Настаўнік вакальна-харавых дысцыплін Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Кулак узнагароджана медалём Беларускай Праваслаўнай царквы

У Слонімскім Цэнтры культуры і адпачынку ў рамках заключнага этапу рэгіянальных Калядных чытанняў прайшло духоўна-асветніцкае мерапрыемства «Глабальныя выклікі сучаснасці і духоўны выбар чалавека».

У мерапрыемстве прыняла ўдзел дэлегацыя ад Карэліцкага раёна. Высокую ўзнагароду — медаль Беларускай Праваслаўнай царквы (Беларускага Экзархата) «1030-годдзе Праваслаўя на Беларускіх землях»— атрымала настаўнік вакальна-харавых дысцыплін дзяржаўнай установы адукацыі «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў», рэгент царквы святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Карэлічы Таццяна Кулак.

Таццяна Аляксандраўна адзначыла: «Дзве гадзіны праляцелі на адным дыханні. Незвычайнае выступленне ў выглядзе пясочнага шоу: рукі мастачкі на асветленым экране з насыпаным пяском пад музыку і дыктарскі тэкст ствараюць дзіўныя малюнкі, асаблівую эмацыянальную атмасферу, дзе кожнае слова пранікае прама ў сэрца.

Нягледзячы на хутказменны свет, чалавек па сутнасці сваёй застаецца ранейшым: яго гэтак жа хвалююць пытанні дабра і зла, жыцця і смерці. Яму неабходны Вера, Надзея, Любоў, Міласэрнасць, Сям’я… Чалавек павінен клапаціцца не толькі аб сваім целе, але і аб душы.

Цудоўны духоўны канцэрт падарылі семінарысты і ўдзельнікі творчых калектываў г. Слоніма.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА