У Карэлічах прайшла чарговая сустрэча членаў клуба «Малады спецыяліст»
27 снежня Карэліцкі раённы маладзёжны цэнтр у чарговы раз сабраў на пасяджэнне клуба “Малады спецыяліст” тых, хто нядаўна прыехаў на першае месца сваёй працы. Гэта моладзь розных спецыяльнасцей, у якой ёсць усе магчымасці зарэкамендаваць сябе выканаўчымі, ініцыятыўнымі работнікамі.
У такім фармаце сустрэч маладыя людзі маюць магчымасць абмеркаваць актуальныя праблемы развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці, адукацыі, медыцыны і сацыяльнай сферы, аплаты працы, кадравай палітыкі. Нядаўнія выпускнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў атрымліваюць кваліфікаваную кансультацыйную дапамогу і вычарпальныя адказы на пытанні, якія іх цікавяць. А самае галоўнае, яны маюць магчымасть пазнаёміцца, падзяліцца сваімі ўражаннямі і планамі на будучае.
Несумненна, моладзевая палітыка з’яўляецца адным з дзяржаўных прыярытэтаў, часткай ідэалагічнай працы нашага раёна. Загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Генадзь Карпаленка падвёў вынікі работы з моладдзю за год:
– На 1 студзеня 2022 года ў Карэліцкім раёне пражывае 2955 чалавек ва ўзросце 14-31 год, або 15,5% ад агульнай колькасці насельніцтва раёна. Па выніках праведзенага аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама ў верасні 2022 года сацыялагічнага даследавання, сярод моладзі раёна ва ўзросце ад 14 да 30 гадоў важнымі з’яўляюцца пытанні, звязаныя з занятасцю, здароўем, сям’ёй і адукацыяй.
Адным з прыярытэтных напрамкаў пры рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі ў Карэліцкім раёне з’яўляецца грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне. У 2022 годзе прайшло больш за 70 мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці.
Адной з форм інфармацыйнай работы з’яўляецца арганізацыя тэматычных дыялогавых пляцовак. Усяго было праведзена больш за трыццаць сустрэч у дадзеным фармаце на розныя хвалюючыя моладзь тэмы: “Моладзь у сучасных палітычных працэсах”, “Аб Усебеларускім народным сходзе, Выбарчым Кодэксе Рэспублікі Беларусь”, “Патрыятычныя ідэалы сучаснай моладзі”, “Гарантыі і правы маладога спецыяліста”, “Моладзь. Погляд у будучыню”, “Развіццё лідарскага і творчага патэнцыялу дзяцей і моладзі” і інш.
У раёне праводзіцца сістэмная работа з маладымі спецыялістамі, якія прыбылі на першае працоўнае месца. Так, у 2022 г на першае месца працы ў раён прыйшло 75 маладых спецыялістаў, з іх: 38 – з вышэйшай адукацыяй, 37 – з сярэдняй спецыяльнай. Замацаванне спецыялістаў па выніках двух гадоў адпрацоўкі на першым працоўным месцы ў Карэліцкім раёне складае 62%: з вышэйшай адукацыяй – 63%, з сярэдняй спецыяльнай – 61%. У мэтах прафесійнай адаптацыі, замацавання на першым працоўным месцы створаны клуб “Малады спецыяліст», пасяджэнні якога праходзяць штоквартальна, у тым ліку выязныя на базе арганізацый, прадпрыемстваў раёна.
У раёне склалася практыка работы дзіцячых і маладзёжных арганізацый, накіраваная на фарміравання ў маладых людзей лідарскіх якасцей, патрыятызму, палітычнай культуры і вопыту ўдзелу ў грамадскім жыцці.
Акрамя моладзевых грамадскіх аб’яднанняў, маладыя людзі прымаюць самы актыўны ўдзел у рэалізацыі сацыяльна-значных праектаў, акцый, якія ініцыіруюць вядучыя грамадскія фарміраванні нашай краіны – РГА «Белая Русь» і РА «БСЖ».
Суб’ектамі рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі нашага раёна праводзіцца пэўная работа па падтрымцы маладых грамадзян, іх сацыяльнаму станаўленню і развіццю, усебаковай рэалізацыі патэнцыялу моладзі ў інтарэсах грамадства, –прыйшоў да высновы Генадзь Анатольевіч.
Сваімі ўражаннямі аб рабоце клуба “Малады спецыяліст “ падзялілася малады ветэрынар СВК “Маяк-Заполле” Юлія Урбанчук:
— Рэгулярныя сустрэчы ў клубе, зносіны, абмен думкамі з равеснікамі дапамаглі мне паверыць у свае сілы і магчымасці станаўлення як спецыяліста. Немалаважна, што кіраўніцтва пастаянна трымае на кантролі сацыяльна-бытавыя пытанні, стварае умовы для павышэння інтэлектуальнага, прафесійнага ўзроўню, што садзейнічае у далейшым замацаванню маладых спецыялістаў на першым месцы працы. Лічу, што сельгаспрадпрыемста, на якім пашчасціла працаваць, гэта добры вопыт у станаўленні мяне як спецыяліста.
Урач-акушэр-гінеколаг УАЗ “Карэліцкая ЦРБ“ Анжаліка Лыскоўская прызнаецца, што прыехала на працу ў раён пасля заканчэння Гродзенскага ўніверсітэта, а абавязкі, ускладзеныя на яе, ёй па душы. Сама яна родам з Ліды.
На пытанне, чаму маладыя кадры неахвотна едуць у сельскую мясцовасць, адказала, што большасць выпускнікоў асядае ў гарадскіх бальніцах у надзеі на перспектыву росту. Затое той бясцэнны вопыт, які дае сельская медыцына, на яе думку, не атрымаеш больш нідзе. У Карэлічах, кажа Анжаліка, сапраўды вельмі добрая практыка, цудоўны калектыў, дзе ёсць усе магчымасці заявіць аб сабе як аб добрым спецыялісце. Добрую падтрымку бачыць дзяўчына ў сваім аднагрупніку, з якім разам даводзіцца працаваць па абранай спецыяльнасці.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара