Посещают кружки и читают книги: как живет Жуховичский дом-интернат для престарелых и инвалидов

Дзяржаўная ўстанова сацыяльнага абслугоўвання «Жухавіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў», якая 11 снежня адзначыла 20-годдзе, сабрала пад дахам свайго дома тых, каму патрэбны любоў і клопат. І тут іх атрымліваюць, бо ва ўстанове працуюць нераўнадушныя людзі.

Увага і клопат — асноўныя накірункі

З дырэктарам установы Вольгай Богук  гутарым аб жыцці ў доме-інтэрнаце.  Тут знайшлі прытулак 73 чалавекі, у тым ліку  18 інвалідаў першай групы, 2-ой — 31, 3-яй — адзін. Сярэдні ўзрост  — 71 год.

Людзі ў інтэрнаце жывуць у камфортных асобных пакоях, іх кансультуе псіхолаг, праводзіцца рэабілітацыя. Па жаданні можна адправіцца ў санаторый-прафілакторый.

Па заключэнні ўрача праводзяцца заняткі па працоўнай тэрапіі з 41 пражываючым. Арганізавана гуртковая работа, праводзяцца культурна-масавыя мерапрыемствы, тэматычныя сустрэчы, канцэртныя праграмы, вечары адпачынку, выставы, наведваюцца помнікі і музеі. Пажылых людзей і інвалідаў наведваюць валанцёры Жухавіцкай СШ, святары і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.

Арганізавана чатырохразовае харчаванне па двух рэжымах: агульны і ложачны, таксама дыетычнае харчаванне. Праводзіцца С-вітамінізацыя страў.

Як адзначыла Вольга Уладзіміраўна, у доме-інтэрнаце адрамантаваны фасад будынка, набылі за кошт спонсарскіх сродкаў лесвічны гусянічны пад’ёмнік для перамяшчэння інвалідаў-калясачнікаў і ўстанавілі ценявы навес.

Здароўе — найкаштоўнейшы дар

Як патлумачыла выконваючая абавязкі старшай медыцынскай сястры Вольга Мартынчук, у залежнасці ад стану здароўя пражываючыя знаходзяцца на агульным і ложкавым рэжыме. Усе маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе. Таму ў доме-інтэрнаце арганізаваны кругласутачны пост медсястры. Дзяжурная медсястра выконвае назначэнні ўрача, а таксама аказвае неабходную даўрачэбную дапамогу. Урач-тэрапеўт рэгулярна праводзіць медыцынскія агляды.

Штогод насельнікі ўстановы праходзяць паглыблены медыцынскі агляд спецыялістамі ўстановы аховы здароўя «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца». Пры неабходнасці атрымліваюць дадатковыя кансультацыі і праходзяць абследаванні за межамі раёна ў Гродне, Лідзе, Навагрудку, Мінску.

Для якаснага аказання медыцынскай дапамогі ёсць усё неабходнае. Абсталяваны працэдурны кабінет, кабінет урача, пост дзяжурнай медсястры.

Дваццаць гадоў на адным месцы

Загадчык склада Жухавіцкага дома-інтэрната Ірына Захарчук працуе тут з 2002 года. «Дваццаць гадоў таму тут быў пусты будынак. У хуткім часе было закуплена ўсё неабходнае для дзейнасці ўстановы. Калгас імя Жалезняковіча дапамог з мэбляй і пасцельнымі прыналежнасцямі. Затым быў набыты УАЗік, і паступова жыццё ва ўстанове закруцілася», — успамінае жанчына.

Ірына Канстанцінаўна зазначае, што за дваццаць гадоў функцыянавання ўстановы адбыліся змены. Па-першае, мянялася колькасць пражываючых: з 55 вырасла да 100. Па-другое, умовы пражывання з кожным годам паляпшаюцца. Па-трэцяе, на складзе ёсць усё неабходнае для добрага функцыянавання дома-інтэрната і жыцця яго насельнікаў: ад шкарпэтак да галаўных убораў, ад пасцельнай бялізны да сродкаў гігіены.

Як лічыць загадчык склада, хоць яе работа звязана з прадуктамі харчавання і неабходнымі прыналежнасцямі, але ўжо  настолькі прывыкла да працы ў доме-інтэрнаце, што змагла  б клапаціцца пра інвалідаў. Субяседніца нагадала пра тых, хто працуе два дзесяцігоддзя ва ўстанове: гэта  загадчык гаспадаркі Іван Зімніцкі, повар Ірына Канатко, санітаркі Ніна Махахей і Наталля Грыцук, рабочая па мыцці і рамонце спецадзення Ларыса Зубовіч.

Шчыры і адкрыты

Гутарка з жыхаром дома-інтэрната, інвалідам дзяцінства Аляксандрам Максімовічам атрымалася шчырай і адкрытай. Сам ён родам з Ашмянскага раёна. У Жухавічах жыве з 2017 года. Калектывам задаволены — абслугоўваючы персанал уважлівы і добразычлівы, на любую просьбу адгукаецца. Харчаванне чатырохразовае і разнастайнае.

— Па магчымасці стараюся і я дапамагчы, — прызнаецца Аляксандр. — Вось пачысціў прылягаючую тэрыторыю ад снегу — добрую справу зрабіў і размяўся.

Паведаміў пра тое, што ўдзельнічае ў многіх гуртках, якія арганізаваны ў доме-інтэрнаце, чытае вершы, кнігі, газеты, спявае, іграе ў шашкі. «Мне тут падабаецца», —  адзначае Аляксандр Максімовіч і дадае, што для гэтага яшчэ самому трэба імкнуцца жыць змястоўным жыццём і захоўваць правілы ўнутранага распарадку. Адным словам, быць актыўным і дысцыплінаваным, і тады ўсё атрымаецца.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ