4 снежня — Дзень юрыста. Аб рабоце і асаблівасцях сучаснай юрыспрудэнцыі расказвае юрысконсульт  СВК “Свіцязянка-2003”  Алена Гірза

Юрыст – агульная назва прафесіі, якая аб’ядноўвае ўсіх служыцеляў закона. Адвакат, пракурор, натарыус, юрысконсульт, працоўны або падатковы інспектар – усё гэта юрысты адпаведных спецыяльнасцей, кожная з якіх звязана з пэўнай галіной права. Граматны, высокакваліфікаваны юрыст – гэта жаданы работнік, дарадца ў любой галіне прафесійнай дзейнасці. Напярэдадні прафесійнага свята аб рабоце і асаблівасцях сучаснай юрыспрудэнцыі расказала юрысконсульт  СВК “Свіцязянка-2003”  Алена Гірза.

Малады юрысконсульт  з СВК “Свіцязянка-2003” Алена Іванаўна Гірза  родам з вёскі Міратычы, што знаходзіцца на тэрыторыі гаспадаркі. Да свайго першага  месца працы прыступіла  ў 2013 годзе пасля заканчэння ДУА “Баранавіцкі эканоміка-юрыдычны каледж”. У гэтым жа годзе паступіла на завочнае аддзяленне Гродзенскага дзяржуніверсітэта  імя Я. Купалы. У 2017 годзе атрымала дыплом з кваліфікацыяй юрыст з веданнем эканомікі.  Дзяўчыне даводзілася сумяшчаць работу з вучобай, задача была складаная, але нягледзячы на цяжкасці, яна дасягнула пастаўленай мэты. Да выбару будучай прафесіі заўсёды ставілася вельмі сур’ёзна, бо лічыць, што прафесія павінна стаць справай усяго жыцця.

– На рабоце чалавек праводзіць большую частку часу, і  важна, – як лічыць Алена Іванаўна, –  каб тое, чым займаешся, прыносіла задавальненне. А яшчэ лепш, калі абраная прафесія будзе карысная не толькі самому чалавеку, але і людзям.

– Алена Іванаўна, што для Вас было самым складаным, калі прыступілі да працы?

– Безумоўна, першы год работы на пасадзе  юрысконсульта   СВК “Свіцязянка-2003”  быў самым складаным. Кожны ведае,  што тэорыя – гэта адно, а практыка – зусім іншае.  Памятаю першыя працоўныя дні. Яны былі вельмі хвалюючымі, я  вельмі перажывала, што мне даручаць якую-небудзь справу, а я не спраўлюся,  або зададуць пытанне, а я не змагу адразу даць на яго адказ. Лічу, што мне вельмі пашчасціла ў жыцці, бо прыступіла да працы ў гаспадарцы ў той час, калі кіраўніком быў Уладзімір Арсенцьевіч Галавач. Гэта быў высокаадукаваны  чалавек, які ўвесь час развіваўся, а  дзякуючы яму, развівалася і  я.  Ён заўсёды ставіў новыя  мэты і прыкладаў усе намаганні для іх дасягнення. Памятаю, з’явілася электронная гандлёвая пляцоўка, а нам трэба было закупіць рабатызаваныя даільныя ўстаноўкі. Як закупіць  і як аформіць,   ніхто не ведаў, і спытаць не было ў каго, бо гэта было нешта новае і нікім яшчэ нязведанае.  Праз электронную гандлёвую пляцоўку нам удалося гэта зрабіць.

– Чым Вас прыцягвае абраная прафесія?

– Юрысконсульт  – гэта ў першую чаргу самастойная праца і абавязкова самаадукацыя.  Ні адзін выкладчык  не навучыць цалкам прафесіі. Кожны дзень ты сутыкаешся з новымі задачамі, якія табе неабходна самастойна вырашаць, а гэта і ёсць самаразвіццё. Атрыманыя веды  дапамагаюць не толькі на рабоце, але і ў жыцці, гэта, напэўна, і прыцягвае. Прыемна  адчуваць сябе  упэўненай, бо заўсёды   можаш сам за сябе пастаяць.

– У чым заключаецца Ваша работа? Якія прававыя задачы Вы вырашаеце ў якасці юрыста менавіта ў гаспадарцы?

— Работа ў юрысконсульта разнапланавая, аб’ёмная, шматгранная і ўключае шэраг накірункаў, сярод якіх заканадаўчае суправаджэнне дзейнасці гаспадаркі, заключэнне шматлікіх дагавораў па куплі-продажы і на аказанне паслуг, тэндэраў, мытнае афармленне тавараў, напрыклад, насення, набытага за мяжой, аказанне работнікам гаспадаркі дапамогі пры пошуку неабходных нарматыўных прававых актаў і іншае.

– Што з’яўляецца самым складаным у Вашай прафесіі?

–   Зразумела, у кожнай спецыяльнасці ёсць свае нюансы і асаблівасці. Гэта датычыцца і юрыдычнай дзейнасці. Справа ў тым, што ў заканадаўчых дакументах часта адбываюцца змены, за якімі трэба пастаянна сачыць, трымаючы руку на пульсе часу. Аднак сёння гэта лёгка рабіць дзякуючы прававым базам у інтэрнэце. Трэба толькі мець жаданне і працаваць над сабой.

– Ці можна сказаць, што юрыст – адзін з  галоўных памочнікаў кіраўніка прадпрыемства?

–  Безумоўна.  У сучасных умовах неабходны веды нарматыўных прававых актаў, якія рэгламентуюць гаспадарчую і фінансавую дзейнасць прадпрыемстваў.  Таму кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Аляксандравіч Мяцеліца нярэдка  кансультуецца  па самых розных юрыдычных пытаннях.

– Якімі якасцямі павінен валодаць чалавек, каб атрымаць поспех у юрыспрудэнцыі, у кар’ерным росце?

–  Той, хто прысвяціў сябе юрыспрудэнцыі,  павінен імкнуцца да самаадукацыі,   валодаць уменнем працаваць з вялікімі аб’ёмамі матэрыялаў,  паколькі заканадаўства змяняецца,  быць гатовым хутка засвойваць новую інфармацыю. Не менш важныя ў нашай прафесіі чалавечыя якасці, такія як дабрыня, спагадлівасць, справядлівасць, павага.  Мой  дэвіз – “Добры юрыст – гэта не той, хто ведае на памяць усе законы, а той, хто ведае, дзе іх знайсці і правільна прымяніць”.

– Чым захапляецеся, як бавіце  вольны ад працы час?

– Нейкага пэўнага хобі ў мяне няма. Увесь свой вольны час я аддаю  сям’і, якая для мяне заўсёды надзея і апора.  Я замужам. Муж Аляксандр працуе ў Карэліцкім  РУП ЖКГ на трактары, жывём  у інтэрнаце ў райцэнтры. Выхоўваем сына Мацвея. Ён вельмі дапытлівы і яму трэба ўсё расказаць: што, як і чаму.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара