Мірскай батлейцы надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі
29 снежня Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры адзінагалосна падтрымала прапанову аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці традыцыі Мірскай батлейкі.
Батлейка, бетлейка (ад польск.: Betleem — назва г. Віфлеема) — беларускі народны тэатр лялек, спачатку і ў асноўным на рэлігійную, у прыватнасці біблейскую тэматыку, які атрымаў распаўсюджванне ў Беларусі, пачынаючы ад XVI стагоддзя і перажывае адраджэнне ў форме нацыянальнага лялечнага каляднага тэатра ў наш час.
Прапанову прадставіў кіраўнік народнага тэатра лялек «Мірская батлейка», намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мірскага дзяржаўнага каледжа Канстанцін Петрыман. Ён ужо больш за 10 гадоў займаецца аднаўленнем і захаваннем традыцый батлейкі.
— Больш за год вялася работа па падрыхтоўцы пакета дакументаў па ўключэнні ў дзяржспіс Мірскай батлейкі, — расказвае Канстанцін Леанардавіч, — таму сёння эмоцыі проста перапаўняюць. Справа ў тым, што традыцыі такой батлейкі, як Мірская, раней нідзе не апісваліся, яны былі напалову забытыя. Гэта наш рэгіянальны здабытак, які мог проста загінуць. Але дзякуючы працы многіх людзей яго ўдалося не толькі захаваць, але і надаць статус дзяржаўнай каштоўнасці. Я адчуў, што наша дзяржава зацікаўлена ў тым, каб спадчына нашых продкаў жыла вечна, зразумеў важнасць гэтай справы.
Увогуле, каб не Мірскі дзяржаўны каледж, то мясцовая батлейка наўрад ці была б вернута з небыцця. Менавіта выкладчыкі каледжа культуролагі Элеанора Аляхновіч, Галіна Жаровіна, Ганна Выгонная ведалі, што на нашых землях, акрамя батлейшчыкаў Моніча і Барашкі, існаваў яшчэ і лялечны тэатр братоў Сілко. Ён карэнным чынам адрозніваўся ад усіх астатніх. Па-першае, гэта былі ў асноўным вершаваныя прадстаўленні, па-другое, адметнай была пабудова лялечных роляў. Напрыклад, Чорт і Смерць маглі знаходзіцца за дзвярыма, чаго ў другіх тэатрах увогуле не бывае, а траплялі на сцэну (значыць на зямлю), калі авалодвалі душой чалавека. Па-трэцяе, гэтыя прадстаўленні адбываліся ў дні Піліпаўскага посту. Звычайна ж батлейкі іграюць падчас Калядаў, а не па-за імі.
З 2011 года Канстанціну Петрыману і яго памочнікам (часцей за ўсё навучэнцам каледжа) удалося рэканструяваць тры 20-хвілінныя прадстаўленні, якія адносяцца да пачатку ХХ стагоддзя. Гэта п’еса “Салдат і Чорт” па матывах Першай сусветнай вайны, прысвечаная жыхарам Міра. Давалася звычайна падчас Мікалаеўскага кірмаша, які праходзіў у пасёлку. Дарэчы, падчас прадстаўленняў браты Сілко перавязваліся ручнікамі, тым самым сімвалізуючы анёльскі чын і імітуючы дыяканаў. Гэта таксама яскравая адметнасць нашай батлейкі.
Другая п’еса “Калядна” ўяўляе сабой цэлы калядны абрад. Такога кшталту батлеечныя абрады дагэтуль невядомыя, таму зноў такі быў падняты цэлы пласт народнай культуры, дагэтуль невядомы. Трэцяя п’еса “Дары” таксама калядная.
Спачываць на лаўрах сучасныя мірскія батлеечнікі не збіраюцца. Ёсць планы па вывучэнні традыцый батлеек Моніча і Барашкі, якія таксама давалі прадстаўленні на мірскай зямлі. Магчыма, штосьці з іх рэпертуару ўдасца адаптаваць да Мірскай батлейкі.
Канстанцін Петрыман і яго акцёры ў гэтыя Калядныя дні нарасхват: іх запрасілі выступіць у Міры і Аюцавічах, Слоніме і горадзе Іванава Брэсцкай вобласці. Ведаючы няўрымслівы характар Канстанціна Петрымана, акцёра, рэжысёра і ідэйнага натхняльніка гэтага невялікага, але такога каштоўнага для Беларусі тэатра, можна не сумнявацца: мы яшчэ не раз пачуем гучныя апладысменты ў адрас Мірскай батлейкі!
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара