Пункт погляду журналіста: «Жыві набела — і не прагадаеш!»

Нарадзіцца зімою — хіба не шчасце? Прачынаешся ў дзень нараджэння, а за акном бялютка-бялютка. Усё пакрыта навокал белым пакрывалам, і на душы неяк становіцца па-асабліваму. Ахоплівае трапяткое пачуццё — і параўноўваеш наваколле з белым лістом паперы. Крадзецца думка: вось бы пачаць пісаць новы аповед ? Глядзіш — збудуцца надзеі, і знойдзеш тое, што шукаў і чакаў ад жыцця.

Зараз яно хуткаплыннае і мітуслівае. Усе кудысьці спяшаюцца, а хтосьці, не дарабіўшы аднаго, бярэцца за другое. Усё навокал кіпіць і кружыцца, і ў гэтым кругавароце хочацца адшукаць ісціну. Вось толькі напачатку трэба спыніцца, каб задумацца аб галоўных каштоўнасцях жыцця. Ці не зіма — найлепшы час для гэтага з яе доўгімі вечарамі?
Два тыдні таму прысутнічала на раённым свяце работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Ушаноўвалі тых, хто заслужыў сваёй працай шмат увагі і павагі, узнарод і падарункаў, шчырых слоў і добрых мелодый. Іх жыцці як на далоні: з рання да вечара шчыруюць і жывуць не азіраючыся. Прафесійная дарога кожны год пачынаецца быццам з чыстага ліста паперы: вясной апускаюць зярняткі ў зямлю, каб восенню сабраць багаты ўраджай. Зімой жа зямля-матухна ідзе на спачын — і хлебаробы адпачываюць таксама ад сваіх клопатаў. Так самой прыродай спрадвеку прадугледжана ўдзячнасць ім за шчырую працу.

…»Белыя росы» — кінастужка, якую заўсёды гляджу з вялікім задавальненнем, і яна кожны раз уражвае па-новаму. У ёй адзначаю шмат карысных і павучалных крылатых выразаў. Адзін з іх мяне асабліва ўразіў і яго хочацца нагадаць. На пытанне сына: «Скажы мне, баць, як пражыць, каб не прытаміцца?» прагучаў адказ старэйшага: «Жыві як чалавек набела і ўсё». Парада слушная, праверана жыццём. Як кажуць, не адняць і не дабавіць.

Галіна СМАЛЯНКА