Карэліччане расказалі, якімі месцамі ў раёне ганарацца
Вольга ВАЎЧОК,
настаўнік геаграфіі, кіраўнік школьнага гісторыка-краязнаўчага музея «Спадчына» ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы»:
— Карэліцкі раён — гэта прыгожы куточак Беларусі з вялікай разнастайнасцю як прыродных, так і гістарычных мясцін. У які б аграгарадок ці нават маленькую вёску ні накіраваліся, напэўна, усюды будзеце здзіўлены. Прырода раёна цудоўная: чысцейшыя азёры і рэкі, лясы, зялёныя палі.
На карэліцкай зямлі ёсць нямала месцаў, якія звязаны з Вялікай Айчыннай вайной, і якія трэба ведаць, схіліць галаву перад памяццю воінаў-вызваліцеляў ці ўшанаваць хвілінай маўчання мірных жыхароў — ахвяр нацыстаў. Адным з такіх памятных месцаў для маёй сям’і з’яўляецца мемарыяльны комплекс «Зорка» ў г.п. Карэлічы, дзе на адной з трохгранных бетонных стэл ёсць імя майго прадзядулі Машчара Васілія Антонавіча. Туды я пастаянна прыходжу са сваімі дзецьмі — 10-гадовай дачкой Янай і 5-гадовым сынам Кірылам.
Наталля КАЗАРЭЗ,
метадыст дзяржаўнай установы культуры «Карэліцкая раённая бібліятэка»:
— Карэліччына — мілы сэрцу родны край. Мая другая радзіма. Шмат чаго ў гэтым куточку прыгожага і запамінальнага. Але самае галоўнае і любімае для мяне на гэтым кавалачку зямлі — гэта возера Свіцязь з яго загадкавасцю і таямніцамі, з яго векавымі соснамі і дубамі, якія памятаюць сустрэчы Адама Міцкевіча і Марылі Верашчакі, якое так хораша ўслаўляецца паэтамі..
Возера дрэмле…
Вербы зялёныя
стан пахілілі
на сонную гладзь,
у постаці ціхай,
пад ночы апонаю,
сны старажытнасці сняць…
Паўлюк ТРУС, «Над возерам».
Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА