В Кореличах выбирали лучших молодых специалистов XXI века
Які ён, малады спецыяліст сучаснасці? Кім ён працуе? Чым захапляецца? Што яго цікавіць? Гэта высвятлялі на раённым конкурсе “Малады спецыяліст ХХІ” стагоддзя, які адбыўся на сцэне Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.
У конкурсе прынялі ўдзел самыя лепшыя і самыя актыўныя. Гэта не дзіўна. Толькі людзі, апантаныя сваёй справай сярод працоўнай руціны могуць знайсці час, каб падрыхтавацца да такога адказнага конкурсу.
І вось, калі ва ўтульнай глядзельнай залі сабраліся гледачы, якія прыйшлі пахварэць за сваіх сяброў і калег, альбо проста адпачыць і паглядзець конкурс, калі вядучыя прывіталіся з гледачамі, на сцэну выйшлі галоўныя зоркі сённяшняга вечара — канкурсанты.
Удзельнікамі конкурсу “Малады спецыяліст ХХІ стагоддзя” ў 2022 годзе сталі:
Юлія Бартош — бухгалтар КУСП “Чарняхоўскі-Агра”;
Таццяна Літвінковіч — настаўнік англійскай мовы ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір імя Сташэўскай”;
Аляксандра Дрык — выхавальнік дашкольнай адукацыі ДУА “Дзіцячы сад г.п. Мір”;
Крысціна Лаўрушчык — тэхнік-тэхнолаг Карэліцкага ўнітарнага прадпрыемства “Камбінат бытавога абслугоўвання”;
Ангеліна Хілевіч — настаўнік англійскай мовы ДУА “Жухавіцкая сярэдняя школа”;
Сяргей Шмайло — настаўнік па класе баяна Жухавіцкага філіяла ДУА “Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў”;
Максім Урбанчук — ветэрынарны ўрач СВК “Маяк-Заполле”;
Паліна Рабцава — памочнік урача па амбулаторна-паліклічнай дапамозе УЗ “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца”;
Ганна Ярмоленка — інжынер-цеплатэхнік Карэліцкага РУП “Жыллёва-камунальная гаспадарка”;
Вераніка Чэрнік-Бунас — майстар вытворчай адукацыі УА “Мірскі дзяржаўны каледж”.
У любым конкурсе ёсць удзельнікі, а ёсць тыя, хто павінен ацэньваць канкурсантаў і выносіць ім прысуд. У гэты вечар на плечы журы легла цяжкая адказнасць — уважліва сачыць за выступленнямі, ставіць свае адзнакі і, нарэшце, зрабіць свой правільны выбар і аддаць перамогу толькі аднаму. Самаму лепшаму. Членамі журы на конкурсе сталі:
Шэўка Лідзія Мікалаеўна — старшыня Карэліцкага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў;
Вадап’ян Святлана Мікалаеўна — галоўны спецыяліст арганізацыйна-кадравай работы Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта;
Клаўсуць Алена Аляксандраўна — намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце СВК “Свіцязянка-2003”;
Генадзій Мікалаевіч Карпаленка — загадчык сектарам ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта;
Старшыня журы: Чычкан Яўген Мікалаевіч — намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта.
Пасля аб’яўлення складу журы вядучыя прадаставілі слова старшыне Яўгену Чычкану.
— У залі ўсе падтрымліваюць моладзь, якая выйшла на гэтую сцэну, за што ім патрэбна выразіць вялікую ўдзячнасць, — сказаў Яўген Мікалаевіч і звярнуўся да ўдзельнікаў: — Рабяты, вам я жадаю поспеху. Мы вельмі рады вас бачыць. Мы вас яшчэ мала ведаем, але я ўпэўнены, што пасля сённяшняга канцэрту мы пазнаёмімся з вамі, з вашымі захапленнямі і талентамі.
На самім конкурсе ўдзельнікі спаборнічалі ў трох конкурсах: відэаролік “Адзін дзень з жыцця”, віктарына на веданне грамадска-палітычнага ладу Рэспублікі Беларусь, творчы конкурс “Творчасць — адлюстраванне асобы”. Акрамя гэтага, журы ацэньвала актыўнасць балельшчыкаў.
Вельмі крэатыўна падышлі ўдзельнікі да конкурсу відэролікаў “Адзін дзень з жыцця”. У сваіх работах маладыя спецыялісты паказалі свае хатнія турботы і пажартавалі над працоўнай руцінай, прадэмантравалі, як бавяць вольны час. Хтосьці з маладых спецыялістаў захапляецца музыкай, спявае, па-майстэрску чытае вершы, кагосьці цікавіць фота, а хтосьці выдатна танчыць. Сваімі талентамі ў гэты вечар канкурсанты дзяліліся з гледачамі. А тыя ў сваю чаргу, падпявалі знаёмым песням, танчылі пад музыку, запальвалі ліхтарыкі смартфонаў і, не шкадуючы сваіх далоняў і галасоў, падтрымлівалі маладых спецыялістаў.
Як слушна заўважыў Яўген Мікалаевіч, конкурс ёсць конкурс, і пераможца ў ім павінен быць адзін. Пасля выніковага этапу — віктарыны члены журы накіраваліся на нараду, падчас якой канцэртны вечар працягнуўся. Артысты эстраднага калектыву “Арт-Снеж” Аляксандр Чарапанаў, Наталля Шпакоўская, Ігар Арціменя і Ірына Бондарава не давалі гледачам засумаваць і падарылі ім свае лепшыя нумары.
Пасля нарады журы паднялося на сцэну, каб абвясціць вынікі конкурсу. Да гледачоў і канкурсантаў звярнуўся Генадзій Карпаленка:
— Дзякуй вам вялікі за тое, што прыйшлі на наша мерапрыемства. Дзякуй удзельнікам, якія, нягледзячы на хваляванне, годна прадставілі сябе. У нас, як у арганізатараў, было асаблівае хваляванне. Апошні раз раённы этап праводзіўся ў далёкім 2015 годзе, таму пачынаць зноў было складана. Мы хваляваліся, ці будзе актыўнасць з боку маладых спецыялістаў, але, калі мы ўбачылі атрыманых колькасць заявак, нас гэтая актыўнасць здзівіла. Асабліва прыемна бачыць актыўнасць балельшчыкаў. Вам асаблівыя словы падзякі, вы вельмі здзівілі. Скаладана было ацаніць канкурсантаў, выявіць лепшых, але мы пастараліся.
Пераможцамі раённага конкурсу “Малады спецыяліст ХХІ” стагоддзя 2022” сталі:
Дыпломам трэцяй ступені ўзнагародзілі ветэрынарнага ўрача СВК “Маяк-Заполле” Максіма Урбанчука;
Другое месца журы прысудзіла бухгалтару КСУП “Чарняхоўскі-Агра” Юліі Бартош;
Пераможцам конкурсу стала памочнік урача па амбулаторна-паліклічнай дапамозе УАЗ “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца” Паліна Рабцава.
Уладальнікам першых трох месцаў уручылі грашовыя прызы, а ўсе астатнія маладыя спецыялісты атрымалі дыпломы ўдзельнікаў і падарункавыя сертыфікаты. Ніхто не застаўся без узнагарод.
Відэа глядзіце ў раздзеле Shorts на нашым Ютуб канале
Сяргей СТОЛЯР
Фота і відэа аўтара