Кореличчане рассуждают о том, почему сегодня важно заниматься кибербезопасностью

Чаму сёння важна займацца кібербяспекай?

Тамара МАТУСЕВІЧ,

адказны сакратар Карэліцкай раённай ветэранскай арганізацыі:

— Дасягненні навукі і тэхнікі дазволілі злачынцам выйсці на новы ўзровень. У цяперашні час частка злачынстваў адбываецца ў галіне высокіх тэхналогій — крадзеж нумароў крэдытных карт, іншых банкаўскіх рэквізітаў. Таму нам, грамадзянам пажылога ўзросту, патрэбна быць асабліва ўважлівымі, каб не стаць ахвярай кіберзлачынстваў. Каб з намі такога не адбылося, не трэба нікому даваць свой ПІН-код, не тэлефанаваць і не адпраўляць у адказ SMS  на падазроныя нумары, якія прыходзяць як быццам з банка. Пры сустрэчах з ветэранамі працы і на нарадах мы раім ім быць прадбачлівымі ў гэтым накірунку. Будзем жа пільнымі, каб абараніць сябе ад ашуканцаў.

Дар’я ЛУСТАЧ,

вядучы спецыяліст адасобленай групы (Карэліцкага раёна) ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў:

— На сённяшні дзень асноўная частка ўсіх маёмасных злачынстваў адбываецца ў сетцы інтэрнэт у сувязі з тым, што большая частка насельніцтва перастала выкарыстоўваць наяўныя грошы, а ўсё больш карыстаецца безнаяўным разлікам як спосабам аплаты тавараў і паслуг.

Злачынцы з кожным днём становяцца ўсё  больш дасканалымі, выкарыстоўваючы новыя метады для падману грамадзян. Таму сёння важна займацца кібербяспекай для таго, каб абараніць грамадзян ад уцечкі асабістай інфармацыі ў сетцы інтэрнэт, а таксама навучыць іх правільнай абароне сваіх персанальных дадзеных ад зламыснікаў.

Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА