У Карэліцкім раёне на пажары сусед выратаваў жыццё двум братам

У Карэліцкім раёне аб’яўлены месячнік пажарнай бяспекі. На працягу снежня назіральныя камісіі сумесна з зацікаўленымі суб’ектамі прафілактыкі абследуюць домаўладанні грамадзян, якія злоўжываюць алкаголем. Аб гэтым намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан паведаміў на пасяджэнні рабочай групы па забеспячэнні бяспечных умоў пражывання грамадзян.

— 30 лістапада ў 21.15 паступіла паведамленне аб пажары ў жылым доме ў в. Руднікі Малюшыцкага сельсавета. Ратавальнікі-пажарныя  выявілі цела загінулага 63-гадовага пенсіянера, — расказаў начальнік РАНС Дзяніс Стадольнік.

Па словах сваякоў, у дзень трагедыі мужчына распіваў спіртное. Устаноўлена, што гарэнне пачалося з ложка, каля якога і знайшлі загінулага. Хутчэй за ўсё, мужчына курыў і заснуў з цыгарэтай, якая і стала прычынай трагедыі.

1 снежня ў 04.27 паступіла паведамленне аб пажары ў жылым доме ў в. Рап’ёва Турэцкага сельсавета. У выніку пашкоджаны дах, перакрыцце і маёмасць. На шчасце, людскіх страт удалося пазбегнуць. Праверка ўстанавіла, што ў доме жылі два родныя браты, якія распівалі алкаголь, курылі, а затым заснулі. Пажар на верандзе своечасова заўважыў сусед, які разбудзіў мужчын і ім удалося выратавацца.

У 2022 годзе на тэрыторыі Карэліцкага раёна адбылося 27 пажараў, на якіх загінулі тры чалавекі, яшчэ трое траўміраваны. За аналагічны перыяд мінулага года адбылося 37 вогненных надзвычайных здарэнняў, пяцёра загінулі, двое траўміраваны.