Ад прадзіва да ткацтва. Грант Прэзідэнта дапаможа адраджэнню тэхналогій традыцыйнага ткацтва на Гродзеншчыне
Грант атрымала метадыст Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.
Гродзенская ўмеліца і чараўніца ткацкага рамяства Алена Шунейка, творчасць якой занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, унікальны майстар па вырабе габеленаў. Алена Феліксаўна амаль 40 гадоў працуе ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Нягледзячы на паважаны ўзрост, яна пастаянна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы і правядзенні свят, выставак, конкурсаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, праводзіць сустрэчы з народнымі майстрамі, майстар-класы па ткацтве.
Самы галоўны занятак, якому Алена Шунейка цалкам аддае душу і сэрца, – гэта працяг ганаровай справы бацькі… Фелікс Антонавіч Шунейка ў сярэдзіне мінулага стагоддзя зрабiў вертыкальны ткацкі станок, які не мае аналагаў на Беларусі. Па сённяшні дзень умеліца творыць за бацькавымі кроснамі ў традыцыях “падвойнага і пераборнага аднабаковага” ткацтва – адзінай у сваім родзе тэхніцы. Майстар — аўтар рукатворнага шэдэўра –- маштабнага габелена ў гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі і шмат якіх іншых работ, прысвечаных Гродзеншчыне і аб’ектам культурнай спадчыны нашай краіны! Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы цэлы год будзе адведзены для рэалізацыі праекта і цыклу мерапрыемстваў па папулярызацыі элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!