Работники Кореличского района электрических сетей в рамках акции «Наши дети» с подарками посетили две семьи

10-гадовы Уладзік Ханько з аграгарадка Палужжа ўсю раніцу з нецярпеннем чакаў гасцей: вось-вось дзверы адчыняцца і парог пераступяць татавы супрацоўнікі. Намеснік начальніка Карэліцкага раёна электрычных сетак Іван Лежань з мяшком навагодніх сюрпрызаў не прымусіў сябе доўга чакаць. У падарунак хлопчык атрымлівае акустычную сістэму з мікрафонам, настольную гульню «Марскі бой» і важкі пакет з цукеркамі. Улад задаволены: зараз сямейныя пікнікі будуць праходзіць з музыкай.

— Падарункі цудоўныя! Мы з бацькамі і малодшым братам Мікітам часта ездзім на пікнікі. Цяпер будзем слухаць на прыродзе музыку і спяваць у мікрафон. Увечары з Мікітам абавязкова згуляем у «Марскі бой», мы з ім гэтыя гульні вельмі любім. Цукеркі, вядома, падзелім.

Пра сябе Уладзік расказвае, што вельмі любіць чытаць і піша казкі. Адзін з яго твораў “Пра чароўную краіну вынаходніцтва” нават уключылі ў зборнік апавяданняў, аўтарамі якога сталі дзеці з інваліднасцю з усёй Гродзенскай вобласці. А яшчэ хлопчык захапляецца боксам: глядзіць выступленні расійскага спартсмена Юрыя Бойкі і спрабуе баксіраваць сам.

— Пісьмо Дзеду Марозу я пакуль не пісаў, — прызнаецца ён, — у мяне ўсё ёсць. Папрашу ў добрага чараўніка для сваіх родных здароўя і дабрабыту.

У гэты дзень работнікі электрасетак таксама наведалі сям’ю Платона Гомелева з аграгарадка Краснае і падарылі музычную цацку, цукеркі, спецыяльныя пасцельныя прыналежнасці, якія патрэбны ў доглядзе хлопчыка.

— Платон вельмі любіць музыку, з задавальненнем слухае гурт «Любэ», — расказвае яго мама Таццяна. — Дзякуй вялікі ўсім, хто прынёс у наш дом часцінку шчасця.

Намеснік начальніка Карэліцкага раёна электрычных сетак Іван Лежань расказвае, што энергетыкі штогод далучаюцца да дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» і акцыі «Прафсаюзы — дзецям» і дораць падарункі дзецям з інваліднасцю:

— Штогод 22 снежня, у наша прафесійнае свята, мы бываем у сем’ях нашага раёна, імкнёмся дарыць істотныя падарункі. Сродкі збіраюць члены калектыву, а таксама выкарыстоўваем прафсаюзныя ўзносы. Дарослым трэба прыкладаць максімум намаганняў, каб дзіцячыя мары збываліся і ўсмешкі асянялі іх твары.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара