Елена Живень делится рецептом приготовления пряников

Настаўнік пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы Алена Жывень чалавек захоплены і творчы: з цеста і глазуры яна вырабляе сапраўдныя творы мастацтва. Яе вырабы не толькі вельмі прыгожыя, але і надзвычай смачныя. На персанальнай выставе ў Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці яна раскрыла сакрэты прыгатавання цеста і глазуры для пернікаў, а таксама правяла майстар-клас па іх упрыгожванні. Паспрабаваць свае сілы ў дэкоры прысмакаў змаглі як карэліччане залатога ўзросту, так і школьнікі.

Год таму рэцэпт для прыгатавання пернікаў Алена ўбачыла ў інтэрнэце, паспрабавала спячы — атрымалася. Затым пачала эксперыментаваць і нарэшце знайшла ідэальныя суадносіны інгрэдыентаў.

Для цеста трэба ўзяць 400 г мукі вышэйшага гатунку, 200 г сметанковага масла самай высокай тлустасці, 2 яйкі, 100-150 г цукру, 200 г мёду, па чайнай лыжцы молатай карыцы, кардамону, імбіру, можна ўзяць крыху гваздзікі. Спачатку трэба разагрэць цукар, мёд і спецыі і давесці да кіпення, у гарачую масу дадаць харчовую соду. Майстар кажа, што ў гэты момант па кватэры разліваецца цудоўны ні з чым не параўнальны водар. Затым дадаецца сметанковае масла. У астылую да 60 градусаў масу дадаем яйкі і муку. Характэрна, што цеста павінна паляжаць у халадзільніку не менш за суткі, каб усе інгрэдыенты, як кажа майстар, пасябравалі паміж сабой. А наогул цеста можа захоўвацца ў халадзільніку на працягу тыдня, а ў маразільніку — да трох месяцаў. На наступны дзень цеста трэба дастаць і пакінуць паляжаць пры пакаёвай тэмпературы. Затым раскатаць таўшчынёй ад 4 да 6 мм і выпякаць на працягу 10 хвілін пры тэмпературы 180 градусаў. Захоўваць пернікі трэба ў герметычна закрытым пакеце, каб яны не засохлі. Для глазуры патрэбна дробная цукровая пудра (абавязкова прасеяная), дадаць сухі яечны бялок, змяшаць усё міксерам. Можна выкарыстоўваць харчовыя фарбавальнікі. Для нанясення глазуры на пернікі трэба выкарыстоўваць спецыяльныя харчовыя пакецікі.

— Рэцэптаў пернікаў вялікае мноства, — кажа майстар, — але самае галоўнае — брацца за іх прыгатаванне трэба толькі ў добрым настроі, інакш нічога не атрымаецца.

І як доказ сказанаму Алена ўзгадвае, што першы пернік вырабіла летась для сваёй унучкі-выпускніцы. Гэта быў медаль да заканчэння сярэдняй школы, а яшчэ цэлы букет з кветак-пернікаў, якімі з задавальненнем ласаваліся аднакласнікі ўнучкі.

На выставе ў Цэнтры культуры і народнай творчасці ад разнастайнасці пернікаў разбягаліся вочы. Зайчыкі, снегавічкі, рукавічкі, домікі, ялінкі, сняжынкі — усё зроблена з густам і галоўнае з любоўю. Сюжэты для сваіх пернікаў Алена прыдумвае сама і знаходзіць у інтэрнэце.

 

— У планах — асвоіць выраб аб’ёмных пернікаў у форме посуду. Ужо зрабіла некалькі кубкаў, з якіх можна піць каву ці гарбату, а потым пры жаданні пернік можна з’есці. Атрымліваецца гарбата ўпрыкуску, — усміхаецца Алена.

На пытанне, ці стала хобі бізнесам, Алена кажа, што пакуль свае смачныя працы дорыць блізкім, аднак першы вопыт у продажы вырабаў ужо паспела набыць на фестывалі «Мястэчка» ў г.п. Мір летам гэтага года.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара