21 февраля — День землеустроительной и картографо-геодезической службы. Заместитель начальника отдела землеустройства Кореличского райисполкома Ирина Чечётко — о профессии и семье
З нагоды прафесійнага свята журналіст раённай газеты «Полымя» гутарыць з намеснікам начальніка аддзела землеўпарадкавання Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Ірынай Уладзіміраўнай ЧАЧОТКА.
— Ірына Уладзіміраўна, якім быў шлях у гэтую незвычайную і рэдкую прафесію?
— У школьныя гады мне не давялося чуць пра геадэзію і картаграфію. Я скончыла школу з залатым медалём і прайшла субяседаванне па абранай спецыяльнасці ў Горацкай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Мне больш даспадобы былі чарчэнне і матэматыка, а ў ВНУ з першага курса пачала вывучаць іх глыбей. Вучоба падабалася, паступова пачала асвойваць спецыяльнасць.
— Як праходзілі першыя гады працы? Вы асвоіліся з абранай прафесіяй?
— Пасля водпуску па доглядзе дачкі Дар’і ў 2004 годзе прыступіла да працы ў землеўпарадкавальнай службе Карэліцкага райвыканкама вядучым спецыялістм. Затым была прызначана галоўным спецыялістам, пазней — намеснікам начальніка аддзела землеўпарадкавання. На ўсіх прафесійных прыступках імкнулася добрасумленна выконваць службовыя абавязкі, шмат працавала над сабой, павышала свой прафесійны ўзровень, шукала новыя падыходы ў рабоце з людзьмі. Работа ладзілася, і гэта прыносіла задавальненне: мая праца патрэбная людзям і грамадству.
— Вы шмат гадоў працуеце ў адным накірунку — у землеўпарадкавальнай службе. Што спрыяе паспяховай працы?
— Так, амаль дваццаць гадоў прысвяціла землеўпарадкавальнай службе.
Я люблю сваю справу і люблю выконваць складаныя задачы і даручэнні. З дня ў дзень разам са спецыялістамі аддзела выконваем законы, якія часта змяняюцца, і дапамагаем людзям у атрыманні праваўстанаўліваючых дакументаў на зямлю. Разам з тым кантралюем выкарыстанне зямельных участкаў у адпаведнасці з іх мэтавым выкарыстаннем.
Вялікую ўвагу ў сваёй рабоце надаём пытанням аховы зямель, праводзім прафілактычную работу з сельвыканкамамі па пытаннях добраўпарадкавання прысядзібных участкаў.
— У чым стрыжань Вашай працы?
— Галоўны стрыжань — рэгуляванне зямельных праваадносін. Надаём вялікую ўвагу ўліку зямель і падаткаабкладанню. Даводзіцца вырашаць пытанні зямельных спрэчак. Займаемся разглядамі зваротаў фермераў аб прадастаўленні зямлі.
— Хутка наступіць вясна. Якія пытанні давядзецца вырашаць у гэтую адказную і цудоўную пару года?
— Вясна асабліва не ўплывае на нашу працу. Мы працягваем выконваць свае прафесійныя абавязкі ў тым жа рэчышчы, вось толькі вясной больш увагі звяртаем на ўлік зямельных участкаў грамадзян, якія выкарыстоўваюцца пад пасадку сельскагаспадарчых культур.
— А дача ці прысядзібны ўчастак у Вас ёсць?
— Свайго прысядзібнага ўчастка не маю, але пастаянна наведваюся ў вёску Тарасавічы да свекрыві Надзеі Аляксандраўны, якая з’яўляецца вельмі руплівай гаспадыняй. Там разам садзім агарод і кветкі, даглядаем сад. Праца на зямлі прыносіць задавальненне і ўзнімае настрой вясной.
— Да каго Вы звяртаецеся па дапамогу ў складанай сітуацыі, каму можаце адкрыць душу і з кім побач адчуваеце сябе сабой?
— У мяне ёсць калега па працы Іна Мікалаеўна Богуш — галоўны спецыяліст аддзела. Разам мы робім агульную справу, разам адпачываем, разам бываем у гасцях і падтрымліваем адна адну ў складаных жыццёвых сітуацыях. Люблю сваіх дачок Дар’ю і Алесю, яны для мяне — узнагарода лёсу і сапраўдны скарб. У гэты спіс хачу запісаць і зяця Аляксандра, які стаў для мяне сынам, адразу ўліўся ў нашу сям’ю і для мяне ён — апора і падтрымка.
— Вы можаце назваць сябе ў нейкай ступені карэліччанкай?
— Я лічу сябе карэліччанкай, хаця нарадзілася ў Брэсцкай вобласці. У мінулым годзе споўнілася дваццаць гадоў, як тут жыву.
Люблю Карэліцкі край за яго ваколіцы і краявіды. Тут ціха і лагодна жывецца і працуецца, тут ажыццяўляю свае задумкі. Тут жывуць мае дзеці, у якіх павінна быць шчаслівае будучае.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ