Уникальный хор «Радость души», в котором поют слабовидящие дети, выступил в Кореличском районе (+видео)

У Мірскім гарадскім Доме культуры адбыўся канцэрт вакальна-харавой музыкі «У чаканні цудаў». Яго выканаўца  — Экзаршы інклюзіўны хор «Радасць душы» пад кіраўніцтвам Алены Маславай.

Хор «Радасць душы» — незвычайны. Гэта адзіны ў Беларусі калектыў, у якім разам са звычайнымі дзецьмі спяваюць іх невідушчыя і слабавідушчыя аднагодкі.

Арганізатары мерапрыемства — прыход храма святога свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраско ў г. Мінску Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы і дзяржаўная ўстанова адукацыі «Мірская дзіцячая школа мастацтваў».

Арганізатар мерапрыемства, дырэктар Мірскай  ДШМ Вольга Ведзянеева паведаміла, што з Аленай Маславай знаёмы з 1994 года (разам вучыліся ў Лідскім музычным вучылішчы) і супрацоўнічаюць даўно. У 2018 годзе  Вольга Анатольеўна стала дырэктарам музычнай школы і распрацавала гуманітарны інклюзіўны праект «Мір у тваім сэрцы». У рамках  праекта стала запрашаць на мірскую зямлю гэты калектыў. Упершыню наведаўся ў лістападзе 2019 года, гэта ўжо другі візіт.

Кіраўнік Алена Маслава працуе галоўным хормайстрам Прыхода храма святога свяшчэннамучаніка  Уладзіміра Хіраско ў г. Мінску. Яна педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, пераможца гарадскога конкурсу «Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы», уладальнік гран-пры Міжнароднага конкурсу адукацыйных практык «Інклюзіўныя практыкі будучага: ідэі, даследаванні, інавацыі» (Грузія), сузаснавальнік Міжнароднага дабрачыннага фонду народнага артыста Расіі Юрыя Розума, лаўрэат прэміі «Чалавек безбар’ернага асяроддзя-2019».

У рэпертуары хору — свецкая духоўная музыка, калядныя песнапенні,  творы сучасных кампазітараў, апрацоўка сучасных народных песень.

— У калектыве каля 50 удзельнікаў розных узростаў, — дзеліцца хормайстар Алена Новікава. — Мы бываем у розных гарадах Беларусі, Грузіі, Расіі, Польшчы. Прыехалі ў г.п. Мір, які вядомы сваім старажытным замкам. Мы любім напаўняцца ўнутрана, дзецям цікавая сама атмасфера і зносіны паміж сабою, яны знаёмяцца з Радзімай і яе знакамітымі мясцінамі.

Я лічу, што няма неталенавітых дзяцей. Дзеці з асаблівасцямі зроку маюць добры музычны слых, а ноты чытаюць пальцамі.

Пра сябе Алена расказала, што яна з’яўляецца вучаніцай  Алены Маславай. Закончыла Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Вядзе ў хоры вакальныя заняткі. «Для мяне праца ў радасць. Я не заўважаю часу. Праз музыку можна дакрануцца да душы, данесці сутнасць і сэнс твора», — адзначыла суразмоўца.

…І яе словы не разышліся са справай. Трэба было чуць выступленне інклюзіўнага хору, і радасцю напоўніла душу ў пераднавагоднія і Калядныя святы. Музыка зачароўвала, рабіла з намі сапраўдныя цуды, такая ў яе сіла. Вось такую добрую справу зрабілі арганізатары мерапрыемства:  у адных была магчымасць паказаць свае таленты, у другіх адчуць радасць ад іх выканання.

— Сустрэча чароўная. Хутка наступяць навагоднія святы. Мы ўжо ствараем цуды, а яны побач, і гэта радасць, — адзначыла Алена Маслава.

Падчас правядзення сустрэчы Падзячнымі пісьмамі Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы адзначаны дырэктар Мірскай дзіцячай школы мастацтваў Вольга Ведзянеева і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама.

Загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Генадзій Карпаленка прывітаў гасцей на мірскай зямлі і выказаў удзячнасць за іх  імкненні падарыць карэліччанам радасць. Ім гэта ўдалося зрабіць — мелодыі глыбока краналі душы слухачоў.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ