Выставка елочных игрушек времен СССР открылась в средней школе №2 г.п. Кореличи
Незвычайная выстава-калекцыя “Новы год майго дзяцінства” адкрылася ў чарговы раз у ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы”. Такія выставы ва ўстанове адукацыі ладзяцца з перыядычнасцю адзін раз у чатыры гады. Прысвечана яна ёлачным цацкам і іншым навагоднім упрыгажэнням. Апынуўшыся ў класным пакоі з мноствам розных цацак, быццам машынай часу пераносішся на некалькі дзесяцігоддзяў. Усе ўпрыгажэнні ў ідэальным стане, нібы толькі што з паліцы магазіна. У гэтым заслуга ініцыятара стварэння выставы настаўніка пачатковых класаў Марыны Міхайлоўскай. Настаўніца распавядае, што траплялі да яе цацкі ў рознай ступені захаванасці, і для таго, каб некаторыя вярнуць да жыцця, прыйшлося адпраўляць іх у “шпіталь” для “падлечвання”.
Ідэя стварэння такой выставы ўзнікла больш дзесяці гадоў таму. Першапачаткова пачала збіраць навагоднія цацкі розных часоў, рыхтуючыся да класнай гадзіны, пазней, для даследчай работы, а потым захапілася ідэяй стварэння цэлай калекцыі. Частка экспанатаў знайшлася на гарышчах сельскіх дамоў. Многія з іх абышла сама Марына Міхайлоўская. Колькі ўсяго ўдалося сабраць экспанатаў, адказаць дакладна калекцыянеру складана, але, відавочна, што іх больш за тысячу.
– Ёлачная цацка, як і іншая рэч, мае сваю цікавую гісторыю, а звычай упрыгожваць ёлку з’явіўся каля дзвюх тысяч гадоў таму назад, – пачынае аповед Марына Міхайлаўна.
– Спачатку, калі цацак яшчэ не было, ёлкі ўпрыгожвалі яблыкамі, арэхамі, пернікамі, пазней з’явіліся ўпрыгажэнні з паперы. Першыя сапраўдныя цацкі выраблялі з ваты, тканіны, кардону. З развіццём грамадства ўдасканальвалася і цацка. З’явіліся першыя шкляныя ўпрыгажэнні. Увогуле савецкая ёлачная цацка адрознівалася ад сусветных трэндаў і развівалася сваім шляхам. Цікава, што на ёй адбіваліся павевы таго, што адбывалася ў краіне: першы палёт чалавека ў космас, Алімпіяда-80, развіццё савецкай мультыплікацыі… У 1930-х гадах, напрыклад, на ёлкі вешалі ўпрыгажэнні ў выглядзе ваеннай тэхнікі і самалётаў, а верхавіну ўпрыгожвалі пяціканцовай зоркай. Прыкладна тады ж пад ёлку пачалі ставіць і фігуркі Снягурачак і Дзедаў Марозаў. Іх выраблялі з ваты, пап’е-машэ або іншых матэрыялаў. Усяго на выставе “Новы год майго дзяцінства” прадстаўлена каля дваццаці такіх фігурак.
Мы спыніліся каля цацак “савецкіх”. Іх можна распазнаць па чырвонай зорцы, надпісе “СССР”, сімвалах працы – сярпу і молаце. Марына Міхайлаўна звярнула нашу ўвагу на цацкі ў форме коласа, пачаткаў кукурузы і расказала, што ёлка ў часы праўлення Хрушчова нагадвала выставу дасягненняў сельскай гаспадаркі. Былі на ёй цацачны вінаград, лімоны, агуркі, памідоры, морква, гарох, баклажаны, перац, цыбуля, снапы пшаніцы. У гэты ж перыяд з’явіліся і ўпрыгажэнні бытавога тыпу, у тым ліку кафейнік, чайнікі, самаварчыкі, настольныя лямпы і шмат чаго іншага. Яшчэ адзін напрамак упрыгажэнняў – цацкі на тэму шчаслівых дзяцей. Сярод іх, напрыклад, хлапчук, што імчыцца на санках з гары, усмешлівыя фігуркі дзяўчынак, а яшчэ пацешныя пупсы. Таксама на ёлцы можна было ўбачыць розных казачных персанажаў, жывёл, фігуркі на цыркавую тэматыку. Рашэннем Міжнароднай арганізацыі калекцыянераў ёлачных цацак Golden Glow (“Залатое сячэнне”) рарытэтнымі лічацца цацкі, выпушчаныя да 1966 года. Пасля гэтага часу вытворчасць ёлачных цацак была пастаўлена на паток. Гэта былі цацкі, падобныя адна на адну, у асноўным шышкі, шары, ледзяшы, званочкі.
Абышоўшы ўсю выставу, Марына Міхайлаўна спынілася ля ёлачкі, упрыгожанай самаробнымі цацкамі і сказала:
– У цяперашні час назіраецца вяртанне да вытокаў. Вось мы вырашылі ўпрыгожыць адну з ёлак эксклюзіўнымі цацкамі ручной работы, якія зрабілі педагогі і дзеці школы. Гэта шары, званочкі, сняжынкі, анёлкі, звязаныя кручком, зробленыя з саломкі. Другую ялінку ўпрыгожыла вязанымі цацкамі настаўніца працоўнага навучання Іна Кошур. А настаўніца пачатковых класаў Алена Жывень, як даўней, упрыгожыла сваё дрэўца смачнымі пернікамі.
Побач з ёлачнымі ўпрыгажэннямі ёсць яшчэ і выстава навагодніх паштовак: “Першыя калядныя паштоўкі”, “Паштоўкі ваеннага часу”, “Гісторыя касманаўтыкі ў навагодніх паштоўках”.
– Арганізоўваючы падобныя выставы, мы знаёмім падрастаючае пакаленне з гісторыяй узнікнення навагодняй цацкі, вучым беражліва ставіцца да святочных народных традыцый і звычаяў, умацоўваем сувязь пакаленняў. Далучаючы сваіх дзетак да народнай культуры, паказваем гісторыю развіцця краіны, тую гісторыю, якую перапісаць немагчыма, – заключыла Марына Міхайлаўна.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара