В Кореличском районе людям с инвалидностью помогают пройти адаптацию к трудовой деятельности и найти работу

Інваліднасць — не прыгавор. У гэтай выснове пераконваешся, калі знаёмішся з мерамі па працаўладкаванні людзей з інваліднасцю адпаведнымі службамі ў раёне і прадстаўнікамі дадзенай катэгорыі — моцнымі духам і ўлюблёнымі ў жыццё, мэтанакіраванымі і працавітымі, якія знаходзяць у сабе сілы вярнуцца да актыўнага жыцця.

Як адзначае начальнік аддзела дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Наталля Гоцка, працаўладкаванне інвалідаў у раёне ажыццяўляецца з улікам патрабаванняў індывідуальнай праграмы рэабілітацыі, абілітацыі інваліда  на вакансіі, заяўленыя наймальнікамі  ва ўстаноўленым заканадаўствам  парадку, у адпаведнасці з маючай у грамадзяніна кваліфікацыяй,  вопытам работы, з улікам яго пажаданняў і станам здароўя. Менавіта зыходзячы з гэтых рэкамендацый супрацоўнікі службы занятасці вызначаюць, чым можна дапамагчы грамадзяніну, які мае інваліднасць, у пытанні рэалізацыі яго права на працу.

У Карэліцкім раёне на 1 кастрычніка гэтага года жывуць 487 чалавек з інваліднасцю ў працаздольным узросце, у тым ліку 277 такіх грамадзян маюць прафесійныя і працоўныя рэкамендацыі, з іх працуюць 150 чалавек. Аказанне садзеяння ў працаўладкаванні грамадзянам з інваліднасцю ажыццяўляецца ў рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы «Рынак працы і садзеянне занятасці» на 2021-2025 гады. Для гэтага спецыяльна для людзей з інваліднасцю штогод браніруюцца рабочыя  месцы. У гэтым годзе, напрыклад, устаноўлена бронь для прыёму на работу на свабодныя месцы 20 інвалідаў.

Для павышэння канкурэнтаздольнасці грамадзян з інваліднасцю на рынку працы праводзіцца адаптацыя да працоўнай дзейнасці. Гэта можа займаць ад паўгода да года, усе расходы па зарплаце і падатковых выліках за іх прадпрыемству кампенсуе дзяржава. У бягучым годзе ў аддзел дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама звярнуліся два грамадзяніна з інваліднасцю, якія працаўладкаваны ў рамках адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці.

У раёне арганізавана работа па інфармаванні беспрацоўных інвалідаў, якія маюць прафесійныя і працоўныя рэкамендацыі: людзям растлумачваецца парадак звароту ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, парадак рэгістрацыі, пералік неабходных для гэтага дакументаў. Важна і тое, што спецыялісты службы занятасці падыходзяць з увагай да кожнага чалавека з інваліднасцю, які прэтэндуе на працаўладкаванне. Рэалізуецца такая форма работы, як індывідуальнае суправаджэнне беспрацоўных інвалідаў да наймальніка для вырашэння пытання працаўладкавання. Сёння суправаджаемае працаўладкаванне прапаноўваецца ўсім зарэгістраваным у якасці  беспрацоўных інвалідам. Акрамя гэтага, служба занятасці аказвае фінансавую падтрымку тым, хто вырашыў працаваць сам на сябе і выбраў самастойную занятасць.

Як адзначылі ў цэнтры занятасці, спецыялісты акажуць садзейнічанне ў працаўладкаванні ўсім грамадзянам, якія жадаюць знайсці работу. Чалавек з інваліднасцю можа прэтэндаваць на любую вакансію, калі валодае неабходнымі прафесійнымі кампетэнцыямі і не мае абмежаванняў па індывідуальнай праграме рэабілітацыі.  З кожным годам усё больш выпадкаў, калі наймальнікі гатовыя прапанаваць работу людзям з інваліднасцю, і два бакі ад гэтага ў выйгрышы.

У якасці яскравага прыкладу ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама назвалі Анжаліку Мікалаеўну Шастак. Яе адаптацыя была ажыццёўлена з 1 чэрвеня 2018 года па 29 мая 2019 года па спецыяльнасці  «бібліятэкар» у ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка». Па заканчэнні адаптацыі яна прадоўжыла работу па гэтай спецыяльнасці, а ў 2022 годзе была пераведзена сакратаром аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама.

Мы гутарым з Анжалікай Мікалаеўнай ШАСТАК.

— Анжаліка Мікалаеўна, якую дапамогу аказаў Вам Карэліцкі раённы цэнтр занятасці? Як Вы праходзілі адаптацыю?

— Мне патэлефанавалі з раённага цэнтра занятасці і прапанавалі працу ў бібліятэцы, якая мне спадабалася і адпавядала стану майго здароўя. Аднак я сумнявалася: за год лячэння адвыкла ад зносін з людзьмі. Перажывала, як успрыме мяне новы калектыў, але мяне ў бібліятэцы сустрэлі настолькі добразычліва, што згадзілася і ніколі не пашкадавала аб гэтым.

— Што Вам дала праца ў раённай бібліятэцы?

— Я па прафесіі педагог, і раней часта наведвала бібліятэку. У перыяд адаптацыі  дасканала асвоіла новую прафесію, якая аказалася вельмі цікавай. Сустрэлася з людзьмі, якія любяць кнігі. Я ўзбагацілася духоўна, за падтрымку і дапамогу хачу падзякаваць маім калегам, асабліва Валянціне Кошур.

— Што ўвогуле азначае праца для чалавека з інваліднасцю?

— Гэта магчымасць адчуць сябе нараўне з астатнімі. Быць карыснай грамадству і забыцца пра сваю хваробу і непрыемнасці, адпусціць дрэнныя думкі — і прадаўжаць жыць.

— Адкуль чэрпаеце сілы жыць і працаваць?

— Сям’я была і засталася для мяне апорай і падтрымкай. Муж Валерый Анатольевіч на працягу 5 гадоў быў побач, надзейнай апорай, памочнікам ва ўсіх справах. Гэта прыдавала сілы і жаданне жыць.

— Наколькі мне вядома, Вы займаецеся кветкаводствам. Што даюць кветкі?

— Кветкі — гэта бальзам для душы. Падчас хваробы пазнаёмілася з людзьмі, якія займаюцца кветкаводствам, і паступова палюбіла гэтую справу. Кветкі саджу каля дома, а насенне і саджанцы выпісваю з усёй рэспублікі. З сяброўкамі мяняемся імі, кветкі ў мяне разнастайныя. Адных толькі ружаў больш за 150 сучасных сартоў. Яшчэ вельмі люблю гартэнзіі, яны прыгожа цвітуць на працягу ўсяго сезона.

Хачу адзначыць, што я ўдзельнічала на працягу трох гадоў у раённым конкурсе кампазіцый кветак і займала першае месца. Друкавалася ў часопісах «Садовый дизайн» і «Хозяин». У артыкулах дзялілася вопытам вырошчвання півоняў, ружаў, ірысаў, вербаў, гартэнзій.

— Вам у свой час давялося працаваць дырэктарам Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна і мець зносіны з інвалідамі. Гэта дапамагае ў сённяшніх буднях?

— Я лепш разумею гэтых людзей. Тым больш, сама пабывала ў іх становішчы. Ніхто ад хваробаў і бедаў не застрахаваны. Трэба заўсёды быць людзьмі і праяўляць добрыя адносіны да інвалідаў.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота з архіва «Полымя»