Как прошел первый репетиционный централизованный экзамен на Кореличчине

28 студзеня, у суботу, 68 адзінаццацікласнікаў з Карэліцкага раёна здалі рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен на базе сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы. Такая рэпетыцыя — выдатная магчымасць прайсці працэдуру экзамена ад пачатку і да канца, даведацца, як запаўняць бланк з адказамі, праверыць веды па выбраным прадмеце. Па выніках рэпетыцыйнага ЦЭ школьнікі могуць ацаніць свае шансы на экзамене.

Для здачы рэпетыцыйнага ЦЭ вучні выбралі матэматыку, гісторыю Беларусі, грамадазнаўства, хімію, біялогію і англійскую мову. Па словах начальніка ўпраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірыны Асташэвіч, большая колькасць выпускнікоў — 31 чалавек — выбралі матэматыку.

— Дзеці падавалі заяву на імя дырэктара школы, які ўсе заявы і спіс вучняў прывёз у пункт тэсціравання, адкуль пакет дакументаў у электронным выглядзе накіравалі ў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў, — расказвае Ірына Валер’еўна. — Інстытут зарэгістраваў вучняў, затым адправіў пропускі ў Карэлічы, па якіх вучні змаглі ўвайсці ў пункт здачы ЦЭ. З сабой на экзамен вучні маглі ўзяць толькі пропуск, пашпарт і чорную гелевую ручку. Тыя, хто здаваў хімію і фізіку, маглі мець з сабой калькулятар. Асабістыя рэчы, у тым ліку і мабільныя тэлефоны, вучні пакідалі ў гардэробе.

Усе школы раёна арганізавалі падвоз вучняў да сярэдняй школы № 1 райцэнтра, дзе праходзіў рэпетыцыйны ЦЭ, і дзе ў маі адбудуцца цэнтралізаваныя экзамены. Перад экзаменам кожны вучань атрымаў у сваёй установе адукацыі лёгкі сняданак. Школьнікаў суправаджаў педагог. Для настаўнікаў, якія суправаджалі вучняў, і для тых дзяцей, якія хутчэй справіліся з заданнямі, было абсталявана памяшканне для адпачынку.

— У кожным кабінеце знаходзіўся запас зменных гелевых ручак на той выпадак, калі ў кагосьці перастане пісаць свая, — адзначае Ірына Асташэвіч. — Таксама ў кожным кабінеце быў арганізаваны пітны рэжым. У кожнай аўдыторыі знаходзілася па тры педагогі. У школе арганізавалі работу паста медыцынскай дапамогі.

Усяго на рэпетыцыйным ЦЭ было задзейнічана больш чым 30 педагогаў. Для настаўнікаў гэта таксама была своеасаблівая рэпетыцыя.

Пасля здачы экзамену бланкі з адказамі адправіліся ў Інстытут кантролю ведаў. Вынікі будуць вядомыя праз два-тры тыдні.

— Адзнака за рэпетыцыйны экзамен ні на што не ўплывае, — удакладняе Ірына Валер’еўна. — Гэта адзнака для дзяцей, каб яны маглі вызначыць узровень сваёй падрыхтоўкі.

Таксама начальнік упраўлення адукацыі засяродзіла ўвагу на тым, што ўжо з першага лютага  пачынаецца рэгістрацыя на цэнтралізаваны экзамен.

Вучань СШ № 1 г.п. Карэлічы Аляксандр Худніцкі здаваў матэматыку. Юнак кажа, што да экзамена рыхтаваўся з рэпетытарам і самастойна, на экзамене не хваляваўся.

— Заданні былі нескладанымі. Былі тэмы, якія мы пакуль не праходзілі, але я думаю, што ў мяне ўсё атрымалася. Я ўпэўнены ў сабе і сваіх ведах і спадзяюся на лепшае.

Не лічыць экзамен складаным і вучаніца СШ № 2 райцэнтра Вікторыя Адамцэвіч, якая здавала біялогію.

— Не хвалявалася ні перад экзаменам, ні ў час экзамену, — кажа дзяўчына. — Экзамен прайшоў лёгка, заданні былі нескладанымі. Доўга над імі не сядзела, каб не нарабіць лішніх памылак. Я спрабавала рашаць заданні мінулагодняга ЦТ і, калі параўнаць іх з заданнямі на ЦЭ, то яны падобныя.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара