Кореличская прокуратура установила нарушения в исполнении законодательства по профилактике алкоголизма

У райвыканкаме адбылося пасяджэнне каардынацыйнага савета па прафілактыцы правапарушэнняў. Разгледжана пытанне аб рабоце ідэалагічнага актыву арганізацый па прафілактыцы п’янства і алкагалізму сярод супрацоўнікаў устаноў і прадпрыемстваў раёна.

Паводле інфармацыі загадчыка сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Генадзія Карпаленкі, у раёне працуюць 19 камісій па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам. У іх склад уваходзяць кіраўнікі, іх намеснікі па ідэалагічнай рабоце, інжынеры па ахове працы, спецыялісты кадравых службаў. На пасяджэнні запрашаюцца работнікі ўстаноў аховы здароўя, участковыя інспектары. Таксама функцыянуюць 13 камісій па садзейнічанні сям’і і школе, работа якіх накіравана на прафілактыку сямейнай неблаганадзейнасці.

Аднак пры гэтым у Карэліцкім раёне ў бягучым годзе зарэгістравана 30 злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення. Для параўнання ў мінулым годзе — 18.

— Рост колькасці злачынстваў у стане ап’янення выкліканы ў тым ліку і недахопамі ў працы па прафілактыцы п’янства, — падкрэсліў намеснік пракурора Карэліцкага раёна Віктар Аўдакушын. — Гэта пацвярджае праверка выканання заканадаўства, накіраванага на барацьбу з п’янствам і алкагалізмам, праведзеная пракуратурай раёна. Так, у 2021 годзе на адным з сельгаспрадпрыемстваў раёна на працоўным месцы затрыманы 24 нецвярозых работніка, аднак аб гэтых фактах не было праінфармавана РАУС. У сваю чаргу супрацоўнікі міліцыі праводзяць з выпівакамі прафілактычныя гутаркі, складаюць пратаколы, што ў далейшым можа стаць падставай для накіравання аматара зялёнага змія ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Сустракаюцца выпадкі, калі супрацоўнікі РАУС не інфармуюць наймальніка аб фактах п’янства на працы. Такім чынам работнік, які правініўся, пазбягае прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

Часта наймальнікі не адхіляюць нецвярозых работнікаў ад працы, што цягне за сабой траўматызм і нават гібель. Яшчэ факт. Пенсіянер знаходзіцца ў працяглым запоі, а затым гіне пры курэнні ў ложку. Пры гэтым у сельскім выканаўчым камітэце гэты чалавек не знаходзіцца ў спісе злоўжываючых, а значыць з ім не працуюць спецыялісты.
— Работа па прафілактыцы п’янства і правапарушэнняў павінна весціся ўсімі суб’ектамі прафілактыкі: наймальнікам, сельскім выканаўчым камітэтам, міліцыяй і медыцынскімі работнікамі. Толькі сумесная сістэмная работа дасць станоўчы вынік, — адзначыў Віктар Аўдакушын.

— Сельскія выканаўчыя камітэты, участковыя інспектары, медыцынскія работнікі павінны пайменна ведаць тых, хто злоўжывае спіртным, — падагульніў намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан. — Трэба зрабіць усё, каб захаваць чалавеку здароўе ці нават жыццё, дапамагчы пачаць новае жыццё. Фармалізму ў гэтай важнай працы з лёсамі людзей быць не павінна.

Іна ЛЕЙКА