У Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці зладзілі свята «З Калядамі!»
6 студзеня. А 15 гадзіне ў выставачнай зале Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці праводзілася свята «З Калядамі!». Фальклорная гасцёўня расчыніла свае дзверы, і сюды завіталі як прадстаўнікі маладога, так і сталага ўзросту. Ладзілі яго самі гаспадары, работнікі культуры, якія імкнуліся падарыць гасцям радасць сустрэчы.
У імправізаванай хатцы — абраз, пакрыты вышытым рушніком. На святочным стале выстаўлены пачастункі: мёд, хлеб, сала, рулет, капуста, куцця, квас, яблыкі. Усё гэта настройвае на пазітыўны лад у чаканні сапраўднага свята.
Вядучыя Рыта Ганікевіч і Аляксей Тананка бяруць слова. Высвятляецца, што слова «Каляды» ці часам «Коляды» мае дахрысціянскае паходжанне. У старажытным Рыме Календамі называлі першы дзень кожнага месяца, адсюль паходзіць слова «каляндар».
Урачыстая вячэра перад Калядамі называецца куццёй. Куцця — гэта таксама страва з абтоўчаных ячных крупаў, або, як кажуць у народзе, «з панцаку». Валянціна Фурс паведала, якія традыцыі святкавання Калядаў бытавалі ў яе сям’і: «У дзяцінстве самае вялікае свята — Нараджэнне Хрыстова. Святочны настрой панаваў з раніцы, а ў 18 гадзін у сям’і на куццю накрывалі стол. На яго клалі сена, засцілалі абрусам, ставілі стравы. Кісель рыхтавалі з геркулесу, таксама рабілі квас. На расоле з квашанай капусты і з грыбамі варылі смачную страву. Вельмі любілі яешню з макам. Пасля частавання абрус і сена збіралі са стала і імі накрывалі ўжо стол на другую куццю 13 студзеня, пасля гэтага сена аддавалі карове».
Свята суправаджалася гумарам і весялосцю. Гасцям былі прапанаваны дзве гульні: «Гарлачы» і «Сядзі, сядзі, Яшчур», у правядзенні якіх яны прынялі актыўны ўдзел. Твары вядучых і ўдзельнікаў свяціліся радасцю.
Прапануецца і калядная гульня-варажба. Запрашаюцца для ўдзелу пяць дзяўчат, у каго ёсць на пальцах пярсцёнкі. Іх кідаюць у міску і перамешваюць. Кожная выбірае пярсцёнак і выказвае пажаданне яе ўладальніцы. Гучаць пажаданні здароўя, даўгалецця, весялосці, радасці, шчасця, і каб усе мары здзейсніліся. Затым прапануецца паўдзельнічаць яшчэ ў адной гульні-варажбе, і яны згаджаюцца. Прадметы, якія ляжаць ў талерках пад сурвэткамі, паведалі аб будучым: рубель, хлеб, пярсцёнак, кніга, лялька. Ад такіх «сюрпрызаў» твары ва ўдзельнікаў свяціліся: год абяцае быць паспяховым.
Яшчэ адна адметнасць свята — калядаванне. У тыя часы вяскоўцы перапраналіся і абыходзілі ўсе двары, калядоўшчыкаў чакалі ў кожнай хаце. Вось на гэтае свята яны таксама завіталі. Сярод іх — Правадыр, Каза, Механоша, Зорканоша, Цыган, Мядзведзь. Яны спяваюць песню «На Нова лета хай родзіцца жыта…» «Мы да вас ідзём, Каляду нясём. Каб скацінка вадзілася, а ў полі жыта і пшаніца каласіліся!» — гаворыць Правадырша. Яе дапаўняе Механоша: «Сёння мы да вас прыйшлі, мех вялікі прыняслі! Каб вы нас пачаставалі, шмат чаго падаравалі». Зорканоша адзначае, што «багата куцця на стале» і жадае, каб «гаспадыні Бог шчасця дае»…
Затым Правадырша апавядае аб тым, што «мы да вас прыйшлі і Казу прывялі, і што яна ўстала, трэба ёй сала, хлеба, грошай». Усё гэта даюць Казе, бо яна добра скакала.
Гучыць віншаванне ад Цыгана:
«Каб гусей былі чароды,
Свінні тлустае пароды.
Авечкі каб пладзіліся на дублёнкі
Для каханкі і для жонкі…»
Правадырша дабаўляе пажаданні: «Каб капуста была са скваркай тлустай, а да яе і хлеба луста. І на ўнукаў хата хай заўжды будзе багата».
Цыган пацікавіўся ў гаспадынькі, ці ёсць у яе карова. Атрымаўшы станоўчы адказ, прапанаваў мяняцца і Мядзведзю паказаць сваё майстэрства.
У рэшце рэшт, яна дала Мішцы цэлую калоду мёду, а карову сваю не аддала.
Запрасіла гасцей за багаты стол пачаставацца куццёй і рознымі стравамі. Госці падзякавалі за пачастункі і пажадалі «мець усяго даволі, а бяды ніколі».
Напрыканцы свята старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Валянціна Кошур выказала пажаданні з нагоды Новага 2023 года і Калядаў: «Няхай у кожным доме не патухне ачаг любові, дабрабыту, дастатку, і каб усе жылі ў акружэнні родных і блізкіх. Мяккай пушыстай зімы і ападкаў у выглядзе шчасця! Няхай Гасподзь пашле міру на зямлі!»
Галіна СМАЛЯНКА
Фота і відэа Сяргея СТОЛЯРА