Начальник управления образования Кореличского райисполкома Ирина Осташевич комментирует, как будет проходить вступительная кампания 2023 года

У гэтым навучальным годзе выпускнікі сярэдніх школ будуць здаваць экзамены па-новаму. Аб зменах у правядзенні выніковай атэстацыі і правілах прыёму ў вну расказвае начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч.

— У нас доўгі час існавала сістэма тэсціравання як форма кантролю пры паступленні ў вну, — кажа Ірына Валер’еўна. — Гэта была дастаткова аб’ектыўная форма кантролю, але, як сказаў Прэзідэнт, яна не дазваляла ўбачыць кожнага абітурыента. Другая прычына для перагляду формы атэстацыі — моцнае маральнае напружанне для выпускнікоў школ. Яны павінны былі здаць чатыры экзамены па завяршэнні навучання ў школе, затым напісаць яшчэ тры тэсты. Некаторыя для таго, каб мець запасны варыянт для паступлення, здавалі чатыры тэсты. У выніку выпускнік павінен быў здаць восем іспытаў. Цяпер жа выпускнікі будуць здаваць два цэнтралізаваных экзамена і адзін тэст.

Адным з новаўвядзенняў выпускной кампаніі 2023 года з’яўляецца два цэнтралізаваных экзамена, якія пройдуць у маі ў два этапы. Міністэрства адукацыі вызначыла, што на першым экзамене выпускнікі будуць здаваць беларускую альбо рускую мову на выбар. Прадмет для другога этапу вучні будуць выбіраць самастойна, у залежнасці ад таго, які прадмет з’яўляецца профільным пры паступленні.

— Для прыкладу, калі абітурыенту для паступлення ў вну неабходна здаваць фізіку і матэматыку, то на другім этапе ЦЭ ён можа выбраць любы з гэтых прадметаў, — тлумачыць Ірына Асташэвіч. — Калі, напрыклад, ён выбера матэматыку, то па фізіцы ён будзе пісаць ЦТ.

Залічэнне ў вну будзе адбывацца па сертыфікатах двух ЦЭ, аднаго ЦТ і сярэдняга бала атэстата.

Міністэрствам адукацыі дакладна вызначаны даты правядзення ЦЭ: 14 і 21 мая. Для таго, каб прыняць удзел у ЦЭ, неабходна падаць заяву дырэктару школы. Абавязковым дакументам для падачы заявы з’яўляецца пашпарт. 20 красавіка завершыцца рэгістрацыя вучняў, у выніку якой кожнаму ўдзельніку ЦЭ выдадуць пропуск. На экзамене вучням забаронена карыстацца мабільнымі тэлефонамі, іншымі сродкамі сувязі, даведнікамі. У аўдыторыю з сабою вучні могуць узяць пашпарт, пропуск, чорную ручку. Усе астатнія рэчы яны павінны пакінуць у спецыяльна адведзеных месцах.

Таксама Міністэрствам адукацыі вызначаны тры рэзервовыя дні: у маі, ліпені і жніўні.

Цэнтралізаваны экзамен будзе праходзіць у спецыяльных пунктах правядзення ЦЭ. У Карэліцкім раёне такім пунктам выбрана сярэдняя школа № 1 райцэнтра.

— Даставіць выпускніка на экзамен і прывезці яго назад — задача школы, у якой ён вучыцца, — падкрэслівае Ірына Валер’еўна.

Веды на цэнтралізаваным экзамене будуць ацэньвацца па 100-бальнай шкале. Апрацоўкай бланкаў адказаў будзе займацца Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў. Набраныя балы будуць пераводзіць у дзесяцібальную сістэму па афіцыйнай шкале РІКВ. Па выніках ЦЭ будзе выдадзены сертыфікат, які і спатрэбіцца пры паступленні ў вну. Выніковая адзнака ў атэстаце будзе залежыць ад вынікаў ЦЭ. Без вынікаў ЦЭ выпускнік не зможа атрымаць атэстат.

— На аснове гадавой і экзаменацыйнай адзнак па сярэднім арыфметычным прынцыпе будзе выводзіцца выніковая адзнака, якая і будзе занесена ў атэстат выпускніка, — кажа Ірына Асташэвіч.

Варта нагадаць, што адзінаццацікласнікі могуць паступіць у выбраную навучальную ўстанову пасля праходжання ўніверсітэцкай алімпіяды.

— 21 рэгіянальны ўніверсітэт будзе праводзіць унутраныя алімпіяды, — тлумачыць Ірына Валер’еўна. — Па выніках гэтай алімпіяды вучань, калі ён паспяхова справіўся, залічваецца ў гэты ўніверсітэт. Я б раіла адзінаццацікласнікам прыняць удзел у алімпіядах. Гэта добры шанс.

Тыя вучні, якія бяруць на прадпрыемстве мэтавае накіраванне, могуць паступіць у навучальную ўстанову па выніках унутранага экзамена, які будзе праходзіць у вуснай форме на базе вну. Гэты экзамен будзе праходзіць з восьмага па дзясятага чэрвеня, і, калі вучань справіцца з гэтым экзаменам, то будзе залічаны ва ўніверсітэт да 12 чэрвеня. Зразумела, што ў гэты час атэстата ў вучня яшчэ не будзе, таму на экзамен ён павінен узяць з сабою даведку са сваёй школы.

Яшчэ адным новаўвядзеннем з’яўляецца характарыстыка са школы, якую вучань павінен прадаставіць у вну. Характарыстыка не дае дадатковых балаў, але з’яўляецца абавязковым дакументам.

— Характарыстыка складаецца класным кіраўніком, — кажа Ірына Асташэвіч. — Яе зацвярджае педагагічны савет і падпісвае дырэктар школы.

У 2023 годзе 68 юных жыхароў раёна будуць здаваць цэнтралізаваныя экзамены. Будучыя выпускнікі ўжо выбралі прадметы, якія яны будуць здаваць. Зразумела, што адзінаццацікласнікі хвалююцца. Хочацца нагадаць ім, што галоўнае — веды, якія нікуды не знікнуць, дзе б ні праходзіў экзамен, і ў якой форме ён бы ні праводзіўся. Поспехаў ім ва ўсім!

Сяргей СТОЛЯР