Сейбіт на духоўнай ніве святар Карэліцкай царквы Андрэй Чарнякоўскі пакінуў добры след на зямлі

Шаноўны чытач, ці заўважаў ты сумную заканамернасць: чым старэйшымі мы становімся, тым больш імкліва бяжыць час. Раней здавалася, што ён ідзе досыць павольна, а цяпер дні ляцяць проста імгненна. І вось я ўжо апынулася  ў 64-ым вагоне жыццёвага цягніка, які хутка прымчыць мяне да чарговага юбілею. За апошнія дзесяцігоддзі найбольш цікавымі прыпынкамі на шляху майго жыццёвага і, як аказалася пазней, яшчэ і краязнаўчага цягніка былі станцыі – “Год роднай зямлі”, “Год малой радзімы”, цяпер я наблізілася да станцыі пад назваю “Год гістарычнай памяці”. Мой краязнаўчы цягнік напалову карацейшы за жыццёвы, але налічвае ўжо нямала вагонаў.  Кожны прыпынак гэтага цягніка даваў магчымасць не столькі адпачынку, колькі напружанай працы, бо хацелася, каб на чарговай станцыі мяне чакаў падарунак у выглядзе доўгачаканага выпакутаванага дзіцяці – новай кнігі. На бліжэйшай станцыі ў 65-ым вагоне жыццёвага цягніка я рыхтуюся сустрэць сваё чарговае дзіця – дзясятую краязнаўчую кнігу.

Мае кнігі нараджаліся на працягу шэрагу гадоў, дзякуючы шматлікім паездкам, пошукавай працы ў беларускіх і замежных архівах, бібліятэках, перапісцы з цікавымі людзьмі, сустрэчам з многімі вядомымі вучонымі, пісьменнікамі, мастакамі і іншымі творцамі, якія дапамагалі лепш зразумець  сённяшні дзень у святле нядаўніх або больш аддаленых падзей. У выніку скрупулёзных пошукаў удалося вярнуць з забыцця  імёны некаторых нашых землякоў, пра якіх мы пакуль што ведалі мала або не ведалі зусім.

Яшчэ адзін важны вынік падарожжа ў мінулае – гэта магчымасць прыадкрыць завесу часу дзякуючы ўнікальным фотаздымкам, якія, як каштоўная рэліквія, захоўваюцца ў сямейных альбомах, і могуць расказаць захапляльныя гісторыі жыцця сваіх уладальнікаў. Трэба толькі навучыцца ўважліва слухаць іх ціхія галасы і бачыць сляды даўніны праз паціну часу. Дакументы, фотаздымкі, успаміны людзей надзейна захоўваюць памяць аб мінулым і дапамагаюць знайсці адказы на пытанні аб прызначэнні чалавека на зямлі. І кнігі мае аб лёсах такіх людзей, якія пакінулі на зямлі свой добры след.

Нядаўна ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, у серыі “Беларусь літаратурная” выйшла кніга “Лучнасць сэрцаў і дум”, прымеркаваная да Дня беларускага пісьменства. У гэтай кнізе пад адной вокладкай сабраны паэзія, проза, публіцыстычныя і гісторыка-краязнаўчыя артыкулы творцаў з усёй Беларусі, у тым ліку 17 аўтараў з Гродзеншчыны. Мне вельмі прыемна, што мой нарыс “Сябра Янкі Купалы” таксама прадстаўлены на старонках такога грунтоўнага выдання. Спадзяюся, што чытачам будзе цікава пазнаёміцца з лёсам нашага земляка, які добра ведаў Янку Купалу. А сёння аповед мой пра аднаго з сейбітаў на духоўнай ніве – святара Андрэя Чарнякоўскага.

“ДЫ  ЛЮБІЦЕ  АДЗІН  АДНАГО!”

“Гэта ёсць запаведзь Мая, ды любіце адзін аднаго, як Я

палюбіў вас. Няма больш той любові, як калі хто

пакладзе душу сваю за сяброў сваіх”. 

Ін, гл.15: 12-13

Урок Закона Божага, які праводзіў святар Карэліцкай царквы Андрэй Чарнякоўскі, пачаўся, як заўсёды, з ранішніх малітваў. Перад пачаткам заняткаў з асаблівым благагавеннем прагучала малітва  “Ойча наш”.  Далей айцец Андрэй нагадаў вучням пра запаведзі Закона Божага, пра якія ўжо гаварылася на папярэдніх уроках.

На гэты раз гутарка ішла пра пятую запаведзь, якая абвяшчае: “Шануй бацьку твайго і маці тваю”. Святар гаварыў пра тое, што гэтай запаведдзю Бог загадвае нам шанаваць сваіх бацькоў і за гэта абяцае нам шчаслівае і доўгае жыццё. Шанаваць бацькоў — значыць любіць іх, быць пачцівымі да іх, не абражаць ні словам, ні ўчынкам, дапамагаць ім, клапаціцца пра іх, асабліва падчас хваробы і старасці, маліцца за іх Богу як пры жыцці іх, так і пасля смерці. Трэба шанаваць таксама бацькоў духоўных, выхавацеляў, настаўнікаў, якія імкнуцца вучыць нас і даць нам усё добрае і карыснае. Грашаць тыя, хто не паважае старэйшых.

На кожным уроку пасля тлумачэння запаведзяў законанастаўнік нагадваў дзецям, што прытрымлівацца іх абавязаны кожны хрысціянін. Ён добра ведаў, што для гэтага спатрэбіцца нялёгкая праца душы на працягу ўсяго чалавечага жыцця, але разумеў, што закладваць асновы маральнага выхавання неабходна з дзяцінства. Людзі ніколі не былі ідэальнымі, але павінны імкнуцца да гэтага, а вера можа стаць тым стрымліваючым фактарам, які дапаможа пазбегнуць многіх благіх учынкаў.

Андрэй Чарнякоўскі  і  Карэліцкая  царква

Андрэй Фёдаравіч Чарнякоўскі быў прызначаны святаром Карэліцкай Петра-Паўлаўскай царквы ў 1871 годзе. Ён скончыў Мінскую духоўную семінарыю ў 1863 годзе і на наступны год быў пасвечаны ў святары Вальнянскай Свята-Троіцкай царквы Навагрудскага павета, прызначаны духоўнікам пры Вальнянскім манастыры і настаўнікам Вальнянскага народнага вучылішча. З 1866 года служыў ужо ў Мала-Жухавіцкай царкве, і праз два гады яго старанная служба была благаслаўлёна набедраннікам. Указам Мінскай Духоўнай Кансісторыі ад 24 лютага 1871 года яго перавялі да Карэліцкай царквы, прызначылі законанастаўнікам Карэліцкага пачатковага вучылішча і за руплівасць узнагародзілі скуф’ёю.

Петра-Паўлаўская царква ў Карэлічах. Пачатак XX-ст

У 1886 годзе Карэліцкую царкву наведаў епіскап, які не толькі зрабіў агляд храма, праэкзаменаваў дзяцей у веданні малітваў, але аб’явіў прыхаджанам аб распараджэнні ўрада адносна адкрыцця царкоўна-прыходскіх школ у вёсках для адукацыі народа і навучання яго ў ісцінах веры. Уладыка патлумачыў, што ў такіх школах будуць вывучаць перш за ўсё Закон Божы – вучэнне Хрыста, якое вучыць рабіць добрыя справы і ратуе чалавека ад грахоў, злачынстваў і заган.

У лістападзе 1884 года ў Карэлічах ужо была адкрыта царкоўна-прыходская школа, але яна размяшчалася ў цеснай царкоўнай вартоўні. Святар і прыхаджане разумелі нязручнасць такога памяшкання і паклапаціліся аб будаўніцтве новага будынка для школы.

У снежні месяцы 1887 г. на пасяджэнні Мінскага епархіяльнага вучылішчнага савета слухалі рапарт святара Карэліцкай царквы ад 17 верасня з просьбай аб прызначэнні грашовай дапамогі ў памеры 150 – 200 руб. на пабудову царкоўна-прыходскай школы ў м. Карэлічы, бо царкоўная вартоўня, у якой на той час вучыліся дзеці, была невялікая і не адпавядала свайму прызначэнню. У карэліцкім прыходзе налічвалася каля 500 дзяцей школьнага ўзросту, з іх толькі невялікая колькасць магла атрымліваць веды  ў народным вучылішчы, а астатнія не мелі магчымасці вучыцца.

Вучылішчны савет вырашыў выдаць на будоўлю школы ў м. Карэлічы 100 рублёў, калі астатнюю неабходную суму змогуць сабраць самі прыхаджане. Андрэй Чарнякоўскі паклапаціўся аб тым, каб жыхары м. Карэлічы падумалі пра адукацыю сваіх дзяцей. У гэтым яго падтрымалі стараста Карэліцкай царквы Ігнацій Лазарэвіч і члены царкоўна-прыходскага папячыцельства. У 1888 г. у склад яго ўваходзілі Восіп Масюкевіч, Фёдар Камейка, Іван Нячай, Сцяпан Кузьміч, Іван Кохан, Іван Вярбіцкі, Восіп Шчэмер, Франц Шэўка, Якаў Крака, Восіп Макоўскі, Іван Казляк і Данііл Дзянькевіч.

Прыхаджане царквы ў розныя часы ахвяравалі храму царкоўнае начынне і грошы. Так, у 1886 г. яны атрымалі падзяку епархіяльнага начальства за пабудову  вакол царквы драўлянай агароджы коштам у 250 рублёў, у 1895 г. – за ахвяраванне ў царкву двух металічных падсвечнікаў коштам 100 рублёў, атласа на прастол, ахвярніка і аналоя за 25 рублёў. Селянін Аляксандр Вярбіцкі ахвяраваў храму сярэбрана-вызалачаны крыж коштам 80 рублёў, Фама Кужалевіч – сярэбраны пазалочаны пацір (чашу для прычашчэння) за 120 рублёў.

Не засталіся людзі раўнадушнымі і да такой важнай справы як будаўніцтва царкоўна-прыходскай школы. Дзякуючы ахвяраванням прыхаджан, клопатам святара Карэліцкай царквы Андрэя Чарнякоўскага і дапамозе Мінскага Епархіяльнага Свята-Мікалаеўскага брацтва, якое асігнавала на пабудову школы 225 рублёў, школа была пабудавана ў ліпені 1889 года, але асвячэнне яе было адкладзена да свята Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, бо ў гэты дзень у мястэчку Карэлічы збіралася шмат народу. Вернікі ішлі на святочную службу ў царкву, акрамя таго ў мястэчку ў гэты дзень адбываўся кірмаш, таму асвячэнне новага будынка для царкоўна-прыходскай школы ў Карэлічах адбылося 8 верасня (ст.ст.) 1889 года. Пасля літургіі, якая праходзіла ў Карэліцкай царкве, хрэсны ход накіраваўся да новага будынка школы, што размяшчаўся недалёка ад царквы. У вялікім светлым пакоі школы благачынны святар Ярэміцкай царквы Іосіф Рыбцэвіч пры ўдзеле святароў Мірскай, Карэліцкай, Шчорсаўскай  цэркваў акрапіў дом святою вадою і святым алеем памазаў выразаныя на чатырох сценах крыжы.

Давайце зазірнем у часопіс “Мінскія епархіяльныя ведамасці” за 1889 год і паспрабуем уявіць сабе, як выглядаў будынак новай школы. Мы ўбачым “цудоўны дом, на мураваным фундаменце, з сасновага дрэва, даўжынёю 21 аршын, шырынёю 10 і вышынёю сцен 4 1/2 аршына, пакрыты гонтам, падлога драўляная, усе вокны – з двайнымі рамамі, як у класным, так і ў настаўніцкім пакоі, пафарбаваны белаю маслянаю фарбаю, а 4 дзверы, з якіх уваходныя – філянгавыя, пафарбаваны пад ясень, з унутранымі трывалымі замкамі і акоўкаю”. У класе і ў пакоі настаўніка звернем увагу на печкі з зялёнай кафлі, а на кухні – на рускую печ. Парадуемся за якасна зробленыя вучнёўскія лаўкі, класную дошку і шафу для бібліятэкі, за чысціню, утульнасць і прыгажосць.

На ўрачыстым асвячэнні царкоўна-прыходскай школы прысутнічала шмат прыхаджан з Ярэміцкага, Беразавецкага, Турэцкага, Руцкага, Шчорсаўскага, Нягневіцкага і іншых прыходаў, быў і міравы суддзя 2-га ўчастка Навагрудскага павета Барзоў С. П. У прысутных падзея выклікала самыя прыемныя ўражанні, а прыхаджане Карэліцкай царквы, якія  добра папрацавалі, каб школа з’явілася на свет, былі вельмі рады за сваіх дзяцей і ўдзячны свайму пастыру айцу Андрэю, які прыклаў шмат намаганняў дзеля гэтай святой справы.

Царкоўна-прыходская школа ў Карэлічах

Андрэй Чарнякоўскі шмат гадоў клапаціўся аб тым, каб навучанне ў школе вялося на належным узроўні. 4 мая 1890 года Карэліцкую жаночую царкоўна-прыходскую школу наведаў інспектар народных вучылішч С. Кваснецкі. Заняткі ў школе закончыліся ў першай палове красавіка, паколькі ўжо пачаліся веснавыя работы, і сяляне пакінулі дзяцей дома дапамагаць па гаспадарцы. Давялося загадчыку школы, законанастаўніку Андрэю Чарнякоўскаму, збіраць дзяцей у навучальную ўстанову.

З 38 дзяўчынак, якія вучыліся ў школе, на сустрэчу з інспектарам прыйшло 20 чалавек – 13 дзяўчынак з малодшай групы, 2 – з сярэдняй і 5 – са старэйшай. Інспектар пераканаўся ў тым, што вучаніцы малодшай групы добра ведаюць малітвы, а старэйшыя ахвотна пераказваюць розныя падзеі са свяшчэннай гісторыі Старога Запавету, якія вывучалі на ўроках Закона Божага, нядрэнна чытаюць на рускай і царкоўна-славянскай мовах, асабліва старэйшыя, і могуць даць некаторыя тлумачэнні па зместу прачытанага. У малодшай групе дзяўчынкі навучыліся пісаць літары, а ў сярэдняй і старэйшай – кароткія сказы. Па просьбе інспектара вучаніцы змаглі напісаць на дошцы свае імёны і прозвішчы. А вось задачы па арыфметыцы яны рашалі пакуль слабавата, аднак умелі лічыць да 100 і далей.

Інспектар прыйшоў да высновы, што заняткі ў школе вяліся настаўнікамі старанна, хаця, як заўважыў айцец Андрэй Чарнякоўскі, ніхто з іх не атрымліваў ніякага ўзнагароджання за сваю працу. Спевы даволі паспяхова выкладаў у школе настаўнік мясцовага народнага вучылішча Аляксандр Краскоўскі. Рукадзеллем займалася з вучаніцамі пляменніца святара Дар’я Іванаўна Чарнякоўская, якая вельмі ўважліва і старанна адносілася да гэтай справы. Дзяўчынкі навучыліся прыгожа вышываць ручнікі і аздабляць вышыўкай кашулі. Заняткі па ўсіх астатніх прадметах, акрамя Закона Божага, вяла жонка мясцовага дыякана-псаломшчыка Надзея Сцяпанаўна Жог, якая скончыла Мінскае жаночае духоўнае вучылішча, і, мяркуючы па выніках іспытаў, шмат займалася з дзецьмі. У царкоўна-прыходскай школе вывучаліся наступныя прадметы: Закон Божы, руская мова, царкоўна-славянская мова, царкоўная гісторыя, царкоўныя спевы, арыфметыка, грамадзянская гісторыя, геаграфія, чыстапісанне.

Загадчык школы, айцец Андрэй Чарнякоўскі, пастаянна назіраў за заняткамі і дапамагаў школе, чым мог. Дзякуючы яму за кошт сродкаў Мінскага епархіяльнага Брацтва школа набыла 15 трохмесных сталоў, дзве вялікія класныя дошкі, шведскія лічыльнікі і вялікую кніжную шафу, у якой цяпер знаходзілася мноства навучальных кніг і дапаможнікаў. Патрэбнымі кнігамі школьную бібліятэку таксама дапамог укамплектаваць Андрэй Чарнякоўскі. У сваіх нататках па агляду царкоўна-прыходскіх школ у Навагрудскім павеце інспектар адзначыў, што Карэліцкая школа можа лічыцца адной з лепшых па ўкамплектаванню навучальнымі прыналежнасцямі. Ён палічыў, што праца настаўнікаў заслугоўвае матэрыяльнага заахвочвання, і прапанаваў, каб штогод са сродкаў Мінскага епархіяльнага Брацтва выплачвалася жалаванне ў памеры 150 рублёў настаўніцы і ўзнагароджанне (50 рублёў) святару за загадванне школай і на розныя гаспадарчыя выдаткі. Гэтым самым школа атрымала б трывалую падтрымку. І ўжо цяпер установе трэба было б вылучыць аднаразовую падтрымку ў памеры каля 60 рублёў для ўзнагароджання тых настаўнікаў, якія на працягу мінулага навучальнага года праводзілі заняткі з дзецьмі без ніякай аплаты. Такое грашовае заахвочванне надало б ім энергіі і сіл для далейшай працы.

Час ад часу настаўніцы ў школе мяняліся. У 1893 годзе ўрокі вяла Надзея Чудзіновіч, у 1895 г. – Ганна Чысцякоўская, у 1898 г. – Ганна Савіч, у 1901 г. – Стэфаніда Зіміёнка. Андрэй Чарнякоўскі, які заставаўся загадчыкам школы і вёў урокі Закона Божага, стараўся стварыць спрыяльныя ўмовы для новых настаўніц, дапамагаў ім парадамі.

У 1891 г. у Карэліцкім прыходзе меліся таксама тры рухомыя школы граматы. У  Запольскай школе вучылася 14 хлопчыкаў, заняткі вёў селянін М. Салавей. Палужскую школу наведвала 11 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак, іх вучыў селянін Н. Патрэба. У в. Краснае настаўнік Н. Бязмен навучаў 13 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак.

Служэнне святара Андрэя Чарнякоўскага на ніве асветы як загадчыка і законанастаўніка царкоўна-прыходскай школы неаднаразова адзначалася падзякаю Яго Праасвяшчэнства  епіскапа Мінскага і Тураўскага, а таксама Мінскага Епархіяльнага вучылішчнага савета, які ў 1900 годзе адзначаў, што святар праяўляе асаблівы клопат аб школе, руплівасць да заняткаў і ўвагу да поспехаў вучняў. У справаздачы навагрудскага епархіяльнага наглядальніка, які ў 1898/1899 гг. наведаў царкоўна-прыходскія школы павета, гаварылася, што святар Андрэй Чарнякоўскі прыклаў шмат старання для поўнага добраўпарадкавання Карэліцкай жаночай царкоўна-прыходскай школы і ў той жа час уважліва сачыў  за сваімі чатырма школамі граматы, у якіх навучалася больш за 170 дзяцей. Поспехі навучання ў школах Карэліцкага прыхода наглядальнік палічыў вельмі здавальняючымі.

Падзяка за старанную службу аб’яўлялася святару, пачынаючы з 1885 года, амаль штогод, у 1891 г. за асаблівую стараннасць святар быў узнагароджаны кнігаю “Біблія” ад Святога Сінода. У 1898 годзе асветніка ўзнагародзілі ордэнам Святой Ганны 3-й ступені за 25-гадовую працу на ніве народнай адукацыі. З 1903 да 1913 года Андрэй Чарнякоўскі працягваў штогод атрымліваць падзяку Мінскага Епархіяльнага вучылішчнага Савета за асабліва руплівыя адносіны да царкоўна-школьнай справы, што неаднойчы адзначалася і ў фармулярных спісах аб службе. У 1910 годзе святар быў узнагароджаны за службу па епархіяльным ведамстве ордэнам Святой Ганны 2-й ступені.

У пачатку 1900-х гадоў на духоўнай ніве ў Карэлічах паспяхова шчыруюць ужо два святары. У 1902 г. у Карэліцкай царкве з’явіўся 24-гадовы Уладзімір Любіч, які даводзіўся пляменнікам жонцы Андрэя Чарнякоўскага, Алене Мацвееўне. 60-гадовы  Андрэй Чарнякоўскі быў прызначаны настаяцелем Петрапаўлаўскай царквы. Уладзімір Любіч становіцца законанастаўнікам Карэліцкага народнага вучылішча, а ў 1906 годзе – законанастаўнікам і загадчыкам Карэліцкай царкоўна-прыходскай школы.  Андрэй Чарнякоўскі пачынае загадваць Запольскімі царкоўна-прыходскімі школамі (мужчынскай і жаночай), якія ён  раней адкрыў у сваім прыходзе.

Карэліцкай царкоўна-прыходскай школе шанцавала на добрых настаўніц. З 1904 года тут працавала Фацінія Мачульская, з 1908 да 1914 года –  Вольга Жалезняковіч. Руплівасць гэтых настаўніц таксама не раз станоўча адзначалася вучылішчным саветам.

Трэба адзначыць, што Андрэй Чарнякоўскі быў апекуном сваіх пляменнікаў – Надзеі, Ганны, Івана і Лідзіі, бацька якіх, святар Іаан Чарнякоўскі, памёр. Карэліцкі святар аплачваў вучобу пляменніцы Ганны ў Парыцкім жаночым духоўным вучылішчы і астатнім дзецям дапамагаў, чым мог.

“Хто мае вушы, каб чуць, няхай пачуе!”

Разумны і таленавіты Андрэй Фёдаравіч Чарнякоўскі абраў шлях служэння Богу і людзям і на гэтай ніве здзейсніў шмат добрых спраў. Адной з такіх важных спраў стала яго асветніцкая дзейнасць і адкрыццё новых школ. Перад ім заўсёды быў прыклад Ісуса Хрыста, які гаварыў вучням: “Пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім, бо такіх ёсць Царства Божае. Праўду кажу вам: хто не прыме Царства Божае, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго”. [ Мк.10:13-16] З гэтымі словамі Збавіцель блаславіў дзяцей.

Святар шмат гадоў вёў урокі Закона Божага і тлумачыў вучням прыпаведзі Ісуса Хрыста, якія дапамагалі лепш зразумець вучэнне Збавіцеля і выхоўвалі ў дзяцей лепшыя чалавечыя якасці. Не раз нагадваў ён прытчу аб талентах, накіраваную супраць ленасці і нядбайнасці нашай.

Гэта прыпаведзь пра чалавека, які, накіроўваючыся ў далёкую краіну, даручыў нявольнікам сваю маёмасць і даў ім сярэбраныя таланты (грошы ў старажытнасці): аднаму – 5, другому – 2, а трэцяму – 1, кожнаму па яго сіле. Вярнуўшыся, ён патрабаваў ад іх справаздачы. Першы выкарыстаў срэбра ў справе і прынёс яму ўжо 10 талантаў, другі аддаў замест двух  4, а трэці не хацеў працаваць і сказаў, што ён схаваў талант у зямлю і зараз вяртае яго. Гаспадар пахваліў тых, хто прымножыў набытак, а апошняга назваў  лянівым і хітрым і загадаў аддаць гэты талант таму, хто набыў 10 талантаў, “бо кожнаму, хто мае, дасца і памножыцца, а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што ёсць. А лянівага нявольніка выкіньце ў цемру апраметную: там будзе плач і скрыгат зубоў”. Сказаўшы гэту прыпаведзь, Ісус Хрыстос абвясціў: “Хто мае вушы, каб чуць, няхай пачуе!” [Мф. Гл.25: 14 – 30]

Гэта прыпаведзь азначае, што ўсе людзі атрымліваюць ад Госпада розныя дары: жыццё, здароўе, сілы, здольнасці, жыццёвыя выгоды і іншае, каб гэтымі дараваннямі служыць Богу і бліжнім. Пад дарамі Божымі ў прыпаведзі маюцца на ўвазе таленты. Бог ведае, колькі трэба даць кожнаму па яго здольнасцях, таму і атрымліваюць – адзін больш, другі менш. Хто як скарыстаўся дарамі Божымі, у тым кожны чалавек павінен будзе даць справаздачу Госпаду. Хто ўжыў іх на карысць сабе і іншых, той атрымае пахвалу ад Госпада і вечныя нябесныя радасці; а гультаяватыя і нядбайныя людзі будуць асуджаны на вечныя пакуты.

“Нельга зарываць у зямлю свой талент, ён павінен быць прымножаны”, — вучыў школьнікаў законанастаўнік Андрэй Чарнякоўскі.

Сейбіт на духоўнай ніве

Думаю, што карэліцкім жыхарам вельмі пашанцавала, што  на працягу многіх гадоў і да апошніх дзён свайго жыцця Андрэй Чарнякоўскі заставаўся руплівым сейбітам на духоўнай ніве. Немагчыма вучыць духоўным ісцінам, не маючы прызвання і любові да людзей і жадання дапамагчы ім. Святар заваяваў павагу прыхаджан не толькі сваімі глыбокімі ведамі, што  адзначалі яго настаўнікі яшчэ падчас заканчэння семінарыі, але і бездакорным правядзеннем царкоўных абрадаў, старанным прамаўленнем пропаведзей і павучанняў. У паслужных спісах на працягу многіх гадоў адзначалася не толькі яго руплівасць у гэтай справе, але і выдатныя паводзіны. У дакументах 1870 – 1900 гг. засталіся запісы, што Андрэй Чарнякоўскі “поучает прихожан неопустительно, усердно и ревностно” (у 1875 і 1878 гг. прамовіў 35 павучанняў, у 1900 г. – 68),  а паводзіны ў яго выдатныя. Акрамя таго, ён клапаціўся аб храме і царкоўных школах, якія сам адкрываў, і дзе вёў урокі.

Старанны і дбайны святар, таленавіты прапаведнік і добразычлівы чалавек, Андрэй Чарнякоўскі быў выдатным педагогам і псіхолагам, дапамагаў людзям весці праведны лад жыцця, падтрымліваў тых, хто меў у гэтым патрэбу.

Хочацца ўспомніць прыпаведзь пра сейбіта, якую святару даводзілася не раз тлумачыць людзям у царкве і дзецям на ўроках. Вось выйшаў сейбіт сеяць; і калі ён сеяў, то адно насенне ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і паклявалі яго. Іншае насенне ўпала на камяністае месца, дзе было мала зямлі; яно ўзышло, але хутка засохла, таму што не мела кораня і вільгаці. Яшчэ адно ўпала ў пустазельную траву, і яна заглушыла яго. А іншае насенне трапіла ў добрую зямлю, яно прарасло і прынесла багаты плод.

Збавіцель тлумачыў гэту прыпаведзь так: сейбіт сее слова, а зямля пры дарозе – гэта сэрца няўважлівага чалавека, да якога слова Божае не мае доступу, і вораг роду чалавечага выкрадае яго з сэрца. Камяністае месца азначае людзей, у якіх жыццёвыя клопаты, багацце і розныя заганы заглушаюць у душы слова Божае. Урадлівая зямля – гэта людзі з добрым сэрцам, якія слухаюць слова, прымаюць яго і прыносяць плод – добрыя справы. [Мк. Гл.4: 1- 20]

Безумоўна, на працягу доўгіх гадоў сустракаліся ў жыцці святара Андрэя Чарнякоўскага і камяністыя месцы, і пустазелле, але вельмі часта яго слова трапляла на ўрадлівую зямлю, прарастала і прыносіла добрыя плады.

Памятаў святар словы Збавіцеля з Нагорнай пропаведзі: “Не давайце святыні сабакам, і не кідайце жэмчугу вашага перад свіннямі, каб яны не растапталі яго нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разадралі вас.

Прасіце, і дадзена будзе вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам”. [Мф. Гл.7: 6-7]

24 снежня 1913 года настаяцель Карэліцкай царквы Андрэй Чарнякоўскі адышоў у вечнасць. Служэнню царкве ён аддаў амаль паўстагоддзя (да гэтага тэрміну не хапіла ўсяго два месяцы), з іх 32 гады праслужыў у Карэліцкай царкве. Яго жонка Алена Мацвееўна пайшла з жыцця ў 1911 годзе. Яна была пахавана каля Карэліцкай царквы, дзе да сённяшняга часу захаваўся помнік на яе магіле. На жаль, дакладна невядома, дзе быў пахаваны Андрэй Чарнякоўскі, бо помніка побач з магілаю жонкі няма. Магчыма, ён не захаваўся, што дзіўна, таму што пляменнік яго жонкі, святар Уладзімір Любіч працягваў служыць у Карэлічах і ў 1930-я гады. Пахаваны ён таксама каля царквы, і надпіс на яго помніку сведчыць, што памёр ён 1 студзеня 1936 года, так што ў яго быў час, каб паклапаціцца пра помнік сваяку.

Помнік на магіле Алены Чарнякоўскай

З дакументаў вынікае, што апошнюю падзяку Мінскага епархіяльнага вучылішчнага савета  за загадванне Запольскімі школамі святар атрымаў у 1913 годзе, а ў канцы года яго не стала. Магчыма, састарэлага святара ў апошнія месяцы жыцця забрала да сябе адна з яго пляменніц, якая жыла ў іншай мясцовасці, і ён аказаўся пахаваны далёка ад дома. Пакуль на гэта пытанне няма адказу, але зразумела, што памяць пра гэтага рупліўца на ніве асветы павінна захоўвацца на той зямлі, якой ён аддана служыў шмат гадоў.

Святлана Кошур,

член Саюза пісьменнікаў Беларусі