвае ўсім пра тых, хто мае патрэбу ў падтрымцы і дапамозе, але ў той жа час гаворыць нам пра мужных, моцных духам людзей, якія праяўляюць таленты ў выяўленчай, самадзейнай творчасці, спорце. Інваліды — такія ж звычайныя людзі, толькі яны болей разумеюць каштоўнасць звычайных рэчаў — бачыць, чуць, хадзіць, сядзець. Разумеюць, што бачыць раніцу, людзей, сонца – гэта здорава. Сучасны чалавек не шануе тое неацэннае, што мае зрок, слых, мову, магчымасць хадзіць…

Гэты дзень вельмі патрэбны  нашаму грамадству — і для таго, каб звярнуць увагу на праблемы людзей з абмежаванымі магчымасцямі, і для таго, каб захапіцца незвычайнай сілай духу, уменнем інвалідаў дабівацца поспеху ў складаных умовах. Гэтыя праяўленні жыццялюбства і аптымізму могуць служыць прыкладам для ўсіх нас.

Напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў вучні трэцяга класа установы адукацыі “Лукская сярэдняя школа”, узяўшы з сабою вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія ні разу не былі на экскурсіі ў Мірскім замку, 30 лістапада адправіліся ў гістарычнае мінулае. Перад вандроўкай вучні зрабілі далонькі дабрыні, каб падарыць усім добрым людзям крышачку цяпла, клопату, увагі, цярпімасці і дабрыні.

Гуляючы па за залах Мірскага замка і, слухаючы цікавыя і момантам казачныя гісторыі экскурсавода аб загадкавым замку 16 ст., мы дарылі нашы далонькі дабрыні прахожым людзям. Былі неверагодна рады магчымасці падарыць далоньку дабрыні Міністру культуры Казахстана.

Так, мы, вучні Лукскай сярэдняй школы падарылі сабе і акаляючым крышачку надзеі ў лепшае, пакінулі след аб сабе у славутым замку Міра, дакрануліся да сцен старажытнейшага пабудавання, каб загадаць заветныя жаданні.

Спадзяёмся, што нашы далонькі, якія мы прывезлі ў Мірскі замак, прынясуць камусьці новыя надзеі, сілы, натхненне, цудоўнае самаадчуванне і асалоду ад жыцця. І ім таксама захочацца дарыць дабро…

Святлана БОГУШ, настаўнік пачатковых класаў ДУА “Лукская сярэдняя школа”