Паланэз, менуэт і вальс. Баль для лепшых навучэнцаў раёна прайшоў у Мірскім замку

У рамках акцыі “Нашы дзеці” лепшых навучэнцаў раёна сабралі ў найпрыгажэйшым замку Беларусі — Мірскім — на калядны баль.

Сваіх маленькіх гасцей сустракалі гаспадары замка з рода Радзівілаў. Для ўдзельнікаў балю разыгралі прадстаўленне, галоўныя героі якога навучылі дзяцей выконваць старажытныя танцы і нават прынялі хлопчыкаў у рыцары.

Ганаровымі гасцямі балю сталі намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама старшыня РА РГА “Белая Русь” Яўген Чычкан і начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама старшыня РА РГА “Беларусі фонд міру” Ірына Асташэвіч, якія таксама павіншавалі лепшых вучняў раёна з надыходзячымі святамі і падарылі салодкія падарункі.

— Мы вельмі ганарымся тым, што вы ў нас ёсць, — сказаў Яўген Мікалаевіч. — Я жадаю вам толькі поспехаў, далейшых перамог, творчых дасягненняў. Няхай у новым годзе збываюцца самыя запаветныя жаданні і мары.

Мацвей Сазонаў вучыцца ў 8 класе Аюцавіцкай базавай школы і прызнаецца, што баль яму вельмі спадабаўся:

— Было цікавае прадстаўленне, вясёлыя акцёры. Усё было вельмі прыгожа. Спадабалася танчыць, старажытныя танцы вельмі прыгожыя.

Пяцікласніца з СШ г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай Аляксандра Марцінеўская трапіла на баль таму, што мае высокія поспехі ў вучобе.

— Мне вельмі спадабалася свята, — кажа дзяўчынка. — Тут можна адчуць сябе сапраўднай ледзі.

— Тут сабраліся самыя лепшыя вучні з кожнай школы, — сказала Ірына Асташэвіч. — Я віншую кожнага з вас з вашымі поспехамі, якія дазволілі вам быць сёння на гэтым балі. Я думаю, што ўражанні ў вас засталіся самыя прыемныя.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара