Першы ў райцэнтры, трэці ў сям’і. Урачыстая рэгістрацыя нараджэння дзіцяці адбылася ў аддзеле ЗАГС Карэліцкага райвыканкама
20 студзеня ў аддзеле ЗАГС Карэліцкага райвыканкама адбылася ўрачыстая рэгістрацыя першага жыхара г.п. Карэлічы, які нарадзіўся ў сям’і Андрэя і Ірыны Худніцкіх. Маленькі Аляксандр з’явіўся на свет 12 студзеня.
Няма мацней на зямлі саюза, чым шчаслівая і дружная сям’я. Гэта і пачатак новага жыцця, і працяг прыгожага роду. Сям’я – найвышэйшае шчасце, якое можа стварыць чалавек сам. Калі ў ёй нараджаюцца дзеці – гэта шчасце ўдвая. З’яўленне чалавека – сапраўдны цуд, які ніколі не састарэе. Кожны раз нараджаецца не проста новы чалавек, нараджаецца новы дзіўны свет, непаўторны і ўнікальны. Гэтай важнай падзеі ў біяграфіі сям’і і дэмаграфічнай статыстыцы раёна надаецца вялікая ўвага.
Маленькі Аляксандр – трэці сынок у сям’і. Старэйшаму Яўгенію – 13 гадоў, сярэдняму Максіму – 9. Бацькі, Андрэй і Ірына Худніцкія, разам ужо чатырнаццаць гадоў.
Андрэй Анатольевіч працуе майстрам брыгады па рамонце вонкавага асвятлення Карэліцкага РЭС, Ірына Міхайлаўна да дэкрэтнага водпуску працавала ў ДУ «Цэнтр для забеспячэння дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый Карэліцкага раёна».
Падчас урачыстай цырымоніі начальнік аддзела загс райвыканкама Валянціна Сіўко, звярнуўшыся да бацькоў, сказала:
– Шчаслівая сям’я – гэта залог аднаго з важнейшых перыядаў чалавечага жыцця – дзяцінства. І ад таго, як яно прайшло, што ўвайшло ў розум і сэрца дзіцяці з навакольнага свету, у вырашальнай ступені залежыць, якім чалавекам вырасце немаўля. Быць бацькамі няпроста, а шматдзетнымі яшчэ складаней. Але вы не палохайцеся цяжкасцяў, аддавайце дзеткам ласку і цеплыню, і тады яны будуць адчуваць сябе любімымі, лепшымі, жаданымі. Чалавек закліканы жыць так, каб у яго розуме панавала праўда, у яго пачуццях – прыгажосць, у волі – дабрыня , а ва ўсім – боская гармонія і каханне. Хай менавіта такім чалавекам стане нованароджаны жыхар г.п. Карэлічы Аляксандр.
Радасную падзею прыйшлі падзяліць прадстаўнікі працоўнага калектыву, дзе працуе мама Ірына Міхайлаўна, і прадстаўнік Карэліцкай раённай арганізацыі РГА “Беларускі саюз жанчын” Наталля Адамцэвіч, якая ўручыла грашовыя сертыфікаты ад гэтай грамадскай арганізацыі і ад грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.
У сваю чаргу Андрэй і Ірына Худніцкія падзякавалі ўсім, хто павіншаваў з нараджэннем сыночка, і пажадалі жыхарам Карэліччыны здароўя, шчасця і любові.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара