Ізумруднае вяселле. 55 год Соф’я Фёдараўна і Васілій Дзмітрыевіч Конюх з вёскі Браносава жывуць душа ў душу

Больш паўстагоддзя разам  — узнагарода лёсу. Каб з гадамі не страціць вялікага пачуцця, трэба моцна кахаць. Даражыць кожным днём і ў яго імгненнях знаходзіць радасць. Шмат працаваць, у зробленым бачыць сэнс жыцця. Усю сваю любоў падарыць нашчадкам.

Соф’я і Васілій пазнаёміліся ў Турэцкай вячэрняй школе 1 верасня 1967 года, а праз год пажаніліся.

— Мой абраннік у маладосці быў вельмі прыгожым. Я моцна закахалася, але свайго пачуцця не паказвала, — прызнаецца жанчына і канстатуе той факт, што ён быў дужым і мускулістым, хрысціўся гірай вагой у 32 кілаграмы.

Карэліччына для сям’і Конюх — маленькая радзіма, любоў да якой   пранеслі праз усё жыццё. Васілій Дзмітрыевіч родам з вёскі Браносава. Працаваў газаэлектразваршчыкам у Карэліцкай сельгастэхніцы і калгасе імя Чарняхоўскага. Соф’я Фёдараўна — ураджэнка вёскі Лядкі. Пасля заканчэння мясцовай школы засталася ў родных мясцінах.  Была піянерважатай у Пагарэлкаўскай сярэдняй школе і сакратаром камсамольскай арганізацыі калгаса імя Чырвоных партызан. Выйшла замуж, выхоўвала дзяцей. Працавала звеннявой па лёне ў мясцовай гаспадарцы і на свінаферме вёскі Браносава.

— Жыццё ўдалося, — сцвярджае  жанчына. —  Я ўдзячна мужу за чулыя адносіны да мяне і маіх родзічаў. Добры па натуры, ён  рады іх прыезду і заўсёды падтрымае. Наш дом прасторны, і ў ім усім хапае месца. У хаце іншы раз збіраецца да дванаццаці-трынаццаці чалавек, і такія сустрэчы толькі ў радасць.

 У сям’і Конюх асабліва радуюцца, калі прыязджаюць дзеці і ўнукі. Дачка Таццяна жыве ў сталіцы, яна абрала будаўнічую прафесію. Сын Дзмітрый звязаў свой лёс з горадам Баранавічы, ён дальнабойшчык. Бацькі  чакаюць іх з нецярпеннем, а таксама чатырох унукаў і трох праўнукаў, якіх моцна любяць і якія саграваюць іх сэрцы.

У вёсцы Браносава прадаўжаюць дыміцца каміны дамоў. Жыццё тут ідзе сваёй чаргой. Аўтамагазін наведваецца два разы ў тыдзень. Тавар у   асартыменце, можна не толькі адразу купіць, але заказаць неабходнае.

— Мы жывем вельмі дружна і радуемся новаму дню, — гавораць Соф’я Фёдараўна і Васілій Дзмітрыевіч. — Пенсіі рэгулярна плацяць, ёсць на стале хлеб і да хлеба, дзеці і ўнукі часта наведваюцца — а што большага трэба для простага людскога шчасця? А яшчэ нашу душу саграваюць добрыя ўспаміны пра мінулае. У той час трыццаць чалавек выходзіла на паляводчыя работы ў калгас. Працавалі ў полі і песні спявалі — было вельмі весела. Наша фальклорная група выступала ў Турцы, Карэлічах, Міры. Цудоўны быў час, ёсць што ўспомніць. Жыццё ж  прадаўжаецца…

Галіна СМАЛЯНКА