Дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг ААТ ”ААБ Беларусбанк“ г.п. Карэлічы Наталля Альшэўская расказвае аб выніках працы за 2022 год

Першага студзеня для банкаўскіх і фінансавых работнікаў двайное свята: першы дзень Новага года і іх прафесійнае свята. Напярэдадні гэтай даты дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг ААТ ”ААБ Беларусбанк“ г.п. Карэлічы Наталля Альшэўская расказала аб выніках працы за 2022 год.

– 26 снежня мы адзначылі круглы юбілей  – 100-годдзе з дня ўтварэння ААБ Беларусбанк. Кажуць, што банкі жывуць менш, чым людзі, яны мяняюць назвы, аптымізуюцца, адбываецца зліццё, а Беларусбанк – па-сапраўднаму доўгажыхар. Менавіта ён стаяў ля вытокаў фарміравання айчыннай фінансавай сістэмы і ў ходзе ўсёй гісторыі ўдзельнічаў у рэалізацыі стратэгічных для краіны праектаў. Прайшоўшы шлях ад ашчадных кас да найбуйнейшага айчыннага крэдытна-фінансавага інстытута, Беларусбанк заслужыў рэпутацыю надзейнага, вядомага камерцыйнага брэнда і бясспрэчнага лідара рынку банкаўскіх паслуг. Мы заўсёды імкнуліся знаходзіць новыя ідэі, творча развіваць узаемаадносіны з партнёрамі, павышаць даступнасць сваіх паслуг для ўсіх катэгорый кліентаў. Праца банка для кліента нацэлена ў першую чаргу на прадастаўленне магчымасці для задавальнення патрэбаў у фінансавых паслугах на аснове высокага ўзроўню сэрвісу і паўнавартаснага набору банкаўскіх паслуг.

Так, напрыклад, калісьці даўно мы першымі пачалі прымаць камунальныя паслугі, выплачваць заработную плату праз ашчадкасы, прадастаўляць крэдыты насельніцтву, у нас з’явіліся першыя камп’ютары, банкаматы, плацежныя карткі.

Усё жыллё, пабудаванае ў г.п. Карэлічы, у  г.п.  Мір з крэдытнай падтрымкай, – гэта Беларусбанк, першая сістэма «Кліент-банк»,            «М-банкінг», «Інтэрнэт-банкінг» – таксама першымі ўвайшлі ў жыццё ў нашым банку. Усе гэтыя дасягненні – гэта дасягненні 13-тысячнага калектыву сістэмы Беларусбанка. Наш Цэнтр банкаўскіх паслуг ААТ «ААБ Беларусбанк» г.п. Карэлічы таксама ўносіць важкі ўклад у скарбонку прыбытковасці банка: з 2000 года ЦБП працуе толькі са станоўчым вынікам. З ашчаднай касы мы выраслі і пераўтварыліся ў сучасны цэнтр банкаўскіх паслуг. За дзесяцігоддзі не адно пакаленне спецыялістаў ўнесла і працягвае ўносіць годны ўклад у рэалізацыю стратэгіі дзейнасці банка нашага раёна. Мы шмат чаго дамагліся і сфарміравалі базу лаяльных і адданых кліентаў як у рознічным, так і ў карпаратыўным сегменце, стаўшы прызнаным аўтарытэтам сярод банкаў рэгіёну.

Прафесійная каманда аднадумцаў, якаснае абслугоўванне, індывідуальны падыход – вось тое, што адрознівае наш калектыў, мы ўмеем разам вырашаць няпростыя задачы і, развіваючыся і ўдасканальваючыся, дасягаць пастаўленых мэтаў. А давер, якім наш калектыў заслужана карыстаецца ў кліентаў і партнёраў, – вынік высокай кваліфікацыі, мэтанакіраванасці, энергіі і адданасці сваёй  справе. Я з упэўненасцю магу сказаць, што наш калектыў  упіша ў сваю гісторыю яшчэ мноства слаўных старонак,  прымножыць колькасць перамог і здзяйсненняў.

Напярэдадні прафесійнага свята хочацца павіншаваць усіх банкаўскіх і фінансавых работнікаў з прафесійным святам, пажадаць поспеху, дабрабыту, здароўя, аптымізму і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, а Беларусбанк як заўсёды будзе побач, побач з кожным!

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара